Нясвіжчане, пасля непрацяглага ўсегарадскога абмеркавання, узяліся за справу. Заказалі праект, вызначыліся з месцам, пачалі збіраць сродкі… Мяркуецца, што фантанны комплекс зафантаніруе ўвесну, ці на пачатку лета. І месца выбрана, як падаецца. вельмі ўдалае — на ўездзе ў цэнтр «маленькага Парыжа», побач са знакамітаю Слуцкай брамай. 

Тым часам і ў самім Слуцку ў шапку не спалі. Ну як адстаць ад горада, дзе ёсць брама Слуцкая?.. А тут яшчэ набліжаецца юбілейная дата заснавання Слуцка, горада, які па ўзросце старэйшы за Маскву.І вось, нарэшце, гарадскімі ўладамі прынята рашэнне: быць у Слуцку адмысловаму фантану! Паводле слоў галоўнага архітэктара Марыны Токаравай, размесціцца ён у цэнтры горада, адразу за помнікам воіну-вызваліцелю. Цяпер «Слуцкае ЖКГ» апякуецца праектна-каштарыснай дакументацыяй, робіць усё магчымае. каб яшчэ да вясны падрыхтаваць праект і прыступіць да яго рэалізацыі. Частка сродкаў быдзе выдзелена з гарадскога бюджэта, а астатняе збяруць людзі. Нешта ахвяруюць бізнесмэны, нешта перападзе ад правядзення суботнікаў. Словам, талака. Галоўнае — управіцца да юбілея горада. Слуцакі поўныя рашучасці ажыццявіць задуманае. І калі наступным летам зноўку прыпячэ як у Афрыцы, месцічам будзе як ратавацца ад тае спёкі.
Пагаворваюць, што фантанная мода завалодала вертыкальшчыкамі ўсяе Міншчыны. Хто наступны?..