Палажэнне вызначае парадак арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія». Конкурс праводзіцца ў мэтах падтрымкі тэатральнага мастацтва Рэспублікі Беларусь, стымулявання дзеячаў тэатральнага мастацтва краіны да стварэння высокамастацкіх спектакляў і акцёрскіх работ, пошуку лепшых сцэнічных работ і дзеячаў тэатральнага мастацтва, якія паказалі найбольш яркія вынікі сваёй творчай працы.

Праводзіць конкурс Міністэрства культуры Беларусі сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў», грамадскімі аб’яднаннямі «Беларускі саюз тэатральных дзеячаў» і «Беларускі саюз кампазітараў» у тэрміны, вызначаныя міністэрствам. Удзел у ім прымаюць прафесійныя тэатры Рэспублікі Беларусь розных напрамкаў і жанраў. Ад аднаго тэатра можа быць вылучаны адзін спектакль.

Конкурс праводзіцца ў два этапы па наступных намінацыях: «Лепшы спектакль», «Лепшая рэжысёрская работа», «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая жаночая роля», «Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка» (сцэнаграфія і касцюмы), «Лепшае музычнае афармленне спектакля, «Лепшая сучасная беларуская пастаноўка» (для сучасных драматургаў і (або) рэжысёраў, якія стварылі пастаноўку па твору сучаснага беларускага аўтара).

Пераможцам у намінацыі «Лепшы спектакль» лічыцца спектакль па сукупнасці творчай работы ўсіх яго стваральнікаў: рэжысёра, акцёраў — выканаўцаў галоўных роляў, мастака, балетмайстра, кампазітара. Рашэнне журы прымае тайным галасаваннем на аснове большасці галасоў. Рашэнне журы лічыцца правамерным, калі на пасяджэнні прысутнічала не менш як дзве трэці яго агульнага складу, яно афармляецца пратаколам, лічыцца канчатковым і перагляду не падлягае.

Па выніках конкурсу пераможцы кожнай намінацыі, акрамя намінацыі «Лепшы спектакль», атрымліваюць грашовую прэмію ў памеры 58 базавых велічынь. Пераможцы ў намінацыі «Лепшы спектакль» атрымліваюць грашовую прэмію ў памеры 286 базавых велічынь, яна дзеліцца на роўныя часткі паміж стваральнікамі спектакля. Арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі для пераможцаў могуць быць устаноўлены іншыя ўзнагароды і заахвочванні. Вынікі конкурсу аб’яўляюцца на ўрачыстай цырымоніі, дзе пераможцам уручаюцца грашовыя прэміі, узнагароды (статуэткі, якія сімвалізуюць конкурс), дыпломы.