“Нашыя” не пашкадавалі многіх дзясяткаў мільёнаў рублёў беларускіх падаткаплацельшчыкаў, каб, склікаўшы з усёй Расіі больш за сотню “акул пяра”, зваліць усю віну за катастрафічнае пагаршэнне адносін паміж дзвюма “брацкімі краінамі” на Мядзведзева і Пуціна з іх “неабдуманай бязмозглай палітыкай”. Расійскаму боку на сіметрычны адказ нашаму сённяшняму правадыру не давялося раскашэльвацца — беларускія журналісты паехалі ў Маскву за свой кошт, ніхто не рыхтаваў ім і бясплатныя апартаменты ў “Прэзідэнт гатэлі”, як і авосек на зваротны шлях. Адным словам, танна абышлася казначэйству Крамля “прэсуха” Нарышкіна з удзелам беларускіх журналістаў, дарэчы, як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ.

З першай хвіліны стала зразумела: Сяргей Яўгенавіч не столькі выказвае свае думкі, колькі рэтранслюе тое, што ў галаве яго патрона — начальніка №1 Расіі Дзмітрыя Анатольевіча Мядзведзева. І трэба адзначыць: як сапраўдны піцерскі інтэлігент і старанны выхаванец Лубянкі, са сваей місіяй ён справіўся выдатна. Ніякіх эмоцый-грымас, ніякай раздражнёнасці, ніякіх эпатажных выпадаў і абразлівых слоў. Спіч сур’ёзнага чыноўніка па сур’ёзных пытаннях. Як зазвычай водзіцца, спачатку — кампліменты краіне-суседцы, а потым размова па справе. “Белорусская сторона стала обвинять Россию в якобы нарушении принципов союзного строительства, в том, что она саботировала решение этих крупных проектов в рамках Союзного государства. В период предвыборной кампании такие обвинения и упреки в адрес российской стороны усилились. К сожалению, эти упреки в последнее время перешли на откровенную брань и даже на оскорбления в адрес российского руководства, — канстатаваў С.Нарышкін. І далей, ужо ў іншай танальнасці, працягнуў: — За надуманными предлогами мы видим не что иное, как попытки разрушить годами наработанные связи, вбить клин в дружеские отношения между нашими странами. В период предвыборной кампании белорусское руководство пытается объяснить белорусским избирателям те ошибки, те просчеты, которые делаются в социально-экономической политике Беларуси, якобы недружественными шагами со стороны России.

Я, безусловно, опровергаю эти упреки. По оценкам экспертов, за 10 лет союзного строительства объем помощи со стороны России в адрес Беларуси, особенно в части льготных поставок энергоносителей, измеряется порядка 50 миллиардами долларов…”

У каторы раз усплываюць гэтыя 50 мільярдаў долараў! Не ведаю, ці ўлічыла Расія пры гэтым тыя мільярды “зялёных”, якія яна павінна была б заплаціць за знаходжанне на беларускай зямлі іх ваенных баз, але кожны раз Масква ківае на “дабрачыннасць”, якая мае месца з яе боку пры пастаўках энерганосьбітаў Беларусі. Вось і пазаўчора мы пачулі: за 10 гадоў Расія падаравала Беларусі 50 мільярдаў долараў!

Адчуваецца, моцна абразіў Лукашэнка Мядзведзева і Пуціна, калі Нарышкін пачаў сваю сустрэчу з беларускімі журналістамі з гэтага. І, вядома ж, не мог ён не выкарыстаць момант, каб ускосна не звярнуцца да нашага правіцеля з заклікам адумацца. На яго думку, важнасць мае ўсведамленне беларускім кіраўніцтвам сваіх крокаў па дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх дачыненняў. Калі ўсведамленне адбудзецца — і на словах, і на справах, будзе выкананне ўсіх абавязкаў па падпісаных пагадненнях, то Расія таксама пойдзе насустрач.

У размову ўключыліся журналісты Беларускага тэлебачання, дзяржаўных газет. Маўляў, не трэба ўсё валіць на нашага прэзідэнта, Расія сама з’яўляецца тормазам у развіцці двухбаковых адносін. Нарышкін, здаецца, чакаў такога падвоху і дакументальна падрыхтаваўся да адказу. Ён адкінуў абвінавачанні наконт таго, што ўрадам яго краіны створана нямала бар’ераў на шляху беларускіх тавараў у Расію. У студзені—жніўні гэтага года аб’ём тавараабароту паміж дзвюма краінамі вырас амаль на 20 працэнтаў, сказаў ён. Пры гэтым беларускі экспарт падскочыў амаль на 50 працэнтаў. “Это свидетельствует о том, что препятствий или нет, или их мало”, — рэзюмаваў спадар Нарышкін.

Адбіў ён атаку журналістаў дзяржаўных СМІ і тады, калі яны рубам паставілі пытанне: чаму Смаленская вобласць атрымлівае газ па танных коштах, а для нас, беларусаў, яны паднімаюцца? Паводле слоў С.Нарышкіна, Расія дакладна выконвае ўсе ўмовы пагаднення па пастаўках газу Беларусі. Павелічэнне коштаў звязана з прывязкай іх да адпаведных каэфіцыентаў. Дзейнічаць пагадненне з шэрагам пратаколаў будзе да канца 2011 года. А затым — стол перамоў і новы дагавор. Вядома ж, не за гарамі той час, калі Беларусь будзе купляць газ у Расіі па еўрапейскіх коштах.

Журналісты незалежных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі — не адвакаты Лукашэнкі, і яны пусцілі ў ход сваю “артылерыю”. Наталлю Радзіну хвалюе магчымасць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Калі Аляксандр Лукашэнка такім чынам працягне свае паўнамоцтвы, як адрэагуе Расія? Адказ Нарышкіна:

“Безусловно, нам не все равно, кто станет президентом Беларуси. Понимая, что, действительно, выборы президента в Беларуси и вообще в любом государстве с президентской формой правления — политическое событие, которое влияет не только на внутриполитические события страны, но и на взаимоотношения с соседями, с другими государствами, и в этом смысле нам как раз не все равно”.

У той жа час С.Нарышкін зазначыў, што выбары — гэта цалкам унутраная справа Беларусі. Расія будзе ўважліва адсочваць усе этапы выбарчай кампаніі на адпаведнасць працэдур як міжнародным нормам, так і нацыянальным.

Калі так, то можна зрабіць вывад, што Расія палохае Лукашэнку тым, што калі ён не папросіць прабачэння за абразлівыя выказванні ў бок крамлёўскага кіраўніцтва, то яна сканцэнтруе ўвагу менавіта на антыдэмакратычных праявах падчас прэзідэнцкіх выбараў і не прызнае “элегантную перамогу” А.Лукашэнкі. У пошуках такіх праяў расійскія назіральнікі не стомяцца.

Хто займаецца ў Беларусі арганізацыяй выбараў? Палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, рухі? Усё схоплена ўладай. Апазіцыянераў уводзяць у мясцовыя камісіі чыста сімвалічна, для адводу вачэй.

Ці створаны механізмы па недапушчэнні махінацый падчас датэрміновага галасавання? А што з падлікам галасоў непасрэдна ў дзень выбараў? Усё будзе рабіцца так, як рабілася і пяць, і дзесяць гадоў таму?

Што і казаць, калі расійскі бок сапраўды зойме прынцыповую пазіцыю, то яму неабходна будзе чэсна адказаць як мінімум на дзясятак такіх пытанняў. Аб’ектыўнае вырашэнне задачы ўскладняецца тым, што многае ў беларускім нацыянальным заканадаўстве аб выбарах не адпавядае міжнародным дэмакратычным нормам.

У вачах многіх беларусаў Аляксандр Лукашэнка выглядае зараз ледзь не Зянонам Пазьняком, які з моладу б’ецца за суверэнітэт Бацькаўшчыны. А ці клапоціцца Расія пра нашу незалежнасць? На гэтае пытанне ў мінулым годзе адказваў Мядзведзеў. Нарышкін, можна сказаць, паўтарыў словы свайго прэзідэнта: Расія зыходзіць з таго, што незалежнасць Беларусі не падлягае сумненню. Гэтыя словы ды Богу ў вушы!

Масква не выключае кантактаў з беларускай апазіцыяй. Так, на ўдакладняючае пытанне, ці можна са сказанага ім зрабіць выснову, што ён не верыць у беларускую апазіцыю як рэальную сілу, кіраўнік Адміністрацыі Мядзведзева адказаў: “Нет, из того, что я сказал, это не вытекает”.

Я заўважыў: трафарэтнымі пытаннямі такога чыноўніка-палітыка, як Нарышкін, у кут не загоніш. І паспрабаваў падкінуць у касцёр некалькі “гаручых” пытанняў. Першае. Расійскі тэлеканал НТБ ужо пракруціў у эфіры чатыры фільмы “Крестный батька”. Высвечана нямала фактаў, звязаных з балючай для беларусаў тэмай — як знікалі адзін за адным апаненты лукашэнкаўскага рэжыму. Пасля фільмаў з’явіліся каментарыі незалежных юрыстаў, якія лічаць: паколькі ў Расіі знайшлі прытулак некаторыя з асоб, якія падазраюцца ў дачыненні да гучных крымінальных спраў у Беларусі, а другія з іх часта наведваюць Белакаменную, трэція з’яўляюцца ўскоснымі сведкамі тых падзей, якія вось ужо многія гады прыцягваюць увагу шырокай грамадскасці, і фігурантамі фільмаў “Крестный батька”, то па міжнародных нормах Расія мае поўнае права сама ініцыіраваць расследаванне гучных спраў, звязаных са знікненнем вядомых людзей Беларусі. Ці зробіць яна такі крок?

Як мне падалося, для С.Нарышкіна такое пытанне аказалася нечаканым. І адказ яго атрымаўся няўцямным: маўляў, гэта справа праваахоўных органаў. Далей яму давялося прыбегнуць да дыпламатычных здольнасцяў: кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РФ адначасова заявіў, што расійскія ўлады занепакоены выкраданнем і забойствамі лідараў апазіцыі і незалежных журналістаў у Беларусі. “Если Россия не поднимала этот вопрос ранее, это не значит, что нас этот вопрос не волнует. Он волновал нас всегда и очень волнует сейчас”, — заявіў Нарышкін, не хаваючы пры гэтым, што ў Расіі ёсць таксама “громкие дела”, расследаванне па якіх не скончана. Ён падрабязна спыніўся на некаторых з іх.

А вось на пытанне “Народнай Волі” аб тым, што, па чутках, расійскія спецслужбы маюць відэастужкі пра тое, як чынілася расправа над палітычнымі апанентамі беларускай улады, С.Нарышкін адказаў: “Я такой стужкі не бачыў”. Але і чуткі ён не абверг.

Скончылася сустрэча кіраўніка Адміністрацыі Мядзведзева з беларускімі журналістамі, якіх было больш за дваццаць, яшчэ адным пытаннем “Народнай Волі”. Прагучала яно так: “Ідэолагі, якія абслугоўваюць беларускую ўладу, на кожным скрыжаванні паўтараюць: Расія імкнецца за капейкі скупіць нашы буйнейшыя  прадпрыемствы, але Лукашэнка ёй упоперак горла, а таму ў яго сапсаваліся адносіны з Крамлём. Ці так гэта? Што, сапраўды расійскі капітал такі крыважэрны?”

Калі казаць коратка, тут развагі Сяргея Нарышкіна звяліся да аднаго: добра, калі замежныя інвестыцыі імкнуцца ў краіну, а што тычыцца таго, колькі грошай каштуе той ці іншы аб’ект, то ўсё вызначаюць рынак, перамовы… Даў зразумець: у гэтым плане Аляксандр Рыгоравіч ніякі не герой.

…Праз хвіліну-другую беларускія журналісты прама з-пад Спаскіх варот перадавалі па мабільнай сувязі ў Беларусь “гарачую інфармацыю” пра сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргеем Нарышкіным. Як быццам нічога сенсацыйнага ён не сказаў, але ж і не задумацца над многімі яго словамі нельга. На мой погляд, гэта быў дыялог Крамля не з журналістамі, а з самім Аляксандрам Лукашэнкам і яго апанентамі ў Беларусі.

Поделиться: