У гутарцы з Вячаславам Оргішам Ляўковіч зноў пахваліў сённяшняга кіраўніка краіны. Нават з перамогай на выбарах паспеў павіншаваць. Дэлегаты актыўна чыталі дадзены матэрыял.

Зрэшты, Ляўковіч вырашыў за крэсла не трымацца. Сказаў, што больш балатавацца на пасаду старшыні. Прапаноўвалі яму месца намесніка, ці хаця б у цэнтральным камітэце партыі. Не, цвёрда адрэзаў Ляўковіч, буду шараговым партыйцам.

На месца пераемніка вылучыліся тры кандыдаты. Гісторык, літаратуразнаўца, адзін з ветэранаў незалежніцкага руху Анатоль Сідарэвіч, умоўна кажучы, прадстаўляў прабеларускія сілы. А вось генерал Валеры Фралоў, хутчэй, – прарасійскія. Добра памятаецца, як Фралоў на пару з Сяргеем Скрабцом ладзіў акцыі на Бангалоры ў падтрымку саюзу з Расіяй. Трэцім кандыдатам стаў прадпрымальнік з Узды Віктар Крываль.

Вёў з’езд старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. На ім быў чырвоны гальштук, такой самай колернай гамы гальштукі былі ў старшынь мінулага і будучага.

Побач з ужо вядомымі партыйцамі (Мечыслаў Грыб, Міхась Чарняўскі) на з’ездзе было дастаткова шмат і моладзі. Прычым, амаль з усіх рэгіёнаў.

Выбары старшыні адбываліся шляхам таемнага галасавання.

Прычым, галасавалі не толькі «за» пэўнага кандыдата, але і «супраць». У выніку за кандыдатуру А. Сідарэвіча прагаласавалі 35 чалавек (супраць — 33), за Фралова — 10 (супраць — 57), за Крываля — 7 (супраць — 61).

Такім чынам, Сідарэвіч набраў роўна на адзін голас больш, чым было патрэбна.

Алег Трусаў, віншуючы сп. Сідарэвіча з абраннем на пасаду, зазначыў: «Віншую з прызначэннем і раю падчас старшынства забыцца на свой кепскі характар». Трусаў зазначыў, што, нягледзячы на свае перманентныя канфлікты з Сідарэвічам, галасаваў за яго, каб уратаваць партыю.

Здавалася б, вось і новы старшыня абраны, але на гэтым жарсці толькі пачаліся. Ляўковіч ускочыў з месца і пачаў гаварыць, што не прызнае легетымнасць з’езду, бо Сідарэвіч быў выключаны з партыі. Ён забраў свае манаткі і вылецеў з залі, абяцаючы звярнуцца ў Мін’юст.

Зрэшты, далёка старшыня былы ад Сядзібы БНФ не адышоў (мо ў краму схадзіў). Бо калі абвясцілі перапынак, Ляўковіч размаўляў з Грыбам, Трусавым і астатнімі. Тыя ўгаворвалі Ляўковіча не займацца абы-чым.

Сам Сідарэвіч зазначыў, што ягоная заява аб выхадзе з партыі не была задаволеная, таму ягонае сяброўства не перапынялася.

Сідарэвіч кажа, што цяпер перад ім стаіць шмат арганізацыйнай працы. Найперш, каб наняць офіс для цэнтральнай арганізацыі, паскорыць рэгістрацыю некаторым рэгіянальным структурам.

Новы старшыня зазначыў, што трымацца пасады не будзе. «Мая справа — выхаваць новае пакаленне. Я заўсёды казаў, што буду апошнім старшынём, які не размаўляе па-англійску», — сказаў А.Сідарэвіч.

Ну і дзеля справядлівасці скажам, што абнавіць партыйныя шэрагі ўдалося. Намеснікамі старшыні сталі 25-гадовая Вольга Тыгрыцкая і 29-гадовы Ігар Барысаў, а таксама Ірына Вештард. Першым намеснікам стаў Ігар Маслоўскі з Брэста.

Што да выбараў, то ніякіх заяваў не прымалі. Партыйнага кандыдата няма, як у 2006 годзе, таму кожны працуе на таго, хто больш даспадобы.

* * *

У Беларусі дзейнічае некалькі сацыял-дэмакратычных партый: зарэгістраваныя Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды (старшыня — Сяргей Ермак), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (Станіслаў Шушкевіч) і БСДП (Грамада), пра з’езд якой тут распавядаецца.

Дзейнічае таксама аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», кіраўнік якой Мікалай Статкевіч балатуецца на пасаду прэзідэнта.

Поделиться: