Хоць час ісці вучыцца малодшаму сыну кіраўніка Беларусі тады яшчэ не прыспеў, выпадковасці быць не магло, бо менавіта ў Астрашыцкім Гарадку знаходзіцца любімая рэзідэнцыя Лукашэнкі. Год таму школу ўрачыста адкрывалі кіраўнік Рады бяспекі Юрый Жадобін і абласны начальнік Леанід Крупец, а дырэктарка ўстановы ўласнаручна выганяла з будоўлі журналістаў недзяржаўных СМІ…

На рэканструкцыю патрацілі $3 мільёны, але пяцігадовы Коля ў школу не пайшоў, а застаўся з татам.

Пытанне пра пачатак яго навучання адклалася на год. І вось цяпер да 1 верасня застаўся ўсяго тыдзень, а беларусы ўсё яшчэ не ведаюць, куды адправіцца вучыцца прэзідэнцкі сын.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» накіраваўся ў Астрашыцкі гарадок, каб даведацца, ці гатовыя вяскоўцы да прыезду зорнага дзіцяці, і пагутарыць з дырэктаркай школы Кацярынай Махахей. Праўда, ведаючы яе нелюбоў да недзяржаўных СМІ, прыйшлося пайсці на хітрык.

Замест журналіста незалежнай газеты педагог атрымала ў суразмоўцы проста цікаўнага чалавека, які, па легендзе, спрабуе ўладкаваць свайго пляменніка Колю ў Астрашыцка-Гарадоцкую школу.

Рай у асобна ўзятай вёсцы

Ад Мінска да аграгарадка Астрашыцкі Гарадок ехаць кіламетраў дзесяць. Спачатку 7 км ад МКАДа па Лагойскай трасе, а пасля яшчэ парачку непасрэдна да аграгарадка.

Калі машыны ДАІ пачнуць з’яўляцца часцей і часцей — значыцца, вы на правільным шляху. На коле на ўездзе ў гарадок стаялі два патрулі разам. Усяго ж за шлях туды і назад нам сустрэліся сем аўтамабіляў Дзяржаўтаінспекцыі.

Хоць трохпавярховы будынак школы бачны здалёк, знайсці праезд да яго не надта проста. «Я не ведаю, я ў гэтай школе не вучыўся. Я тут толькі па гастраномах спецыяліст», — даверліва паведаміў мясцовы жыхар, трымаючы пад пахай бутэльку пладавога-ягаднага віна. Як пад’ехаць да школы не змагла патлумачыць і дзяўчына, што калісьці вучылася тут. Астрашыцкі Гарадок не стварае ўражання нейкай адметнай вёскі. Адзінае, што платы паўсюль пафарбаваныя, ды дзе-нідзе сустракаюцца арыгінальныя дамы мясцовых пабагацелых жыхароў. Але хіба не сустрэнеш такое ў іншых вёсках?

Пад'езд да школы застаўлены аўтобусамі.

Пад’езд да школы застаўлены аўтобусамі.

Басейн павінен адкрыцца ў красавіку.

Басейн павінен адкрыцца ў красавіку.

Унутраны дворык «звычайнай» вясковай школы.

Унутраны дворык «звычайнай» вясковай школы.

Заасфальтаваныя толькі некалькі цэнтральных вуліц. Відаць, тыя, па якіх праяджае прэзідэнцкі картэж.

Астатнія — у такіх ямах, што становіцца страшна за сваю машыну. Але нічога, мясцовыя жыхары катаюцца.

Сельсавет сімвалічна размяшчаецца каля школы. Маленькі аднапавярховы адміністрацыйны будынак супраць велічнай навучальнай установы — хто мацнейшы? Вядома ж, школа. А сельсавет выглядае як часовая прыбудова.

Каля заезду на яе тэрыторыю стаяць аўтобусы прывезеных рабочых. Праца кіпіць і звонку, і ўнутры, хоць капітальны рамонт, нагадаем, скончыўся год таму. Бесперашкодна пранікаем унутр будынка, адказваем на завучанае пытанне вахцёркі і, блукаючы па калідорах школы, шукаем кабінет дырэктара.

У школе тым часам сканчваюцца малярныя працы. Насупраць настаўніцкай дзве жанчыны для чагосьці перафарбоўвалі аранжавыя сцены ў жоўтыя.

У чым прынцыповае адрозненне колераў — незразумела нават ім. У дадатак выявілася, што праз адзін слой новай фарбы прасвечваў стары колер. «Давай другім слоем. Усё адно фарбы хоць заліся!» — раіліся жанчыны.

Цэнтр прыцягнення бацькоў

Дырэктарка Кацярына Махахей з гатоўнасцю адклала свае справы, каб распавесці пра ўмовы навучання ў школе. Кабінет у дырэктаркі даволі прасторны, абстаўлены новай мэбляй, з вялікім партрэтам Лукашэнкі на сцяне. На стале — мясцовая газета і «Веснік адукацыі».

Дырэктарка падчас размовы падкрэсліла, што яе сын ужо вучыцца ў гэтай школе, што яе цалкам задавальняе ўзровень адукацыі і пераводзіць яго у іншую яна і не думае. А малодшая дачка дырэктаркі пойдзе ў Астрашыцка-Гарадоцкую школу ў наступным годзе.

Паводле нашай легенды, маладая мама з дзіцем Колем пераязджае з Расіі. У Лагойску ў сям’і будзе бізнэс. Дырэктарка параіла патэлефаванаць у студзені ці лютым, калі пачнецца запіс у першакласнікі. А пасля расказала пра сваю «школу для Колі».

Паводле яе словаў, дзяцей сюды вязуць адусюль — і з Мінска, і з Лагойска. Развіваюцца і суседнія вёскі — людзі купляюць участкі, і адразу ж вядуць дзяцей у элітную школу. Хоць, падкрэслівае Кацярына Махахей, школа звычайная сярэднеадукацыйная. Моцныя бакі — матэматыка і замежная мова. Дарэчы, аднаго настаўніка-«англічаніна» не хапае, таму ахвотныя вучыць Колю могуць звяртацца ў школу.

Дырэктарку радуе вялікая цікавасць да школы, параўнальная нават з ажыятажам. Наконт набору вучняў яна расказала, што астрашыцкіх дзяцей яны павінны браць усіх, але астатніх — на ўласны выбар. Таму дзяцей абы-якіх бацькоў, якія, напрыклад, стаяць на ўліку ў міліцыі, у школу хутчэй за ўсё не возьмуць. «Нас падтрымлівае дзяржава, нам актыўна дапамагаюць бацькі», — расказвае Кацярына Махахей. Сапраўды, калі самы доўгачаканы бацька працягне фінансаванне, школа не будзе ведаць бяды.

Элітных класаў, падкрэслівае дырэктарка яшчэ раз, няма. «Ёсць у нас дзеці і вельмі забяспечаных людзей, але разам з імі вучацца і звычайныя дзеці, чые бацькі ўсё жыццё пражылі ў Астрашыцкім Гарадку. І нікуды ад гэтага не дзенешся…» Сёлета ў школу набралі 48 першакласнікаў, тры класы. Але ці ёсць сярод іх Коля Лукашэнка, высветліць так і не ўдалося.

Коннае падарожжа па рэзідэнцыі Лукашэнкі

Заняткі ў школе пачынаюцца а 8:30. Сняданкі вучні атрымліваюць бясплатныя, за абеды трэба даплачваць, але сімвалічную суму — 3000 рублёў.

Кацярына Махахей пастаянна падкрэслівала, што ў школу ўкладзена вельмі шмат сродкаў і што ім вельмі пашанцавала, бо для сельскай школы гэта нетыпова. Вучаць дзяцей падрыхтаваныя спецыялісты — палова настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй. Каля 75% працэнтаў сёлетніх выпускнікоў паступілі ва ўніверсітэты. Для параўнання — прыкладна такія ж паказальнікі ў абласных ліцэях краіны.

Дырэктарка адразу адзначыла, што школа расейскамоўная і ўсё выкладанне ідзе па-расейску.

«Не хвалюйцеся, беларуская мова будзе для дзіцяці як другая замежная, — «супакоіла» яна. — Чаму б я не вывучыць? Можа, калі-небудзь спатрэбіцца».

Кампанія для дзіцяці падбярэцца спартыўная —  у Астрашыцкім Гарадку будуць вучыцца хакейныя каманды 1994–1998 гадоў нараджэння поўным складам. «Гэта вельмі прэстыжна», — радуецца дырэктарка.

У красавіку павінен запрацаваць басейн, зараз ідзе яго актыўнае будаўніцтва. У «звычайнай» сельскай школе таксама будзе прагумаванае футбольнае поле.

Навучэнцы могуць катацца ў Раўбічах, прычым плацяць яны толькі за аўтобус. Сам жа адпачынак бясплатны. А вось конным спортам і хакеем школьнікі змогуць займацца на тэрыторыі рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы. Карацей, у гасцях у Колі.

Ёсць шмат гурткоў — і тэатральны, і вакальны, што дзіўна для сельскай школы. Хапае і праграм для адаптацыі дзяцей да школы. Напрыклад, для першакласнікаў за пяць месяцаў да пачатку вучобы па суботах пачынаюцца падрыхтоўчыя заняткі, на якіх дзіця ў гульнёвай форме знаёміцца са сваімі будучымі аднакласнікамі і настаўнікамі.

…Калі мы выязджалі з вёскі, услед за машынай беглі вясковыя дзеці, у гумовых ботах і кофтах, якія, відаць, засталіся ад старэйшых братоў, бо былі на пару памераў большыя. Хлапчукі спаборнічалі, хто першы здагоніць нашае аўто, якое з чарапашай хуткасцю перапаўзала калдобіны, і прыкладзецца рукой да багажніка. З крыкамі «я пайшоў на абгон!» яны, шчаслівыя ад сваёй беспакаранасці, тузаліся перад машынай і дражніліся. Ці ўяўляюць гэтыя дзеці, што праз тыдзень яны хутчэй за ўсё апынуцца за суседнімі партамі з маленькім генералам?

Поделиться ссылкой: