Гэта адзінае што можа зрабіць кожны грамадзянін. Зянон Пазьняк ад 1996 году жыве за мяжой. За гэты час вырасла новае пакаленне беларрусаў, але ён дагэтуль застаецца самым вядомым апазыцыйным палітыкам.

Зянон Пазьняк пагадзіўся адказаць на пытанні «Народнай Волі».

Зянон Станіслававіч, хутка прэзыдэнцкія выбары.

Галоўная барацьба будзе пасьля выбараў, бо Лукашэнка ж застанецца. Цяпер трэба, каб людзі скансалідаваліся і не пайшлі як авечкі. Каб іх не выкарысталі чарговы раз. Ідуць ужо камэнтары, што ледзь не 80% за Лукашэнку – гэта яны ўжо рыхтуюцца да 86%.

Мала часу. Што ж зрабіць, каб народ пачаў кансалідавацца?

— Гэта так хутка ня зробіш. 70 гадоў за саветамі кансалідаваліся… Людзі ўсё роўна ня пойдуць на выбары, але трэба, каб гэта было асэнсавана.

— Як гэтага дасягнуць?

— Ну, як? Мы (сябры кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ) гэта цяпер і робім. У нас ёсьць розныя мэтады, у тым ліку пісьмовыя, і гэта крок за крокам ідзе. Мы не пераацэньваем сваіх мэтадаў, бо сама сытуацыя паказвае людзям, якія трошкі думаюць і ня хочуць быць дурнямі. Але ж ужо 2 гады людзі на выбары ня ходзяць. Як яны сталі не хадзіць, а гэта адбываецца ад 2008 году, то паглядзіце як стала мяняцца ментальнасць. Людзі ж убачылі фальсыфікацыі і сталі абурацца: «Слухайце, зноў 80%. А ніхто ж не хадзіў на ўчастак!.

Ці ёсьць у Вас ці вашых паплечнікаў намер сесьці за стол перамоваў з іншымі палітычнымі лідэрамі, каб давесьці сваю лінію пра байкот выбараў?

— Ну, канешне ж, ня можна. Гэта ж зусім іншыя людзі. Гэта імітатары палітыкі. Яны не займаюцца палітыкай. Яны займаюцца палітбізнэсам. Паглядзіце, вось яны былі ўсе за Эўропу, правы чалавека, мобы-шмобы і ўсё такое. Эўропа зараз павяла сваю палітыку з рэжымам і перастала ім даваць грошы.

Куды яны ўсе пабеглі? Пабеглі ў Маскву. Ужо былі там у канцы жніўня, каб выбралі ім там кандыдата. Вы бачыце, што адбываецца? У людзей няма ніякай пазыцыі палітычнай. Гэта прыстасаванцы да сытуацыі. Якая ствараецца ў палітыцы. Ніхто з іх ня здольны займацца справай, ніхто з іх ня здольны быць ва ўладзе!

Палітыка вызначае першае правіла – можа ці ня можа быць ва ўладзе. Гэтыя ня могуць. Яны засьведчылі сваю прадажнасць, сваё словаблудства. Людзі інтуітыўна (канешне, тут і прапаганда працуе) іх не ўспрымаюць.

Як тады сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі могуць давесьці сваю думку да народу?

— Мы ж 10 гадоў працуем над гэтым. Мяняецца сытуацыя, усё зьнішчаецца. Тарфяны пажар ідзе ў людзях, яны шмат чаго сталі разумець, у тым ліку палітыку з Расеяй. Больш за тое, мы ўвесь час, тым больш, што я жыву на Захадзе і ведаю, што гэта за палітыка.

Гэта мы пачалі тлумачыць пра падвоены стандарт заходняй палітыкі, гэтую прагматычнасьць. Мы паказваем, што Эўразьвяз і пуцінская Расея гэта адно і тое ж. Паглядзіце, як пачало мяняцца. Ужо нават простыя людзі зразумелі што такое Эўропа і што такое эўрапейская палітыка.

Так што ня ўсё робіцца адразу. Вы ж ня думаеце, што на выбарах усё перавернецца і пачнецца новае. Не. Павінна быць штодзённая праца. Павінны быць арганізацыі і людзі, якія жывуць у нацыянальнай палітыцы.

Гэта палітыка, якая сыходзіць з нацыянальных інтарэсаў, якія не ідуць на кампраміс з д’яблам, бо з усімі можна ісьці на кампраміс, толькі не з д’яблам.

Праца вядзецца, але гэта не конь – пугай не пагоніш.

У гэтай сытуацыі патрэбны байкот. Не засталося часу і адзінае правільнае рашэньне – не хадзіць на выбары і байкатаваць гэты фальш. Калі ня будзе яўкі і людзі пачуюць пра 86%, то гэта ж адразу стане відавочна. Фальсыфікаваць ва ўмовах, калі людзі не пайшлі на выбары, будзе значна складаней. Людзі будуць кансалідавацца. Ніхто ня хоча, каб з яго рабілі дурня.

Няма пакуль пэрсоны, адзінага кандыдата.

— Гэта бяда. Рэжым і Масква гэта цудоўна разумеюць. Усе людзі, якія прэтэндавалі хоць трошкі на асобу, некаторыя з іх своечасова зразумелі і ўцяклі з краіны. Той жа Барадач цяпер перад дылемай. Як быць? Палітыкам ці трупам? Вяртацца на Радзіму ці заставацца за мяжой?

Я добра ведаю Лукашэнку. Канешне, імкнуцца зьнішчыць усё, што прэтэндуе на асобу. Але зьявіцца. Як было за Савецкім Саюзам. Думалі, што будзе вечна. А што здарылася? Паступова, паступова, а потым пайшло з паскарэннем. Такая логіка працэсу. Вось паскарэнне ўжо адбываецца. Вы адчуваеце?

Дык што рабіць?

— Не хадзіце на выбары. Не дайце на сваёй спіне выехаць гэтым ашуканцам, каб вас выкарыстоўвалі. Гэта рэальна. Гэта можа зрабіць кожны.

А барацьба пачнецца адразу пасьля выбараў. Пакуль ёсьць што есьці, ёсьць работа, ёсьць грошы. Трэба разумець, як нашы людзі рэагуюць на жыцьцё. Калі стане горш, тады ўспомняць усе гэтыя ідэі. Якія раней проста абгаворвалі. Але, калі б гэтых ідэй у іх не было ў галаве, дык было б зусім дрэнна. Яны б пачалі разьбягацца, уцякаць як тыя курды».

Вы за мяжой. Вам не дазволяць удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата.

— Ну, калі, напрыклад, сытуацыя рэзка зьменіцца, паваліцца ўсё, дык прыехаць гэта пару гадзін. Там будзе ўжо не прэзыдэнцкая кампанія, а іншая сытуацыя. Я з палітыкі не выходжу.

Дзеля чаго я ахвяраваў? Не дзеля сябе. Не. Дзеля таго, каб займацца палітыкай. Я толькі гэтым і займаюся. Я цьвяроза на ўсё гляджу. Ведаю наша грамадзтва, ведаю людзей і асабіста гэтага «галоўнага». Але ёсьць законы – за днём вечар, за вечарам ноч і г.д. Але трэба рабіць працу, якая б ішла ў адпаведным накірунку.

А як выставіцеся да таго, што дагэтуль часам кажуць: «Пры Пазьняку-Шушкевічы». Хаця Вы ніколі не былі ва ўладзе.

— Я думаю, што тады адбылася самая яскравая падзея за 200 гадоў нашай гісторыі – гэта дасягненне рэальнай незалежнасьці Беларусі. Не дэклярацыя як ў 1918 годзе, а рэальная дзяржава. Іншая справа, што ўлады Народны фронт не дасягнуў, а то мы былі б ужо нармальнай эўрапейскай краінай. Гэтая падзея ўсім людзям запала глыбока ў душу. Такі паварот сьвядомасьці. Тады гэта было зьвязана таксама і з маім імем. Але пра сябе не хацеў бы казаць, бо чалавек пра сябе думае суб’ектыўна. Стараўся папросту рабіць што трэба і не адступаць. Усе сілы пакладаў на гэта, бо разумеў, што ўсё ў жыцьці ўжо ня мае значэньня ў параўнаньні з тым, што трэба зрабіць. Думаю, што бальшыня ў нас у апазыцыі гэта разумелі, таму мы й рабілі гэтыя цуды – маленькая апазыцыя выйгравала баталіі. 

Вам было страшна? Разгон дэманстрацый, дубінкі…

— У мяне страху не было. Мяне ніхто не зьняважыў і нават не даткнуўся. Адзіны раз, калі прыйшоў Лукашэнка да ўлады, ноччу ў Вярхоўны Савет увялі гэты батальён у масках. Тады ўпершыню ў маім жыцці мяне хапалі  рукамі… Ну, а гэта й быў пераварот.

Вось я размаўляю з нашымі людзьмі, з журналістамі. Такія настроі , нешта насы павесілі.  Ня трэба. Вось Ларыса Геніюш. Вось гэта асоба! У ГУЛАГу прымала ўсіх у гэтай вечнай мерзлаце! Пісала вершы. Гарэла ўпэўненнасцю, годнасьцю. Мне распавядалі тыя, якія з ёй сядзелі. Казалі: «Ларыса нас трымала сваёй упэўненасьцю. Вось вам якія асобы».