У сваім выступе на сустрэчы Аляксей Янукевіч зьвярнуў асаблівую ўвагу спадарыні Хурскайнэн на ўзмацненьне ціску з боку ўладаў на дэмакратычных актывістаў і сябраў Партыі БНФ у прыватнасьці ў рэгіёнах напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У якасьці прыкладу Аляксей Янукевіч прывёў выпадак зь сябрам Сойму Партыі БНФ Сяргеем Панамаровым, супраць якога распачаты крымінальны перасьлед, паведамляе прэс-служба партыі БНФ.
Таксама Аляксей Янукевіч выказаў заклапочанасьць узмацненьнем ціску на незалежных журналістаў, абмежаваньнем магчымасьцяў для выкананьня сваіх абавязкаў фотакарэспандэнтамі. Аляксей Янукевіч нагадаў, што зробленыя яшчэ год таму на міжнародным узроўні абяцаньні беларускіх уладаў скасаваць арт. 193 ч.1 Крымінальнага Кодэксу да гэтага часу не выкананыя.
“Безумоўна, важна, каб Беларусь была прадстаўленая ў ПАРЭ, хаця б у якасьці спэцыяльна запрошанай. Але для дэмакратычных пэрспэктываў Беларусі было б вельмі шкодна, каб цяперашнія беларускія ўлады маглі атрымаць статус безь зьдзяйсьненьня рэальных дэмакратычных пераўтварэньняў. Таму, на маю думку, лепш за ўсё будзе, калі ПАРЭ вернецца да пытаньня статусу Беларусі па выніках прэзыдэнцкіх выбараў. Я лічу, было б выдатна, калі б ПАРЭ здолела накіраваць як мага большую колькасьць сваіх назіральнікаў на бліжэйшыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі”, – пракамэнтаваў вынікі сустрэчы кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Поделиться: