Ён у чарговы раз заклікаў усе дэмакратычныя сілы да аб’яднання: “Калі мы не аб’яднаемся, не аб’яднаюцца ўсе сілы: БНФ, хрысціянскія дэмакраты, сацыялісты, грамадзянская партыя, камуністы, калі мы не будзем усе разам, то паасобку ўлада ўсіх нас пераб’е”.

“Я не скажу, што вельмі імкнуся сябраваць з тымі людзьмі, якія ў нас сёння з’яўляюцца лідарамі палітычных партый і рухаў. Я прыйшоў у палітыку не для сяброўства — у мяне дастаткова сяброў. Я прыйшоў у палітыку і іду на прэзідэнцкія выбары, каб перамагчы і змяніць сітуацыю ў гэтай краіне. Калі яны хочуць дапамагчы мне і хочуць, каб я дапамог ім, няхай хутчэй возьмуцца за розум і яшчэ раз сур’ёзна перадумаюць. Калі не — то ў тым, што мы на гэтых выбарах не зрабілі ўсяго, што можна зрабіць, будзем вінаватыя ўсе разам”, — заявіў Някляеў.

Паводле яго слоў, у з’яўленні “прарасійскага кандыдата” зацікаўлена найперш беларуская ўлада. “Калі на мінулых выбарах Аляксандру Лукашэнку была патрэбна празаходняя апазіцыя і ўсё было зроблена для таго, каб гэтая апазіцыя ў вобразе Мілінкевіча на палітычным полі была, то сёлета яму патрэбна прарасійская апазіцыя. І што гэта азначае з пункту гледжання прапаганды? Тое, што Расія ўжо тут, спрабуе зляпіць з нейкага паэта свайго кандыдата, імкнецца ўлезці ў нашы ўнутраныя справы, а мы гэтага ўсяго не дапусцім. І гэта будзе кансалідацыя народа на процістаянні расійскай экспансіі”, — сказаў Някляеў.

Ён заявіў, што не можа быць прарасійскім кандыдатам па азначэнні. “Калі ў Маскве вызначаюць “прарасійскага кандыдата”, яны ўзнімаюць дасье. Што яны ўбачаць у дачыненні да мяне? Тое, што я неаднаразова спрачаўся з Лукашэнкам па пытаннях беларускай мовы і культуры і менавіта на гэтай глебе ў нас з уладай адбыўся разрыў. Усплывуць мае неаднаразовыя заявы супраць Саюзнай дзяржавы. Такі чалавек не можа быць прарасійскім кандыдатам. Гэты цэтлік навешвае менавіта беларуская ўлада”, — лічыць Някляеў.

Поделиться: