Па сцвярджэнні членаў ЦВК, падставай для такога рашэння стала парушэнне выбарчага заканадаўства. Яно выявілася ў тым, што зборам подпісаў за вылучэнне Някляева займаліся непаўналетняя. Акрамя таго, Цэнтральная выбарчая камісія быццам бы завалена зваротамі абураных грамадзян, якім у паштовыя скрыні нехта кідае ўлёткі, надрукаваныя ў Расіі, у якіх ёсць заклікі падтрымаць Уладзіміра Някляева на будучых выбарах.

З гэтай нагоды вядомая “дэмакратка” старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падзялілася сваімі ведамі ў галіне медыцыны. “Тут можна гаварыць пра рэцыдыў”, — паведаміла Лідзія Міхайлаўна. І нават прызналася, што пасля такіх выкрываючых фактаў можна запраста зняць Няклева з выбарчай гонкі. Але ж “дэмакратыя” перамагла — інцыятыўная група Някляева атрымала папярэджанне, але працягвае ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

“З інспекцыі па справах непаўналетніх Заводскага РУУС Мінска паступіла інфармацыя пра тое, што ў зборы подпісаў у падтрымку Някляева прымаюць удзел непаўналетнія грамадзяне. Пры сябе яны мелі тэчкі, дзе знаходзіліся ўзоры падпісных лістоў, інструкцыю пра парадак іх запаўнення, падпісныя лісты з подпісамі выбаршчыкаў”, — дзялілася падрабязнасцямі гэтай справы сябра ЦВК спадарыня Надзея Кісялёва. Акрамя таго, яна дадала: “Яшчэ 4 кастрычніка да непаўналетніх падышоў невядомы мужчына і прапанаваў збіраць подпісы, паабяцаўшы аплаціць гэтую працу ў разліку долар за подпіс”.

Тым не менш пытанняў у гэтай гісторыі больш, чым адказаў. Альбо сам Някляеў нарываецца на зняцце з выбараў, альбо нехта выступіў правакатарам ад імя ягонай ініцыятыўнай групы. Тады як да гэтага чалавека трапілі пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы, якія пазней былі перададзены непаўналетнім? Чаму адразу пасля таго, як стала вядома аб знікненні гэтых пасведчанняў, сябры ініцыятыўнай групы не звярнуліся ў ЦВК ці праваахоўныя органы?

Кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні Уладзіміра Някляева кандыдатам у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў у размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” сказаў наступнае: “Няма ніводнага сведчання таго, што чалавек, які перадаваў непаўналетнім пасведчанні сябраў групы па вылучэнні Някляева і падпісныя лісты, насамрэч мае дачыненне да нашай ініцыятыўнай групы. Як да гэтага чалавека трапілі пасведчанні, я пакуль растлумачыць не магу, да канца тыдня мы праводзім унутраную праверку па гэтым факце. Але на тым жа пасяджэнні ЦВК мы заявілі пра тое, што частка пасведчанняў сябраў ініцыятыўнай групы была згублена. Мы лічылі, што яны пайшлі ў рэгіёны… Зараз звяраем прозвішчы, якія былі пазначаны на злашчасных пасведчаннях, і, безумоўна, гэтыя людзі будуць выключаны са складу ініцыятыўнай групы. Чаму не звярталіся па гэтым факце ў міліцыю ці ў ЦВК? Разумееце, калі ў склад вашай ініцыятыўнай групы ўваходзіць 3000 чалавек і вам вялікім стосам выдаюць розныя дакументы, то магчымы нестыкоўкі. Мы не білі трывогу, таму што спадзяваліся на людзей, якія атрымалі пасведчанні, спадзеючыся на тое, што пасля праверкі прозвішчаў на гэтых пасведчаннях людзі, якім яны не належаць, нам іх вернуць…”

Ці вытрымлівае крытыку падобнае апраўданне — пытанне адкрытае. Са слоў Андрэя Дзмітрыева вынікае, што Уладзімір Някляеў і ягоныя сапраўдныя паплечнікі сталі ахвярамі нечай нядобрасумленнасці. Аднак і ў гэтым выпадку здзіўляе “лёгкасць падыходу” каманды Уладзіміра Някляева. Усім зразумела, у якіх умовах праходзяць беларускія выбары. Што кошт кожнай памылкі апазіцыянера можа быць вельмі высокім. Але…  Праверыць, у чые рукі трапілі тыя ж пасведчанні, няхай іх і тры тысячы, — магчыма. Было б, што называецца, жаданне. У любым выпадку, пасля таго як сябры ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева закончаць унутраную праверку, “Народная Воля” вернецца да гэтай тэмы.

Дарэчы, У.Някляеў трапіў у няёмкую сітуацыю не першы раз. А тое, што паказалі па БТ, — гэта правакацыя ўлад ці на самай справе пракол тых, хто кіруе выбарчай кампаніяй паэта? Калі правакацыя — чаму не было гучных заяў, пратэстаў самога Някляева? Замоўчваннем нічога не выйграеш, шаноўны!

Поделиться: