Такое рашэнне было прынята на сходзе НЛА, які прайшоў 17 кастрычніка. У ім прынялі ўдзел былыя вайскоўцы, былыя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржбяспекі, Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнага мытнага камітэта і пракуратуры. Сустаршынямі ствараемай арганізацыі сталі  афіцэр запасу МУС Уладзімір Арэстаў, афіцэр запасу КДБ Ігар Агурцоў, а таксама і афіцэр запасу Узброеных сіл Беларусі Вадзім Дзевальтоўскі.

Мяркуецца, што ў склад “Нацыянальнай лігі афіцэраў” увойдуць былыя вайскоўцы, а таксама былыя супрацоўнікі МУС, КДБ, пракуратуры і іншых сілавых структур.

На сходзе быў прызначаны прадстаўнік у адносінах с дзяржаўнымі, грамадскімі арганізацыямі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Ім стаў афіцэр запасу МУС Уладзімір Арэстаў.

“Па шчырасці, “Нацыянальная ліга афіцэраў” — гэта не новая арганізацыя, — прызнаецца карэспандэнту “Народнай Волі” Уладзімір Арэстаў. —  Мы паспрабуем увасобіць у жыццё тыя самыя мэты і задачы, якія ў свой час ставіў перад сабой зніклы міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка. Мы будзем імкнуцца дапамагаць тым афіцэрам, якія з той ці іншай прычыны апынуліся ў бядзе, адстойваць іх правы. Таксама дзейнасць нашай арганізацыі будзе скіравана на аднаўленне гонару і годнасці беларускага афіцэрства. Як бы гэта пафасна ні прагучала. Таму што ў сённяшніх сілавых структурах Беларусі сярод некаторых (далёка не ва ўсіх) афіцэраў адносіны да самога паняцця афіцэрства спажывецкія. Людзі ў пагонах могуць выканаць любы загад, забываючы пра гонар і годнасць. Так быць не павінна”.

Колькі чалавек улілося ў шэрагі “Нацыянальнай лігі афіцэраў”, Уладзімір Арэстаў не кажа: “Мы не тая арганізацыя, што агучвае колькасць сваіх сябраў. Але, паверце, у нашых шэрагах — сапраўдныя прафесіяналы, якія ў свой час былі на добрым уліку ў розных сілавых структурах”.

Яшчэ адна важная задача, якая стаіць перад “Нацыянальнай лігай афіцэраў”, — дамагчыся аб’ектыўнага расследавання спраў зніклых беларускіх палітыкаў. “Я добра ведаў Юрыя Захаранку, — прызнаецца Уладзімір Арэстаў. — Таму мы зацікаўлены ў гэтым, каб даведацца праўду аб лёсе Юрыя Мікалаевіча”.

У бліжэйшы час стваральнікі “Нацыянальнай лігі афіцэраў” паспрабуюць афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю. “Рэгістрацыйныя дакументы падрыхтаваны і хутка будуць перададзены ў адпаведныя рэгіструючыя органы”, — гаворыць Арэстаў.

Поделиться ссылкой: