Хурскайнэн цікавіць сытуацыя ў Беларусі па трох пытаньнях:

правы чалавека
дэмакратыя
вяршэнства закона.

“Я хацела б даведацца, што зроблена ў Беларусі пасьля нашага апошняга візыту. Я ведаю, што ёсьць і дрэнныя навіны, датычныя вынясеньня новых сьмяротных прысудаў”, – заўважыла Хурскайнэн.

Візыт дакладчыка ПАРЭ па Беларусі працягнецца тры дні, паведамляе БелаПАН.

Сініка Хурскайнэн правядзе шэраг афіцыйных сустрэчаў:

з кіраўніцтвам абедзьвюх палата Нацыянальнага сходу
міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым
генпракурорам Рыгорам Васілевічам
намесьнік міністра замежных спраў Валерыем Варанецкім
міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім
кіраўніком рабочай групы парлямэнта па пытаньнях сьмяротнага пакараньня Мікалаем Самасейкам.

Заплянаваны таксама сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі і НДА.

Пры канцы красавіка Сініка Хурскайнэн прадставіла праект рэзалюцыі па Беларусі, дзе заклікала Раду Эўропы прыпыніць кантакты на высокім узроўні, але працягнуць дыялёг з уладамі і грамадзянскай супольнасьцю.

Падчас дэбатаў у ПАРЭ яна адзначыла, што працэс збліжэньня паміж Беларусьсю і Радай Эўропы, які пачаўся некалькі гадоў таму, “зноў спыніўся па многіх прычынах”.

У ліку такіх прычын Хурскайнэн назвала:

новыя выпадкі прымяненьня сьмяротнага пакараньня
ціск на незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасьць, апазыцыйныя структуры і польскую меншасьць.

Пры гэтым фінская дэпутат выказалася за працяг дыялёгу зь афіцыйным Менскам. Яна падкрэсьліла, што нельга вяртацца да палітыкі ізаляцыі.

“Мы чакаем ад Беларусі выразны палітычны сігнал з самага высокага узроўню, што краіна гатовая супрацоўнічаць з намі і дасягаць адчувальных вынікаў”, – заявіла Хурскайнэн.

Поделиться: