Дыялог пакаленняў лепш за ўсё праводзіць у творчых абставінах. Тандэм Дранько-Майсюкоў — знакамітага паэта Леаніда і яго сына, маладога рэжысёра Васіля — працуе зараз над оперным лібрэта паводле культавага рамана Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Такі заказ яны атрымалі ад мастацкага кіраўніцтва Вялікага тэатра оперы і балета. Ёсць дамоўленасць, што музыку да спектакля будзе пісаць кампазітар Алег Хадоска. Але да гэтага пакуль далёка. Матэрыял рамана, поўны фантазіі і народнай містыкі, тым не менш не зусім оперны. Яго трэба перарабіць у драматычны твор.

—Я пішу арыі, сын сачыняе сінопсіс — я нават такога цікавага слова раней не ведаў. Так што ўсё, што вершаванае, — маё, а ўсё, што прозай, — сына Васіля, — пажартаваў Леанід Дранько-Майсюк. — Праца мяне захапіла. Ужо ёсць сем вершаў-арый. Я іх пішу нават тады, калі гуляю з сваім французскім бульдогам па Купалаўскім скверыку раніцай і вечарам. Можна казаць, бульдог сваім крокам задае мне рытм. Зробленую частку працы мы адаслалі рэжысёру Сусане Цырук, яна павінна зрабіць свае заўвагі. Потым — мастацкі савет.

Заказ на оперу па беларускай літаратуры для тэатра атрымалі таксама кампазітар Сяргей Картэс і пісьменнік Уладзімір Халіп — яны працуюць над “Ладдзёй роспачы” Ул.Караткевіча. А Юрый Траян і Аляксей Дудараў працуюць над балетам “Князь Вітаўт”, музыку да якога піша кампазітар Вячаслаў Кузняцоў.