Стан бягучага рахунку Беларусі пагаршаецца. Працяглы час попыт на даляры і еўра на Беларускай валютна-фондавай біржы (БФВБ) стабільна перавышае прапанову. Гэты дысбаланс зразумелы. Апошнія гады краіна экспартуе менш, чым імпартуе. Розніцу пакрывалі замежныя крэдыты і сродкі ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.

Да восені дэфіцыт бягучага рахунку вырас анамальна. Гэта можна звязаць з павышэннем выдаткаў дзяржавы ў сувязі з адміністрацыйным ростам заробкаў да $500 – пад выбары.

Падставы для трывогі, на самой справе, ёсць. У жніўні попыт на даляры на БФВБ перавысіў прапанову на 312 мільёнаў. А за дваццаць дзён верасня ўжо на 307!

Тое ж самае з еўра. У жніўні попыт быў большы за прапанову на 40 млн, а ў верасні ўжо на 68. І для амерыканскай валюты, і для еўрапейскай такі дэфіцыт з’яўляецца рэкордным пасля піку сусветнага фінансавага крызісу ў канцы 2008 года.

Для параўнання, у траўні-чэрвені для даляра і еўра перавышэнне попыту над прапановай складала ў сярэднім $250 і еўра 40 млн. у месяц.

Валюту на БВФБ прадаюць і набываюць прадпрыемствы і банкі для сваёй бягучай дзейнасці. А дэфіцыт кампенсуецца валютнымі інтэрвенцыямі Нацбанка, для якіх выкарыстоўваюцца рэзервы.

Рэзервы, разлічаныя па метадалогіі МВФ, па стане на 1 верасня складалі $5 млрд. 569 млн. даляраў. З пачатку 2010 года яны скараціліся толькі на 83 млн.

Аднак такі паказчык быў дасягнуты за кошт паступлення грошай ад размяшчэння еўрааблігацый ($1 млрд.), ад продажу «Белтрансгаза» Расеі (625 млн.) і апошні транш крэдыту МВФ (670 млн.). Калі б не гэтыя сродкі, то рэзервы скараціліся б амаль на 2,3 млрд.

У прыватнасці, у чэрвені – на 253 млн, ліпені – на 193 млн. А ў жніўні – на $762 млн.

Мяркуючы па вераснёўскім попыце на валюту, калі ён захаваецца да канца месяца, у верасні яны могуць знізіцца да астранамічнай лічбы, здольнай выклікаць паніку на рынках. Тады магчымы паўтор сітуацыі 2008 года, якая прывяла да дэвальвацыі рубля.

На піку фінансавага крызісу ў 2008 годзе дэфіцыт бягучага рахунку дасягаў маштабаў, сувымерных цяперашнім. Тады выкліканае ім скарачэнне валютных рэзерваў (без уліку атрыманых крэдытаў) складала $691 млн. у кастрычніку 2008-га, $654 млн. – у лістападзе 2008-га, $920 млн. – у студзені 2009 года, на хвалі панікі пасля 20-адсоткавай дэвальвацыі.

У канцы жніўня небяспечныя тэндэнцыі на рынку ўжо былі тэмай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Нацбанка Пятром Пракаповічам. Учора, 20 верасня, кіраўніка Нацбанка зноў выклікалі ў Чырвоны дом.

«Стабільнасць курсавой палітыкі заснавана не толькі на паспяховай працы нашай эканомікі, але і на тым, што мы маем досыць золатавалютных рэзерваў», – супакойваў рынак Пракаповіч.

Можна чакаць прыняцця ад уладаў нейкіх надзвычайных мераў для аднаўлення стабільнасці.

Гэта можа быць пачатак новых перамоваў з Міжнародным валютным фондам або прыватызацыя аднаго з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў нафтахіміі ці «Беларуськалія». Або, што менш верагодна, чарговай разавай дэвальвацыяй рубля.

Найбольш верагодным сцэнарам ўяўляецца паскораная прыватызацыя, так як сродкаў ад яе хопіць на больш доўгі час. Праўда, імклівасць азначае горшы кошт і вялікая верагоднасць, што актывы дастануцца расейскаму капіталу, які і так ажыццяўляе непрапарцыйна вялікую долю замежных інвестыцый у Беларусь.

Поделиться: