За апошнія два гады спартыўная “зорка” была затрымана за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане ўжо ў трэці раз. Першы раз Арамнава пазбавілі вадзіцельскага пасведчання і аштрафавалі на 400 долараў. У маі 2009 года (у другі раз) Барысаўскі гарнізонны суд з улікам прызнання віны прызначыў чэмпіёну штраф у памеры 5 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Тады ж у Арамнава адабралі і прэзідэнцкую стыпендыю, якая пасля перамогі на Алімпіядзе-2008 у Пекіне складала ні многа ні мала 15 мільёнаў 400 тысяч рублёў у месяц (каля 5700 долараў!). Спартсмену далі выпрабавальны тэрмін, паверылі ў яго і ўжо ў кастрычніку таго ж года стыпендыю Арамнаву вярнулі.

І вось — новы скандал! Як напісаў «Прессбол», Андрэй Арамнаў кіраваў аўтамабілем «Audi-ТТ», «знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення». Ад медыцынскага агляду спартсмен адмовіўся, а 9 верасня справа была перададзена пракурору для накіравання ў суд. Спартсмену пагражала нават да двух гадоў турэмнага зняволення, але рашэнне суда было іншым — штраф у памеры 10 мільёнаў 500 тысяч рублёў і забарона на кіраванне аўтамабілем на працягу 5 гадоў.

Аднак і гэта не ўсё! Высветлілася, што ў допінг-пробе Арамнава, узятай пасля чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы, што праходзіў у Мінску, знайшлі сляды марыхуаны.

Сам спартсмен, як заўжды, крыўдзіцца на ўсіх, акрамя сябе. “Не хочуць, каб я выступаў увогуле, — прыводзіць словы Андрэя belradio.fm. — У Беларусі я са сваімі месцамі і рэкордамі нікому не патрэбны! Нікому гэта не цікава. І мне таксама стала нецікава. Бо пасля таго, як я выступіў на чэмпіянаце Еўропы, я паехаў дамоў, і пра мяне забыліся. Ніводнага разу ніхто не патэлефанаваў, акрамя асабістага трэнера… А марыхуану ніколі ў жыцці не спрабаваў, кажу шчыра!” Што да кіравання аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, то тут алімпійскі чэмпіён таксама не бачыць праблемы: “Так, пра гэта я ведаю. Ну дык а што ж?.. Калі я звычайны чалавек — чаму ж мне не патрапіцца…”

Тым не менш, як стала вядома ўчора, дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі прыняла рашэнне дыскваліфікаваць за ўжыванне марыхуаны Арамнава на 6 месяцаў. І па правілах ён не зможа прыняць удзел у Алімпіядзе-2012. Дарэчы, і яшчэ дзве допінг-пробы беларускіх атлетаў далі станоўчы вынік. Бронзавыя прызёры мінскага чэмпіянату Еўропы-2010 па цяжкай атлетыцы Мікалай Чарняк і Шэмшат Туляева атрымалі па чатыры гады дыскваліфікацыі.