Самае  страшнае, што яны  далі права вяшчаць  людзям, якія на дух не пераносяць Расею, якія бяруць гранты з Еўразьвязу і ЗША, а цяпер яшчэ адзін спонсар знайшоўся — расійскі бізнэс. Нядаўна мы затрымалі іх кур’ера з 200 тысячамі даляраў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

“Народная  Воля” паспрабавала высьветліць  падрабязнасьці. Ці распачалі крымінальную  справу? Ад каго і якой арганізацыі  кур’ер вёз наяўныя грошы праз  мяжу?  

У выніку званкоў  памежнікам і мытнікам, якія нічога не змаглі паведаміць пра затрыманьне і адпаведна крымінальную справу, гэтыя пытаньні адпалі і засталося толькі адно – а ці быў увогуле нейкі кур’ер?  

Каго меў на ўвазе кіраўнік краіны, калі казаў  пра падтрымку апазыцыянера на Ўсходзе. Пад падазрэньне трапляе кожны з лідэраў апазыцыі. Натуральна, грошы патрэбныя ўсім, а заявы пра падтрымку апазыцыі іншаземнымі спонсарамі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі нашы грамадзяне чуюць ня першы раз. Толькі раней небясьпека сыходзіла з Захаду. Гэтым разам падобна на супэр змову– грошы ідуць з Расіі, але праз заходнія каналы. Падобна на тое, што ўсе варожыя сілы аб’ядналіся супраць усенародна абранага. 

Што на  гэты конт скажа патэнцыйны  кандыдат на прэзыдэнта Мікола  Статкевіч

Астапа  панесла… На жаль, рэпутацыя дзеючага кіраўніка дзяржавы такая, што да яго словаў трэба ставіцца вельмі крытычна. Я не думаю, што гэта праўдзівая інфармацыя. Папросту яго, відаць, натхніла вялікая колькасьць расійскіх журналістаў і ён пачаў творча імправізаваць. Калі б на самой справе быў затрыманы такі кур’ер, то ўлада б не прапусьціла магчымасьці паказаць яго грамадзтву, паказаць грошы, яго твар… А, паколькі нічога такога не было, то й затрыманага кур’ера ніякага й не было. Ну, захацеў чалавек зрабіць свае словы больш пераканаўчымі і перабольшыў.  

Ён адчувае, што, магчыма, нейкія грошы з Расіі  камусьці ідуць. Паколькі доказаў ён ня мае, то ён іх прыдумаў.  

БТ, калі б  была такая навіна пра кур’ера!.. Я  прыгадваю арышт Васілія Лявонава. Там нейкіх крыху больш за 100 долараў  паказалі з усіх ракурсаў ледзь не праз павелічальнае шкло. А тут 200 000. Уяўляеце які гэта аб’ём? Гэта ж чамадан грошай. Яго б круцілі ўсю выбарчую кампанію. Так што напрошваецца толькі адно пытаньне: а ці быў хлопчык?”. 

Віктар Івашкевіч  са штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саннікава выказаў сваё меркаванне: 

Адразу  хочацца сказаць: “Назавіце прозьвішчы, паролі, яўкі”. Калі на расійскам  тэлебачанні называюцца канкрэтныя прозьвішчы зьніклых і канкрэтныя падазраваныя, у тым ліку, тыя , якія зьдзейсьнілі злачынства і тыя, якія яго арганізавалі, то гэта абсалютна канкрэтна. Выказванні  Лукашэнкі абсалютна не канкрэтныя. Ёсьць кур’ер –  пакажы яго. Ёсьць  адрасат – назаві яго. Распачынай, калі ёсьць парушэнне закону, крымінальную справу, няхай суд публічна разбіраецца. Няхай прыцягнуць да следства прадстаўнікоў АБСЭ. А інакш гэта пустабрэхства”.Лідэр кампаніі “Гавары праўду” Уладзімер Някляеў, калі казаць мовай сьледчых, галоўны  падазраваны ў гэтай справе. Ператрусы, якія адбываліся на кватэрах актывістаў кампаніі, мелі мэтай знайсьці грошы. Сьледчыя забіралі з дамоў усю грашовую наяўнасьць. Нават бабуліны аблігацыі асобна правяраліся на прадмет дапамогі апазыцыянерам. 

Уладзімер Някляеў  жартуе, што, калі, сапраўды, быў кур’ер, то дзе ж тыя грошы?  

На гэтых  выбарах у адрозьненне ад папярэдніх, калі Лукашэнка заяўляў пра пагрозу з Захаду, цяпер пагроза сыходзіць з Усходу. Асноўны акцэнт ён цяпер робіць на тое, што дапамога з Расіі ідзе праз нібыта Латвію, ці праз заходнюю мяжу. Усё сьведчыць на тое, што на ўвазе маюць кампанію “Гавары праўду”. Колькі я не казаў, што ніякіх  расійскіх грошай у мяне няма  толку. Ён дае  зразумець, што ўсё ведае і  трымае руку на пульсе і, таму ніякія спробы расійскіх недругаў ня пройдуць. Ён пачынае небясьпечную гульню. Спэцслужбам можа не спадабацца, што іх умешваюць у свае гульні. Тое, што ў нас трэба шукаць расейскія грошы, мне казалі сьледчыя якія прыходзілі да нас рабіць ператрус. 

А наконт мяшку  з грашыма, то гэта такое прымітыўнае  ўяўленне ў людзей пра рух капіталу. Каб тыя людзі, якія маюць грошы, якія валодаюць рынкамі, расказалі якія сумы яны ў такім выглядзе носяць як аброк розным чыноўнікам. Вось такая ступень карупцыі. Як самі робяць, так уяўляюць пра іншых, што яны таксама так робяць.  

Ці будзеце рабіць нейкую заяву, патрабаваць расследаваньня?

Каго я  буду прасіць даследваць гэтую справу? Учора Ярмошына  прасіла Лебядзева  высветліць дзе друкавалі ў Расіі  някляеўскія ўлёткі. Дык   той  даволі суха сказаў, што ён не пошукавая  служба”. 

Вінцук Вячорка  таксама лічыць, што рабіць захады юрыдычнага кшталту  няма ніякага  сэнсу: 

Падчас  выбарчых кампаній  ніякім заявам Лукашэнкі  і ягоных людзей верыць нельга. Мы ўсе  памятаем пра пацукоў, якімі так  званая апазыцыя нібыта збіралася атруціць жыхароў сталіцы. Гэта засталося ў народнай памяці навечна ў якасьці анэкдоту. Я  думаю, што мы яшчэ будзе  сведкамі новых пастановачных  сюжэтаў, закадравых, скажоных кампутарнай  тэхналогіей глухіх галасоў розных  спэцыялістаў разнамасных спэцслужбаў. Так што да ўсяго гэтага трэба ставіцца спакойна.  

Нічога добрага  ў тым, што нехта карыстаецца  расійскай падтрымкай я ня бачу. Але рэч у тым, што гэтай  расейскай падтрымкай амаль два  дзесяцігоддзя карыстаўся без ніякіх грызотаў сумлення сам Аляксандр  Лукашэнка.           

Магчыма, пазней стануць вядомыя якія-небудзь  падрабязнасці інцыдэнта на мяжы. Памежнікі кажуць, што адсутнасьць  інфармацыі можа быць абумоўлена таямніцай  следства…

Поделиться: