— Вечарам, дзесьці ў палове адзінаццатай мне патэлефанавала мая дачка Юля i паведамiла, што яна знаходзiцца ў Ленiнскiм РАУС г.Мiнска, замест таго каб глядзець футбольны матч на стадыёне «Дынама». Аднак гэта было яшчэ паўбяды… У тым жа РАУС знаходзiцца i яе брат, мой непаўналетні сын Уладзiмiр. Але аб гэтым мiлiцыянты мне не паведамілі, нягледзячы на тое што дзiця знаходзiлася ў РАУС амаль 3 гадзiны. На патрабаванне Юлi адпусцiць брата цi паведаміць мне аб гэтым здарэннi не рэагавалi.

Дачка сказала, што яна з братам, сяброўкамi i сябрамi ў колькасцi каля 40 чалавек iшла на футбольны матч на стадыён «Дынама». Раптам мiлiцыянты схапiлi Уладзiмiра i cа словамi «Што за майка?» павялi невядома куды. Юля пайшла шукаць брата, але i яе схапiлi i адвезлi ў Ленiнскi РАУС г.Мiнска. Туды ж трапiлi i астатнiя сяброўкi i сябры Юлi i Уладзiмiра.

Там iм паведамiлi, што яны затрыманы за майкi з надпiсам «ГАВАРЫ ПРАЎДУ! ПРАЎДА ПЕРАМОЖА!».

Я сказала Юлi, каб яна дала тэлефон мiлiцыянту, якi адказвае за затрыманне Уладзiмiра i астатнiх непаўналетніх. Але ўсе мiлiцыянты адказвалiся браць тэлефон, пахавалi надпiсы з iмёнамi i званнямi. Я чула, як Юля патрабавала, каб хоць хто-небудзь з мiлiцыянтаў узяў тэлефон i паведамiў мне, на якой падставе мой непаўналетні сын затрыманы амаль 3 гадзiны таму. Але ў адказ мiлiцыянты груба крычалi, што iм “некогда” i “свои имена они не назовут”.  Гэта адбывалася на працягу 15 хвiлiн. Тады я патэлефанавала па нумары 8-017-249-02-02. Мне адказаў дзяжурны па РАУС Аляксандр Мiкалаевiч Ткачэнка. Але на маё патрабаванне адказаць, на падставе чаго затрыманы мой непаўналетні сын, ён схлусiў, што ў РАУС затрыманых няма, што яму нiчога не вядома. Толькi калi я паведамiла яму, што заўтра пайду ў пракуратуру i яго iмя будзе першым у спiсе, ён прызнаўся, што затрыманыя дзецi знаходзяцца ў РАУС быццам бы дзеля ўстановы, хто яны такiя.  Я прыпомнiла дзяжурнаму па РАУС А.М.Ткачэнку, што мая дачка ўжо некалькi гадзiн таму паведамiла мiлiцыянтам даныя свайго непаўналетняга брата, майго сына. Але на на працягу 30 хвiлiн дзяжурны па РАУС А.М.Ткачэнка паўтараў адно i тое ж: «Ваш сын задержан для установления личности, и его отпустят, когда это сделают». Я патрабавала пераключыць мяне на iнспектараў IДН. Дзяжурны па РАУС А.М.Ткачэнка адказаў, што нiякiх iнспектараў IДН тут няма. На маё пытанне аб тым, хто знаходзiцца з непаўналетнім, успомнiў, што iнспектары IДН тут, але там няма тэлефонаў. Iх iмёны ён мне таксама не назваў. Я паведамiла дзяжурнаму  па РАУС А.М.Ткачэнка, калi што з маiм сынам Уладзiмiрам Гарачкам што здарыцца ў РАУС цi па-за iм, адказныя будуць мiлiцыянты Ленiнскага РАУС г.Мiнска, у тым лiку i ён, бо ўжо дванаццатая гадзiна ночы i зараз скончыцца рух транспарту ў Бараўляны, дзе мы жывём. Толькi пасля гэтага майго сына i астатнiх затрыманых, у тым лiку непаўналетніх, адпусцiлi. Было прыблiзна 23.20. Дамоў Юля i Уладзiмiр трапiлi ў час ночы.

Як паведамiў мне сын Уладзiмiр, пасля затрымання яго адвялi ў нейкую комнату, дзе ўжо знаходзiлiся юнакi i дзяўчаты, апранутыя ў майкi з надпiсам «ГАВАРЫ ПРАЎДУ! ПРАЎДА ПЕРАМОЖА!». Дзяцей здымалi на камеру супрацоўнiкi КДБ, бралі адбiткi пальцаў.

Вось так нашы дзецi паглядзелi футбол…

Поделиться ссылкой: