Як паведамляе прэс-служба руху, сустрэчы прайшлі ў Вашынгтоне 22—24 верасня. Паездка Фінькевіча ажыццяўляецца паводле запрашэння амерыканскага боку з 20 верасня па 11 кастрычніка, паведамляе БелаПан. 

Маладзёжны лідар, у прыватнасці, сустрэўся з кіраўніком камісіі па правах чалавека кангрэса ЗША Луізай Слэйтэр, намеснікам дзяржсакратара Дэніэлам Расэлам і іншымі прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта ЗША.

Артур Фінькевіч расказаў аб палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, звярнуўшы асаблівую ўвагу суразмоўцаў на сітуацыю з правамі чалавека. Абмяркоўваліся таксама праблемы беларускага выбарчага заканадаўства і фальсіфікацыі выбараў, у тым ліку падчас датэрміновага галасавання, паведамляе прэс-служба.

Як раней перадаваў БелаПАН, 10 жніўня прадстаўнікі руху “Маладая Беларусь” падалі ў Міністэрства юстыцыі дакументы на рэгістрацыю грамадскага аб’яднання. Аднак, як паведамілі ў прэс-службе, адказу Мінюста дагэтуль няма, нягледзячы на тое, што згодна з законам на прыняцце рашэння аб рэгістрацыі даецца месяц з моманту падачы дакументаў.

Трэба адзначыць, што існуюць два рухі з назвай “Маладая Беларусь”. Акрамя згаданай арганізацыі на чале з Фінькевічам дзейнічае зарэгістраваны ў Літве рух “Маладая Беларусь” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Каспяровіча.

Поделиться ссылкой: