З дня трагедыі прайшло паўтара года. Але час не загаіў рану ў душы маці Яны. Неаніла Міхайлаўна (на фота) дагэтуль не можа стрымаць слёз, калі гаворыць пра дачку. “Я не веру, што Яны няма. Усё думаю, што вось зараз адчыняцца дзверы дома і яна ўвойдзе ў хату. Светлая, шчырая, жыццярадасная”, — гаворыць жанчына.

Пасля смерці Яны  Неаніла Міхайлаўна пры першай жа магчымасці накіроўваецца сюды — на могілкі ў некалькіх кіламетрах ад Салігорска. “Я заўжды размаўляю з дачкой, — скрозь слёзы расказвае Неаніла Міхайлаўна. — Перад самай яе смерцю я адчувала, што з Янай творыцца нешта не тое… Я ўвесь час прасіла яе: Яначка, не зрабі мяне сіратой… Яна спакойна адказвала: “Не хвалюйся, мама, ты сіратой не будзеш”. А потым здарылася тое, што здарылася… Я ўвесь час думаю: чаму адбылося так? Што я магла зрабіць, каб Яна жыла дагэтуль? Адказу, па шчырасці, не знаходжу. Толькі плачу…”

Мала хто ведае, але пасля таго, як супраць Яны Паляковай была ўзбуджана крымінальная справа, родныя і сябры літаральна ўгаворвалі яе з’ехаць з Беларусі, папрасіць палітычнага прытулку ў замежжы. “Дачка тады сказала, што нікуды з Беларусі з’язджаць не будзе, але і ў турму не сядзе, — працягвае маці. — Аднойчы яна мне сказала: “Мамачка, я не хачу, каб ты паўтарыла лёс Улляны Рыгораўны Захаранка, якая нават не ведае, ці жывы яе сын…”   Я зараз дакладна ведаю: дачка тут, на могілках, але ад гэтага не лягчэй…”

Нагадаем, што яшчэ напярэдадні парламенцкіх выбараў 2008 года Яна Палякова, юрыст па адукацыі, спрабавала прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія жорстка збілі яе. Але на яе скаргу аб дзейнасці ўчастковага міліцыянера раённая пракуратура дала сухі адказ: “Складу злачынства ў дзеяннях супрацоўніка міліцыі, а таксама падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы няма”.

Далей суд Салігорскага раёна прызнаў Палякову вінаватай па ч.2 арт.400 Крымінальнага кодэкса Беларусі (загаддзя лжывы данос). Пасля суда Яна сказала: “Я ніколі не буду зэчкай”. У ноч з 6 на 7 сакавіка 2009 года Палякова звяла рахункі з жыццём.

Безумоўна, адной з апошніх кропель, якая перапоўніла чашу цярпення Паляковай, стаў артыкул у газеце “Советская Белоруссия», які да глыбіні душы абразіў салігорскую праваабаронцу і яе паплечнікаў.

…Мармуровы помнік на магіле Яны Паляковай зроблены ў выглядзе галубкі — так захацела маці нябожчыцы. На ім фатаграфія: Яна — маладая, прыгожая, нескароная — усміхаецца. “Дачка любіла птушак, заўсёды з рук карміла галубоў… Зараз гэта за яе раблю я, — Неаніла Міхайлаўна змахвае слёзы, якія бягуць па шчаках. — Дапамагаць слабейшым — у гэтым дачка бачыла сваё наканаванне. Пасля школы яна завочна атрымала юрыдычную адукацыю і марыла дапамагаць людзям. Многім дапамагла, яе ведалі ў Салігорску, да яе ішлі. І зараз, калі пасля смерці дачкі прайшло столькі часу, нам працягваюць тэлефанаваць дахаты: “Алё, а Яну можна пачуць? Я трапіў у бяду…” “Яе няма”, — адказваю і толькі праз якую хвіліну магу сказаць, што дачка памерла…”

Адзін з тых, хто добра ведаў Яну Палякову, праваабаронца Алег Волчак дадае: “Такога шчырага, працаздольнага, жыццелюбівага чалавека, як Яна Палякова, яшчэ трэба было пашукаць. Яна без пытанняў дапамагала людзям, каму гэта было патрэбна. Але трагедыя сённяшняй Беларусі ў тым, што тыя, хто аддае сябе іншым, як правіла, застаецца сам-насам са сваімі праблемамі і турботамі. Калі ў Салігорску пачалося цкаванне Паляковай, гэта мужная жанчына з апошніх сіл трымалася як магла. У яе быў моцны ўнутраны стрыжань. Але пасля таго, як у дачыненні да Паляковай была ўзбуджана крымінальная справа, нешта ўнутры Яны зламалася. Жанчына не апусціла рукі, яна працягвала змагацца… Але думала адысці ад праваабарончай дзейнасці. Марыла разводзіць кветкі. У яе было так шмат планаў. Паміраць яна не хацела, гэта я ведаю дакладна…”

Салігорск.

Поделиться ссылкой: