Зьезд чарговы раз прагаласаваў за стварэньне партыі, яе назву, статут і кіраўніцтва з тым, каб перадаць ужо 17 верасьня дакумэнты на рэгістрацыю ў Мін’юст. Гэтае пытаньне было фактычна тэхнічным, паўторам галасаваньняў, што адбываліся на ранейшых двух устаноўчых зьездах.
З прамоваю на зьезьдзе выступіў сам кандыдат ад БХД. Рымашэўскі заявіў, у прыватнасьці, што Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і на гэтых выбарах прадставіць “альтэрнатыву як уладзе, гэтак і сыстэмнай апазыцыі”. Задаўшы самому сабе пытаньне пра шанцы на перамогу, Віталь Рымашэўскі адказаў:
“У сёньняшніх умовах мае шанцы, як і шанцы любога дэмакратычнага кандыдата, роўныя нулю. Але ці разьлічвалі на перамогу Кастусь Каліноўскі, Канстанцін Астроскі? Я ведаю, што ёсьць такая сытуацыя, калі трэба ўставаць і змагацца, трэба бараніць Беларусь”.
Рэцэптам перамогі Рымашэўскі назваў адпаведнасьць палітычнай сілы патрабаваньням народу, і “калі гэтага БХД дасягне, то Бог дасьць такую перамогу”.
Зьезд БХД вырашыў, што ў выпадку, калі Віталя Рымашэўскага не зарэгіструюць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, то партыя будзе весьці кампанію актыўнага байкоту і заклікаць беларусаў на плошчу. Пад плошчаю кіраўніцтва БХД разумее заклік да беларусаў выйсьці на плошчы і дамагчыся некрывавай, аксамітнай зьмены рэжыму.
Гучала на зьезьдзе таксама прапанова поўнага байкоту выбараў ад самага пачатку кампаніі, але яна не знайшла падтрымкі большасьці.
Выказваючыся аб стратэгіі партыі БХД у цяперашніх умовах, адзін зь яе лідэраў Павал Севярынец заявіў:
“Пакуль рэжым Лукашэнкі і Крэмль ваююць паміж сабою і аслабляюць адзін аднаго, нацыянальныя сілы павінны нарошчваць сваю моц, каб у адказны момант уклініцца ў гэтую барацьбу і ў вырашальны час здабыць перамогу”.
Павал Севярынец перакананы, што Лукашэнка ў гэтым процістаяньні змагаецца выключна за ўтрыманьне ўлады, а Расея дэманструе жаданьне захапіць Беларусь або асобнай фэдэральнай акругай, або ў складзе шасьці абласьцей.
Таксама на зьезьдзе былі прынятыя папраўкі ў праграму, сярод якіх цікавасьць і дыскусію выклікалі прапановы скасаваць падзел Беларусі на вобласьці і раёны і ўвесьці падзел на 23 паветы, а таксама вярнуць спрадвечныя назвы органаў самакіраваньня – такія, як магістрат і бурмістар.