Чаму расійская прапаганда не дасягнула сваёй мэты

5

Прынамсі, менавіта так лічаць некаторыя эксперты, з якімі “Тут і цяпер” абмяркоўвала вынікі апошняй вялікай эканамічнай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

“Халодная вайна”?

Звычайна ўсе нарады з удзелам кіраўніка дзяржавы праходзяць па адным і тым ж сцэнарыі: прэзідэнт крычыць на чыноўнікаў, а тыя, утаропіўшы вочы ў падлогу ці нататнік, вінавата маўчаць. Ніхто не апраўдваецца. З якімі пачуццямі чыноўнікі ідуць на такія нарады і з якімі думкамі альбо праклёнамі выходзяць адтуль — хіба што аднаму Богу вядома.

І яшчэ адна дэталь: “разумнікі”з Адміністрацыі прэзідэнта на такіх нарадах звычайна “наязджаюць” на тых, хто прадстаўляе Савет Міністраў. Маўляў, і тое міністры робяць не так, і гэта, і тут прамаргалі, і там не паспелі. З боку падаецца, што амаль кожная з такіх нарад ператвараецца ледзь не ў сапраўдную “халодную вайну” дзвюх структур, якія насамрэч разам павінны рабіць адну і тую ж справу.

Былы міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Грыгараў гаворыць, што на буйныя нарады з удзелам кіраўніка дзяржавы заўсёды ішоў без пачуцця страху. Але стараўся добра падрыхтавацца, каб у выпадку чаго адказаць на любое пытанне.

— Супрацьстаяння паміж Адміністрацыяй прэзідэнта і Саветам Міністраў я, шчыра кажучы, на сабе асабліва не адчуваў, — узгадвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Я працаваў з Генадзем Аляксеенкам, які быў памочнікам прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму. Былі, канечне, нейкія моманты, але чыста рабочага характару. Такога, каб ён мяне вучыў розуму, не было. І “ўздручак” публічных, здаецца, таксама не было.

Што тычыцца ўдзелу ў нарадах з кіраўніком дзяржавы, то я заўсёды стараўся прыйсці добра падрыхтаваным, бо ведаў, што ў любы момант могуць падняць і спытацца. Калі ты валодаеш тэмай, то які можа быць мандраж? Іншая справа, калі лічбы не памятаеш, сітуацыю не разумееш. Я лічу, калі чыноўнік падрыхтаваны, тады ён і ўпэўнены ў сабе. Хаця, канечне, па-рознаму бывае… Аднак я не магу ўзгадаць выпадкі, калі б пасля гэткіх нарад нехта з маіх калег бляднеў, хапаўся за сэрца, альбо каб у некага рукі трэсліся.

Зразумейце, кожнаму чалавеку непрыемна, калі яму выгаворваюць, тым больш на публіцы. І ў такіх выпадках, канечне, пэўныя хваляванні, эмоцыі прысутнічаюць.

Цярпенне і пакорлівасць

Па БТ не паказалі, ці адказаў Сяргей Сідорскі Лукашэнку на заўвагу пра тое, што прэм’ер, маўляў, не павінен клапаціцца пра людзей, бо яго перш за ўсё павінны хваляваць фінансы. Адзін з папярэднікаў цяперашняга кіраўніка ўрада Міхаіл Чыгір лічыць, што прэм’ер, хутчэй за ўсё, праглынуў пачутае.

— За кожным станком і за кожнай лічбай стаяць людзі, — выказвае сваё меркаванне Міхаіл Мікалаевіч. — Прычым жывыя людзі. І станкі самі не працуюць, нават самыя суперсучасныя. Але калі б Сідорскі не маўчаў і не трываў, то яго даўно ў гэтым крэсле не было б. Увогуле, ва ўрадзе сёння засталіся тыя міністры, якія здольныя толькі маўчаць і цярпліва зносіць усё, што сказана на іх адрас. Там няма Станіслава Багданкевіча, які проста падымаўся і казаў тое, што думае. Прычым рабіў так у любых абставінах, падабалася тое каму ці не. Я таксама не маўчаў, а гаварыў, калі з нечым быў не згодны. А цяпер… Цярпенне і пакорлівасць — галоўныя ўмовы для захавання партфеля.

“Блажэнны” Пракаповіч — адзіны праўдалюбца

На думку былога кіраўніка канцэрна “Амкадор”, вядомага эканаміста Васіля Шлындзікава, і ў цяперашнім урадзе ёсць чалавек, які не баіцца казаць тое, што думае. Гэта кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч, які не раз выступаў на нарадах з удзелам урада і кіраўніка дзяржавы. І пад некаторымі ягонымі словамі маглі б падпісацца нават самыя заўзятыя апазіцыянеры. Жартуюць, што да яго і прэзідэнт вымушаны прыслухоўвацца, бо Пётр Пятровіч у любы момант можа “абваліць” рубель.

— Уласна кажучы, сёння большасць чыноўнікаў, у тым ліку і самыя высокія, ні на што не ўплываюць, — гаворыць В.Шлындзікаў. — А калі нехта і ўплывае, дык гэта Пётр Пракаповіч. Ён можа ўздзейнічаць праз фінансавую сістэму. А астатнія… ствараюць умовы для пагаршэння эканамічнай сітуацыі. Былыя выпускнікі “наргаса” рыхтуюць усялякую лухту для вялікіх кіраўнікоў, якія потым усе гэтыя дакументы падпісваюць.

А што тычыцца Пятра Пракаповіча, то ў яго на твары заўсёды добразычлівая ўсмешка, ён заўсёды такі… Як блажэнны. А хто блажэннага пакрыўдзіць? Блажэнны можа і крытыкаваць, і праўду казаць, якой бы яна ні была. Пракаповіч — гэта чыноўнік з найбольш разумнымі выказваннямі і прапановамі.

Пазіцыя чыноўнікоў не змянілася

Візуальных змен у паводзінах беларускіх чыноўнікаў падчас апошняй нарады не назіраецца. Гэта значыць, што расійская прапаганда не дасягнула сваёй мэты паўздзейнічаць на беларускую наменклатуру. Так лічыць палітолаг Юрый Чавусаў.

— Існуе меркаванне, што фільмы “Хросны бацька”, а таксама некаторыя іншыя перадачы расійскага тэлебачання апошняга часу былі адрасаваны ў першую чаргу беларускай наменклатуры, — гаворыць Чавусаў. — Не змест фільмаў меў значэнне, а сам знак, што Аляксандр Рыгоравіч больш не карыстаецца падтрымкай Крамля. Меркавалася, што гэта паспрыяе з’яўленню адкрытай нязгоды сярод чынавенства. Зразумела, што “скляпаць” змову за пару месяцаў не атрымаецца — для гэтага патрабуецца больш тонкая праца. А вось дэманстратыўнае непадпарадкаванне такім чынам можна было выклікаць, бо легітымнасць нашага рэжыму трымаецца ў асноўным на тым, што ўсе прызнаюць правадыра правадыром. Але мы бачым, што ўсе чыноўнікі сядзяць як мышы пад венікам, таму што адчуваюць: у гэты чарговы лёсавызначальны этап для краіны з любымі франдзёрамі цырымоніцца ніхто не будзе. І я перакананы, што Сяргею Сідорскаму, якога называюць альтэрнатывай дзеючаму кіраўніку дзяржавы, даводзіцца кантраляваць уласныя паводзіны, каб прадэманстраваць беспадстаўнасць такіх высноў.

Тое, што ў пазіцыі чыноўнікаў нічога не змянілася, сведчыць яшчэ і пра наступнае: улада трымаецца пад прапагандысцкімі ўдарамі.


Няма запісаў для адлюстравання