Свае пытанні кожны наведвальнік партала мог адрасаваць Канаплёву праз форум. Анансавалася, што Уладзімір Мікалаевіч даў згоду не толькі паразмаўляць на тэмы спорту і гандбола, але і адказаць на іншыя пытанні.

Зразумела, што ў Канаплёва можна шмат аб чым запытацца. І ён можа таксама шмат чаго распавесці: у першую чаргу — пра палітычнае закуліссе, а таксама пра свой, так бы мовіць, нечаканы сыход з палітычнага алімпа. Напрыклад, некаторыя інтэрнэт-рэсурсы дагэтуль узгадваюць гісторыю пра тое, як вакол дома Канаплёва ў так званым “Царскім Сяле”, што побач з хатняй рэзідэнцыяй кіраўніка дзяржавы, быццам бы дзяжурылі аўтаматчыкі.

Як гэта і многае іншае адкаменціруе сам Канаплёў?

Аднак, мяркуючы па ўсім, спадар Канаплёў слова не стрымаў. І ў тэкставай версіі ягонага інтэрв’ю з’явілася толькі адно пытанне не пра спорт. Прычым зусім нявіннае: “Вы сказалі, што федэрацыя гандбола для вас – грамадская праца. Чым вы займаецеся зараз? Засталіся ў палітыцы?”. Канаплёў адказаў: “Для мяне палітыка сёння — гэта гандбол”.

Ні на якія іншыя пытанні, што не тычыліся спорту, спадар Канаплёў не адказаў. А іх, дарэчы, было не так ужо і мала. Вось толькі некаторыя, якія дагэтуль вісяць на форуме.

Ці будзеце вы ўваходзіць у выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі?

Ці з’яўляецца на сённяшні дзень пасада старшыні федэрацыі гандбола Беларусі для вас адзіным афіцыйным месцам працы? Калі не, то дзе яшчэ працуеце?

За працу старшынёй федэрацыі грошай вы не атрымліваеце. Прабачце за нясціплае пытанне, а на што жывяце? Не падобна, каб такі мужчына, як вы, сядзеў у жонкі на шыі…

Адзін час хадзілі чуткі, што вы можаце стаць старшынёй Мінгарвыканкама. Ці ёсць у вас жаданне вярнуцца ў калідоры беларускай улады? Ці паступалі вам прапановы пра магчымыя прызначэнні?

Пасля вашага сыходу з пасады старшыні ППНС некаторыя казалі, што вы паспешна з’ехалі з Беларусі з рэчамі. Хлусяць ці ўсё ж доля праўды ў гэтым ёсць?

Ніколі не баяліся, што рана ці позна сяброўства з Аляксандрам Рыгоравічам скончыцца, і вы (не дай Бог, канешне) па нейкіх прычынах трапіце на нары?

Некаторыя наведвальнікі партала засталіся незадаволенымі: маўляў, Канаплёў — нячасты госць студыі tut.by, таму час эфіру можна было б і павялічыць. Аднак, хутчэй за ўсё, справа не ў працягласці эфіру. Апошнім часам Уладзімр Канаплёў на публіцы разважае толькі на спартыўныя тэмы. З чым гэта звязана, застаецца толькі здагадвацца…

ПРЭЗІДЭНЦКІ МАРАФОН

Некаторыя эксперты называюць асобу Уладзіміра Канаплёва ў спісе тых, хто мог бы ўзначаліць выбарчы штаб прэтэндэнта ў прэзідэнты А.Лукашэнкі. Версіі пра тое, што Канаплёў і Лукашэнка разышліся ворагамі, не вытрымліваюць крытыкі. Напрыклад, Уладзіміра Мікалаевіча і сёння можна ўбачыць на мерапрыемствах з удзелам Аляксандра Рыгоравіча. І многія вельмі здзівіліся, калі заўважылі былога спікера на прэзідэнцкім бале, які традыцыйна ладзіцца для лепшых выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.

Сярод тых, хто можа кіраваць выбарчым штабам Лукашэнкі, таксама фігуруюць прозвішчы былога дзяржсакратара Віктара Шэймана, якога падазраюць у дачыненні да гучных знікненняў, памочніка прэзідэнта па нацыянальный бяспецы Віктара Лукашэнкі, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея, а таксама пісьменніка і актывіста Мікалая Чаргінца.

Ці сапраўды многае будзе залежаць ад асобы, якая будзе кіраваць прэзідэнцкім штабам? Паразважаць над гэтым пытаннем “Тут і цяпер” папрасіла старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, які ахвяраваў сваімі прэзідэнцкімі амбіцыямі на карысць вядомага эканаміста і калегі па партыі Яраслава Раманчука.

— Шчыра кажучы, мне па барабане, хто будзе кіраваць выбарчым штабам Лукашэнкі, — гаворыць Анатоль Уладзіміравіч. — Усё роўна гэта не будзе выбарчы штаб у яго класічным разуменні. Гэта будзе нейкая галоўка на шыі чыноўніцкай вертыкалі. Усе складнікі ўжо даўно адпрацаваны — і камісіі, прапушчаныя праз сіта, і старшыні райвыканкамаў, якія, як ведаю, збіраюць сёння людзей і плачуць, нібыта Яраслаўна: маўляў, калі мы не выйграем, то ўсё рухне. Ёсць яшчэ сілавыя структуры. Напрыклад, пасля апошняй прэзідэнцкай кампаніі былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, адкрываючы помнік Дзяржынскаму, заявіў: “Гэта мы выйгралі выбары”. Таму выбарчы штаб патрэбен проста для праформы. Бо калі Лукашэнка яго не створыць, то можа скласціся ўражанне, што ён быццам бы па-сапраўднаму і не ўдзельнічае ў выбарах.

Па вялікім рахунку, выбарчы штаб для Лукашэнкі — не такая ўжо і патрэбная рэч. На мой погляд, дастаткова КДБ і Адміністрацыі прэзідэнта — яны і будуць кіраваць усімі працэсамі. Могуць абысціся нават і без Лідзіі Ярмошынай, якая ўзначальвае Цэнтрвыбаркам.

А ад канкрэтных персаналій залежыць, на маю думку, падыход у цэлым да кампаніі і метадаў, што будуць выкарыстоўвацца. Бо Шэйман, Макей, Канаплёў, Віктар Лукашэнка — гэта ў некаторым сэнсе людзі-сімвалы. Так, калі штаб узначаліць Віктар Шэйман, то, кажучы простай мовай, “мачыць” будуць больш, а калі Канаплёў — менш. Калі кіраваць бацькавым штабам будзе Віктар, то гэта прыцэл на будучыню. Своеасаблівая практыка для “студэнта”, каб вопыту больш паднабраўся…

На мой погляд, больш правільна будзе, калі выбарчы штаб узначаліць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Бо, як я ўжо казаў, рэальна выконваць функцыі штаба будзе Адміністрацыя Лукашэнкі і сілавыя структуры на чале з КДБ. Таму лепш было б адразу прызначыць альбо Макея, альбо старшыню КДБ. Альбо зрабіць такі падвоены цэнтр. Тады ўсё будзе лагічна і сумленна, бо, на маю думку, у выбарчым штабе Лукашэнкі не будуць займацца перадвыбарнымі тэхналогіямі і прымаць рашэнні, якія змогуць на нешта паўплываць. Усё ўжо адпрацавана.


Поделиться: