Як вядома, апошнім часам усё часцей педагагічныя спецыяльнасці становяцца своеасаблівым «запасным аэрадромам» для ўладальнікаў нізкіх балаў у сертыфікатах. Галоўная мэта маладых людзей — атрымаць не прафесію на ўсё жыццё, а дыплом аб вышэйшай адукацыі…

— Мы часта паўтараем, што ў настаўніцкай прафесіі не можа быць выпадковых людзей, але ва ўмовах масавай вышэйшай адукацыі наш універсітэт сутыкнуўся з праблемай, калі выбар абітурыентам месца навучання вызначаецца не свядома, а стыхійна. Гэта ў пэўнай ступені пацвярджае і апошні дзень прыёму дакументаў, калі абітурыент прымае рашэнне аб выбары спецыяльнасці не па руху душы, а зыходзячы з шанцаў быць залічаным, — падзяліўся сваім бачаннем праблемы з удзельнікамі гарадскога педагагічнага форуму кіраўнік вядучай педагагічнай навучальнай установы краіны.

— У нас ёсць вельмі паказальныя прыклады, калі студэнтам становіцца чалавек, які набраў на цэнтралізаваным тэсціраванні ўсяго адзін бал па матэматыцы.

Уявіце сабе, якім «моцным» трэба быць матэматыкам, каб набраць аж цэлы бал са 100 магчымых! Як правіла, такія слабыя студэнты, якія паступаюць на платную форму навучання, не могуць выканаць патрабаванні вучэбных праграм, і мы вымушаны іх адлічваць. Хачу запэўніць усіх, што ніхто ў нашым універсітэце не будзе ахвяраваць якасцю адукацыі і рэпутацыяй навучальнай установы толькі дзеля імгненнага прыбытку.

Пётр Кухарчык канстатаваў, што праблемай і педагагічнага ўніверсітэта, і іншых ВНУ, з’яўляюцца разыходжанні (прычым часта даволі істотныя) паміж баламі ў школьным атэстаце абітурыента і баламі, атрыманымі ім на ўступных іспытах. Самыя яркія прыклады — гэта суадносіны дзевяці балаў на ЦТ да шасцідзесяці ў сертыфікаце па тым жа прадмеце, васемнаццаці — да сямідзесяці, дваццаці пяці — да васьмідзесяці і аднаго бала — да пяцідзесяці. Прычым ёсць шмат прыкладаў, калі атэстат літаральна «выцягвае» абітурыента, дазваляе яму «дацягнуцца» да прахаднога бала: у агульнай суме балаў будучага студэнта яго «вага» з’яўляецца вырашальнай…

— Мяркую, усім удзельнікам педагагічнага форуму вядомыя выпадкі, калі маладыя настаўнікі прыступаюць да прафесійнай дзейнасці, не маючы дакладнага ўяўлення ні пра спецыфіку стасункаў як асаблівага віду ўзаемадзеяння людзей, ні пра асаблівасці граматнага маўлення, ні пра стылістыку мовы, — падкрэсліў Пётр Кухарчык. — У кастрычніку 2008 і 2009 гадоў у нас ва ўніверсітэце праводзіўся эксперымент, у якім былі задзейнічаныя больш як 1,5 тысячы студэнтаў першага курса нефілалагічных спецыяльнасцяў. Яго сутнасць заключалася ў напісанні звычайнай школьнай дыктоўкі (крыху менш за дзве сотні слоў). І, прызнаюся, вынікі эксперымента насцярожылі і ў пэўнай ступені азадачылі кіраўніцтва нашага ўніверсітэта. Сярэдні бал дыктоўкі па дзесяцібальнай шкале склаў па рускай мове 2,8 бала і па беларускай — 4,3 бала. У асобных работах нашых студэнтаў налічвалася да 36 памылак! Некаторыя студэнты рабілі прымітыўныя памылкі нават у вядомых словах і словах, якія часта сустракаюцца, такіх як атэстат, сертыфікат, бал…

Кідалася ў вочы неадпаведнасць балаў школьнага атэстата, сертыфіката і дыктоўкі. Таму ў нас паўстае заканамернае пытанне, а ці трэба выдаваць сертыфікаты ўсім абітурыентам?

Магчыма, трэба ўстанавіць пэўныя абмежаванні для прэтэндэнтаў на студэнцкі білет? Хачу дадаць, што сёлета тэсты па рускай мове абітурыенты напісалі горш, чым тэсты па замежных мовах. І абітурыенты з нізкімі баламі ў сертыфікатах (2, 3, 4, 5 і 6 балаў) змаглі стаць нашымі студэнтамі. Пагадзіцеся, тут ёсць над чым паразважаць і школьным настаўнікам, і выкладчыкам ВНУ. Трэба разам шукаць выйсце з гэтага становішча…

Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта перакананы, што недаацэньваць значнасць прафесіі педагога ў грамадстве недаравальна, бо ад узроўню інтэлекту і прафесійнага майстэрства настаўнікаў у многім залежыць якасць падрыхтоўкі будучых інжынераў, урачоў, эканамістаў, юрыстаў, гэта значыць, тых спецыялістаў, якія вызначаюць аблічча ўсёй краіны. Невыпадкова лейтматывам гарадскога форуму быў абраны лозунг «Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця» . Гэта не проста ўдалае і прыгожае спалучэнне слоў, а разуменне педагагічнай грамадскасцю важнасці якаснай адукацыі ў жыцці чалавека.

Петр Кухарчык агучыў цікавы факт: конкурс у педагагічны ўніверсітэт практычна не змяніўся за апошнія 90 гадоў!

У 1914 годзе ў толькі што створаны Мінскі настаўніцкі інстытут конкурс склаў 2,3 чалавека на месца (з 70 прэтэндэнтаў было залічана 30 чалавек). І ў 2010 годзе сярэдні конкурс таксама склаў больш як 2 чалавекі на месца, але на першы курс было залічана ўжо 4 тысячы студэнтаў. За апошнія гады сярод абітурыентаў БДПУ вырасла колькасць мінчан: так, калі ў 2008 годзе студэнтамі дзённай формы навучання сталі 393 жыхары беларускай сталіцы, то сёлета — ужо 637 чалавек. Вынікі размеркавання за апошнія тры гады сведчаць, што ўсё больш выпускнікоў накіроўваюцца на работу ў сталічныя ўстановы адукацыі: у 2008 годзе — 35 працэнтаў, 2009 годзе — 39 працэнтаў і ў 2010 годзе — 42 працэнты.

Пётр Кухарчык не без гонару адзначыў, што кожны пяты выпускнік БДПУ мае дыплом з адзнакай. 16 студэнтаў былі ўладальнікамі імянных стыпендый. Разам з тым Пётр Кухарчык катэгарычна нязгодны з тым, што ў краіне адбываецца перавытворчасць педагагічных кадраў: «Пра якую перавытворчасць педагогаў можа весціся размова, калі мы не змаглі выканаць сёлета заяўкі на настаўнікаў фізікі, матэматыкі, хіміі, пачатковай школы і педагогаў для сістэмы дашкольнай адукацыі? Яшчэ нядаўна Камітэт па адукацыі „біў у званы“ наконт дэфіцыту ў горадзе спецыялістаў пачатковай і дашкольнай адукацыі. Наш універсітэт аператыўна адрэагаваў на гэтую праблему і, у адпаведнасці з рашэннем Міністэрства адукацыі, павялічыў колькасць бюджэтных месцаў на згаданых спецыяльнасцях у паўтара-два разы. Дарэчы, тэрмін навучання на ўказаных спецыяльнасцях па новы стандартах, распрацаваных нашай ВНУ, складае чатыры гады. Гэта значная эканомія дзяржаўных сродкаў і часу. Але, хачу папярэдзіць, што пераходзіць на чатырохгадовы тэрмін навучання ў вышэйшай школе таксама трэба абачліва і выбіральна…»

Для больш якаснай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт выйшаў з прапановай у Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама аб пераглядзе базы для праходжання студэнтамі педагагічных практык. Неабходна, каб педагагічная практыка праходзіла ў лепшых школах горада, пад кіраўніцтвам прафесійна кампетэнтных настаўнікаў.

Петр Кухарчык з задавальненнем адзначыў, што прыкладна 20 працэнтаў выкладчыкаў БДПУ маюць практычны досвед работы ў школе.

Гэта вельмі важна, бо школа і педагагічны ўніверсітэт павінны развівацца сінхронна, а не паралельна — незалежна адзін ад аднаго. Педагагічная навука не можа быць адарванай ад практыкі.

Закранаючы праблему катастрафічна нізкай маўленчай культуры сучаснай моладзі Петр Кухарчык падкрэсліў, што змяніць сітуацыю можна будзе толькі ў тым выпадку, калі ў выхаванні маўленчай культуры падрастаючага пакалення будуць задзейнічаны школьныя педагогі і педагагічны састаў ВНУ, работнікі СМІ і прадстаўнікі высокай палітыкі, ну і, зразумела, бацькі школьнікаў. Як сведчыць практыка, навучанне і выхаванне прыносяць чаканы эфект толькі у тым выпадку, калі ёсць пастаянная зацікаўленасць дарослых у іх выніках…

Поделиться ссылкой: