У сярэдзіне 1990-х палкоўнік Уладзімір Барадач быў легендарнай асобай. Былы кіраўнік мар’інагорскага спецназа ўдзельнічаў у ваенным канфлікце ў Арменіі. Ён быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў. У 1996-м Барадач выступіў на баку Канстытуцыі, супраць Лукашэнкі.

Не так даўно палкоўнік стаў героем перадачы НТВ «Хросны бацька», дзе крайне рэзка выказаўся аб дзейным кіраўніку дзяржавы. Тры тыдні ад моманту паказу фільма Барадач знаходзіўся за межамі краіны. Цяпер ён думае, ці варта вяртацца ўвогуле.

«Наша Ніва»: Сапраўды, збіраецеся застацца ў Германіі?

Уладзімір Барадач: Думаю над гэтым. Такая сітуацыя ў мяне склалася, альбо садзіцца ў турму, альбо заставацца тут. За час адсутнасці ў Беларусі на маёй кватэры прайшоў несанкцыянаваны ператрус. Нешта шукалі. Думаю, што любыя дакументы, якія датычаць Саюза афіцэраў. Ён усё ж існуе. Ёсць група маіх таварышаў, якія не адмовяцца ад сваіх перакананняў. Ёсць неабходная колькасць людзей, якія ў пэўных абставінах маглі б паўплываць на рашэнне тых ці іншых па¬дзей. Цяпер самых актыўных з нас паспрабуюць ізаляваць ад удзелу ў выбарах і найперш паслявыбарчых падзеяў. Бо 

выбараў няма. Адзіны метад барацьбы ў сённяшніх умовах — сілавы ціск. Іншыя метады на рэжым не паўплываюць.

«НН»: Але ж Вы не з пужлівых людзей.

УБ: Для мяне гэта складанае маральнае пытанне. Што я змагу зрабіць за два-тры гады, праведзеныя ў турме? Мне здаецца, што больш карысці для айчыны і шкоды для рэжыму я магу прынесці на свабодзе. Важнае пытанне: з кім ісці на выбары? Без падтрымкі, без фінансавання нават група сур’ёзных людзей не зможа падрыхтаваць людзей. Хто дапаможа? Захад, Расія? Ужо перапоўнена чаша страху ўнутры краіны, нават сярод мужных людзей. Без абгрунтаванай сілы з гэтым рэжымам змагацца немагчыма.

Разумею, што застацца на Захадзе — гэта фактычна здацца. У мяне няма страху. Я проста хачу дабіцца нейкага выніку.

«НН»: А самі не думалі ўдзельнічаць у выбарах?

УБ: Той парад прэзідэнтаў, што ёсць цяпер, ужо раздражняе публіку. Ісці на выбары для мяне было б немаральна. Апазіцыі важна аб’яднацца, каб паказаць усю нелегітымнасць Лукашэнкі, каб з гэтым згадзіліся і Расія, і Захад. Людзі, якія адхіляць Лукашэнку ад улады, будуць героямі.

«НН»: У вас ёсць спадзяванні на дапамогу Расіі?

УБ: Скінуць гэты рэжым можна толькі з падтрымкай Расіі. Захад хоча правесці перамены больш маральнымі прынцыпамі. Была добрая спроба ўцягнуць Беларусь ва «Усходняе партнёрства», але гэта вельмі тонкі шлях і не з прэзідэнтам Лукашэнкам.

Расія ў дадзенай сітуацыі — асноўны гулец. З Расіяй можна дамовіцца. Нам будзе мала толькі ўласнай рашучасці, трэба дапамога і звонку.

«НН»: Думаеце, Вам помсцяць за ўдзел у «Хросным бацьку»?

УБ: Там была паказаная толькі маленькая частка з запісанага, зусім неістотная. Больш сур’ёзныя рэчы, магчыма, пакажуць у наступных частках, а можа ўвогуле не пакажуць. Дарэчы, нядаўна ад майго імя сфальсіфікавалі зварот, дзе нас фактычна зрабілі саюзнікамі Лукашэнкі. Наш зварот быў вельмі рэзкі. Ні пра якое супрацоўніцтва з рэжымам гаворка не ішла.

* * *

Уладзімір Барадач

Нар. у 1951 годзе ў вёсцы Нача (Крупскі раён). Скончыў мінскую Сувораўскую і разанскую Дэсантную (факультэт «Спецназ») вучэльні. У 1981–1983 ваяваў у Афганістане. Камандаваў Мар’інагорскай брыгадай спецназа. Звольніўся ў запас у 1993. Вядомасць атрымаў у 1996 падчас процістаяння Лукашэнкі з Вярхоўным Саветам. У Барадачу бачылі магчымыга кіраўніка вайсковага перавароту.

Поделиться: