Паводле яго слоў, першыя прыкметы пагаршэння гэтай сітуацыі бачны ўжо цяпер. У прыватнасці, адзначыў Бастунец, дзве недзяржаўныя газеты, якія даступныя праз афіцыйную сістэму распаўсюджвання, — “Народная воля” і “Наша нiва” — зазнаюць адміністрацыйны ціск. “Міністэрства інфармацыі за апошні год вынесла “Народнай волі” чатыры папярэджанні, а “Нашай нiве” — тры. Між тым двух папярэджанняў дастаткова, каб Мінінфарм звярнуўся ў суд з патрабаваннем аб закрыцці выданняў”, — сказаў намеснік старшыні БАЖ. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўсе астатнія недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні не маюць магчымасці распаўсюджвацца праз “Белсаюздрук” і “Белпошту”. 

Вялікія праблемы, на думку Бастунца, чакаюць таксама стваральнікаў і аўдыторыю інтэрнэт-рэсурсаў. “Ужо цяпер рэсурсы беларускага сегмента інтэрнэта падлягаюць рэгістрацыі, а кліенты інтэрнэт-кафэ — ідэнтыфікацыі. У найбліжэйшы час улада плануе ўвесці чорныя спісы інтэрнэт-рэсурсаў, якія не будуць даступныя ў дзяржаўных і адукацыйных установах”, — адзначыў намеснік старшыні БАЖ.

Паводле яго слоў, абмежаванне свабоды СМІ ў Беларусі носіць сістэматычны характар. “Але журналісты ў недзяржаўных выданнях працуюць ва ўмовах пастаяннага прэсінгу ўжо 15 гадоў. Я спадзяюся, яны будуць працаваць і надалей”, — сказаў Бастунец.

Поделиться: