На пасяджэньні палітрады зварот падпісалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр партыі “Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч ад БСДП (Грамада), Алена Яськова ад Беларускай партыі жанчын “Надзея” і старшыня аргкамітэту па стварэньні партыі працоўных Аляксандар Бухвостаў.

У кастрычніку Эўрапейскі зьвяз плянуе разгледзець пытаньне візавых санкцый адносна шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў на чале з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Нагадаю, паводле прынятага ў лістападзе мінулага году рашэньня Рады Эўразьвязу, гэтыя санкцыі былі падоўжаныя да кастрычніка 2010 году. Адначасова гэтыя санкцыі былі замарожаныя да кастрычніка. У дакумэнце адзначалася адсутнасьць трывалага прагрэсу ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Але каб схіліць афіцыйны Менск да прагрэсу Рада замарозіла прымяненьне візавых санкцыяў на такі ж самы пэрыяд — да кастрычніка гэтага году. Лідэры АДС заклікалі краіны Эўразьвязу адкласьці вырашэньне пытаньня візавых санкцый да завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Сяргей Калякін патлумачыў:

“Мы выказалі сваю думку на гэты конт. Мы лічым, што гэта рашэньне трэба адкласьці і прыняць рашэньне па санкцыях пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Гэта будзе лягічна, бо санкцыі былі абумоўленыя тым, што ёсьць парушэньні ў выбарах, што няма свабодных выбараў у Беларусі, і таму яны павінны прыняць рашэньне ўсё ж пасьля таго, як адбудуцца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі”.

Аўтары звароту перададуць яго паслам краін Эўразьвязу і эўрапейскім палітыкам падчас непасрэдных кантактаў, у тым ліку падчас сёньняшняй сустрэчы з дэлегацыяй парлямэнту Даніі, якая знаходзіцца ў Менску. Паводле намесьніка старшыні АГП Льва Марголіна, пакуль няма ніякіх падставаў для адмены візавых абмежаваньняў супраць афіцыйнага Менску:

“Мы вырашылі зьвярнуцца да іх, каб яны, калі яны будуць у кастрычніку разглядаць гэтае пытаньне, па-першае, улічылі нашу думку наконт пяці чыньнікаў, якія яны самі ставілі беларускім уладам. І каб канчатковае вырашэньне пытаньня аб санкцыях перанесьлі на час пасьля выбараў. Бо гэта ж галоўнае — будуць у нас выбары па эўрапейскіх стандартах ці ня будуць”.

Лідэры АДС заяўляюць пра поўную адсутнасьць прагрэсу па пяці крытэрах, вызначаных Эўразьвязам у рамках дыялёгу. Яны нагадваюць пра палітвязьняў, пра пагаршэньне сытуацыі з мэдыямі, пра выбарчае заканадаўства, умовы дзейнасьці партый і няўрадавых арганізацый, забарону на правядзеньне вулічных акцый. Аўтары звароту прапанавалі падпісаць яго іншым палітыкам, у тым ліку лідэру руху “За свабоду” Аляксандру Мілінкевічу. Спадар Мілінкевіч сказаў, што пакуль ня бачыў гэтага ліста. Але ён лічыць, што прагрэсу ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі няма.

“Я быў прыхільнікам таго, што эканамічныя санкцыі шкодзяць з большага беларускаму народу, а пэрсанальныя санкцыі цалкам магчымыя. І каб іх зьняць, патрэбны посьпехі. У тым ліку посьпехі і на выбарах. Калі падчас мясцовых выбараў выбарчая сыстэма паказала той самы твар, толькі крыху зь лепшым макіяжам, дык гэта замала для таго, каб казаць, што ёсьць посьпехі ў дэмакратызацыі”.

Першыя пэрсанальныя візавыя санкцыі былі ўведзеныя ў 2004 годзе адносна асобаў, датычных да палітычных зьнікненьняў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і разгону масавых акцый пратэсту сьпіс быў істотна пашыраны, у яго быў таксама ўключаны Аляксандар Лукашэнка. У кастрычніку 2008 года дзеяньне санкцыяў было прыпыненае на паўгода. Праз год у красавіку тэрмін замарозкі санкцыяў працягнулі яшчэ на 6 месяцаў. А ў лістападзе мінулага году Эўразьвяз працягнуў санкцыі яшчэ на год.

Поделиться: