Паводле яго слоў, да канца гэтага года павінна быць падрыхтавана абгрунтаванне інвестыцый у будаўніцтва гэтага ўчастка. Працягласць трэцяй лініі складзе 8,4 км, у яе ўвойдуць сем станцый і электрадэпо.

Трэцяя лінія злучыць мікрараёны “Зялёны луг” і “Курасоўшчына”. Будаўніцтва электрадэпо плануецца ў раёне вуліцы Каржанеўскага каля МКАД. Раней меркавалася, што першай станцыяй будзе Каржанеўская, але з-за цяжкасцей будаўніцтва ад яе, магчыма, адмовяцца. У гэтым выпадку першай станцыяй стане “Лошыцкая”, сказаў Чаканаў. Далей будзе станцыя “Аэрадромная”, якая будзе пабудавана ў цэнтры комплексу “Мінск-сіці”. За ёй размесцяцца станцыі “Жукоўская”, “Вакзальная” з перасадкай на першую лінію, а таксама “Клары Цэткін” і “Юбілейная” — з перасадкай на другую.

На думку спецыяліста, пабудаваць першы ўчастак трэцяй лініі “будзе даволі складана”, бо станцыі плануецца будаваць глыбока — лінія пройдзе пад Лошыцкай воднай сістэмай, транспартнымі развязкамі, шчыльнай жыллёвай забудовай і чыгуначнымі пуцямі.

Кошт будаўніцтва метро складае ў сярэднім каля 45 млн. долараў за адзін кіламетр, хуткасць будаўніцтва — прыкладна 1,25 кіламетра ў год, сказаў дырэктар “Мінскметрапраекта”, паведамляе БелаПАН.

Як паведаміў начальнік УП “Дырэкцыя па будаўніцтве метрапалітэна” Павел Царук, у 2011 годзе плануецца закупіць сучасны праходчы комплекс. “Будаўніцтва трэцяй лініі без гэтага комплексу немагчымае. Хуткасць будаўніцтва з выкарыстаннем гэтага механізаванага комплексу павялічыцца ў 4-5 разоў, павялічыцца і дакладнасць будаўніцтва”, — сказаў Царук.

Ён таксама нагадаў, што ўвод у строй трох станцый метро, што будуюцца ў працяг першай лініі, запланаваны на другое паўгоддзе 2012 года, а будаўніцтва чацвёртай станцыі — “Малінаўка” — на канец 2013 года.

У перспектыве, да 2035 года, намечана будаўніцтва чацвёртай лініі метро — яна злучыць папярэднія тры і дасць магчымасць пасажырам карыстацца метро толькі з адной перасадкай.

Транспартная схема Мінскага метрапалітэна прадугледжвае працягласць усіх чатырох ліній метро на 70 кіламетраў з 56 станцыямі. Аднак, як адзначыў Царук, у схему могуць уносіцца змяненні ў залежнасці ад патрэб горада і будаўніцтва новых мікрараёнаў.

Поделиться ссылкой: