На ёй спадар міністр пералічыў дасягненні Мінкульта за апошні год, а таксама паведаміў аб перспектывах развіцця сферы культуры ў Беларусі ў наступныя гады.

Галоўным дакументам, паводле якога будзе развівацца культура Беларусі ў бліжэйшыя гады павінен стаць Праект культурнага развіцця дзяржавы. Як зазначыў Павел Латушка, ён ужо прайшоў папярэдні разгляд ва ўрадзе і стрымаў станоўчыя ацэнкі. Паводле гэтага праекту, асноўнымі накірункамі развіцця павінны стаць развіццё матэрыяльнай базы, развіццё мастацкай і народнай творчасці, павелічэнне прадстаўніцтва беларускай культуры за мяжой.

Сярод галоўных праектаў — пачатак дзейнасці Інстытута беларускай культуры. Гэта мае адбыцца ў снежні 2010 году. Як паведаміў П.Латушка:

«Мы спадзяемся, што гэтая установа стае пераемніцай Інбелкульта дваццатых гадоў».

Дзейнасць установы павінна быць скіравана на развіццё беларускай культуры ва ўсіх яе праявах.

Міністр культуры таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час плануецца афіцыйна адкрыць палацава-замкавыя комплексы ў Міры (снежань) і Нясвіжы (ліпень 2011). Разам з тым, Павел Латушка зазначыў, што з дапамогай латарэі «Скарбніца»

на рэканструкцыю Наваградскага замку ўдалося сабраць толькі 100 мільёнаў рублёў.

Гэтыя грошы плануецца выдаткаваць на распрацоўку праектнай дакументацыі.

Акрамя гэтага, да значных культурных мерапрыемстваў бліжэйшай будучыні можна аднесці з’яўленне помніка Караткевічу ў Кіеве, Купалу і Коласу ў Варшаве і Скарыну ў Вільні.

Балючай тэмай для работнікаў сферы культуры застаецца пытанне заробкаў. Тут Павел Латушка таксама абнадзеіў. Акрамя ўжо адбыўшагася ў верасні павелічэння заробкаў на 15%, паабяцаў наступнае павышэнне ў лістападзе. А таксама паабяцаў актывізаваць працу над самаакупнасцю установаў культуры, што, на думку міністра, павінна станоўча паўплываць на матэрыяльнае становішча культурных работнікаў.

«Гэтыя людзі — адданыя і самаахвярныя, але іх таксама трэба падтрымліваць», — так ахарактарызаваў Павел Латушка супрацоўнікаў сферы культуры.