Лідэр Руху “За Свабоду” згодны дапамагаць у прывядзенні заканадаўства да дэмакратычных стандартаў.

У той жа час дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце прызнаюць, што даволі слаба ўяўляюць механізмы прававой рэалізацыі прапановы Аляксандра Мілінкевіча пра абавязковае уключэнне ў камісіі усіх узроўняў прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты альбо ў прэзідэнты, паведамляе прэс-служба Руху “За Свабоду”.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі ПП Міхаіл Орда папрасіў Аляксандра Мілінкевіча больш дэтальна падзяліцца сваімі меркаваннямі пра рэалізацыю ягонай прапановы наконт сварэння ўмоваў для празрыстага падліку галасоў.

Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч пры дапамозе юрыста Уладзіміра Лабковіча падрыхтаваў падрабязныя тлумачэнні статуса прадстаўніка кандыдата і  канкрэтны пакрокавы спіс дзеянняў, якія на сваім узроўні здольныя ажыццявіць дэпутаты, каб заканадаўча замацаваць новую норму. Ліст з разгорнутымі тлумачэннямі і прапановамі будзе дасланы ў Палату прадстаўнікоў сёння.

Так, паводле прапановы Аляксандра Мілінкевіча, прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты альбо ў Прэзідэнты мае права дэлегаваць у склад тэрытарыяльнай (акруговай) камісіі свайго прадстаўніка, які будзе валодаць усімі правамі сябра камісіі, акрамя галасавання. Пасля рэгістрацыі кандыдата, гэты прадстаўнік становіцца паўнапраўным сябрам камісіі.

Кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь альбо кандыдат у дэпутаты таксама атрымлівае права вылучыць па адным прадстаўніку ў кожную ўчастковую выбарчую камісію. Органы, якія фармуюць участковыя выбарчыя камісіі, дэлегуюць такіх асоб у склад камісіі ў бясспрэчным парадку. Сябры камісіяў, якія вылучаныя кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, кандыдатамі ў дэпутаты валодаюць усімі без выключэння правамі і нясуць абавязкі сябраў выбарчай камісіі.

Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што рэалізацыя гэтых нормаў не толькі паспрыяе празрыстасці і дэмакратычнасці выбараў, але ў выпадку, калі які-небудзь кандыдат не мае магчымасці запоўніць сваю квоту ў камісіях, не паставіць пад пагрозу працу камісіі, бо яна адразу фармуецца ў поўным складзе, а толькі потым дапаўняецца з ліку дэлегаваных у камісію прадстаўнікоў асобаў, якія маюць намер вылучыцца кандыдатамі.

У заключэнне Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што Палата прадстаўнікоў пры наяўнасці на тое палітычнай волі цалкам здольная прыняць змены ў Закон падчас аднадзённага пленарнага паседжання адразу ў двух чытаннях. Такія прэцэдэнты ужо ёсць.

Поделиться: