Яшчэ ў маі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі спрагназаваў інфармацыйную атаку на беларускае кіраўніцтва.

У сваім блогу на сайце naviny.by ён напісаў: «Яшчэ да пачатку агульнанацыянальнай палітычнай кампаніі СМІ сумежных дзяржаваў пачынаюць узгоднена і нядобразычліва асвятляць падзеі, што ў нас адбываюцца. Паток крытыкі, які ўвесь час нарастае, не можа застацца без увагі. Цікаўнасць і скандальнасць не ў апошнюю чаргу забяспечваюцца масіраваным злівам кампрамату на высокапастаўленых асоб».

«Наша Ніва»: Інфармацыйная атака ідзе па Вашым сцэнары, ці ёсць некаторыя нечаканасці?

Аляксандр Зімоўскі: Не, нічога нечаканага для мяне няма.

«НН»: І як Вам рэакцыя давераных Вам СМІ?

АЗ: Ведаеце, мне здаецца, што нашы ўдары не дастаюць адзін да аднаго. Мы можам уздзейнічаць толькі пры дапамозе «Беларусь-ТВ», што транслюецца ў Расіі. Тым не менш, мне здаецца, што нашы журналісты рэагуюць эфектыўна і хутка. Расійскі ж бок проста выконвае палітычны заказ. Гэта як на дуэлі. Яны выбіраюць зброю, а нам даводзіцца толькі адказваць. Натуральна, што атакуючы бок мае пэўную перавагу. Але нам удаецца яе нівеляваць.

«НН»: Якую мяжу Расія можа пераступіць у гэтым інфармацыйным канфлікце?

АЗ: Ну, не думаю, што Беларусь абвесцяць краінай паліцаяў. Тым не менш, кіроўную эліту і вярхі будуць па-ранейшаму мяшаць з граззю. Людзей тут не чапаюць, а толькі кіраўніцтва. Тым не менш, у апошняй частцы «Хроснага бацькі» было ясна падкрэслена, што дзяржава наязджае на простых людзей, на прадпрымальнікаў, фірмы, выціскае з іх бабкі. Гэта самы небяспечны пасыл.

«НН»: А якіх мэтаў хоча дасягнуць Расія?

АЗ: З улікам таго, што ў нас апошнім часам значна палепшыліся адносіны са Святым Пасадам, то ўзгадаю адзін выпадак з яго гісторыі. Ён датычыць імператара Генрыха і Папы Рымскага Рыгора VII. Калі Рыгор заняў папскі прастол, то ён адразу паспрабаваў абмежаваць імператарскую ўладу. Пасля Генрыха адлучылі ад царквы. Графы і герцагі запатрабавалі ў імператара прасіць папскую літасць. Урэшце Генрых басанож прыбыў у Каносу, дзе ў той час знаходзіўся папа. Але яго тры дні не пускалі, увесь гэты час ён плакаў і прасіў злітавацца. Князі і біскупы моўчкі глядзелі на гэтыя прыніжэнні Генрыха. Думаю, што ў Расіі хочуць такога самага хаджэння ў Каносу ад нашага кіраўніцтва.

«НН»: Але «Хросны бацька» прыніжае не проста кіраўніка дзяржавы. Гэта і абраза самой дзяржавы. Чаму няма рэакцыі той самай дзяржавы?

АЗ: Гэта розныя рэчы. Калі б там сцяг растапталі ці аспрэчвалі беларускі суверэнітэт, то тады, канечне, варта было б выклікаць на размову пасла Расіі. Тут жа праходзяцца па асобах. Па абразе прэзідэнта ў нас ёсць іншы артыкул, напрыклад. Калі «Рэспубліка» друкуе артыкул Мілова і Нямцова, то хіба гэта абраза Расіі? Не. Гэта парытэтныя кампаніі.

«НН»: Дык, можа, трэба было гэты фільм паказаць, калі нічога страшнага ў ім няма?

АЗ: НТВ не прапаноўвала нам яго купіць. (Смяецца.) Гэты тэлеканал і раней так рабіў, што здымаў пэўны матэрыял, а потым прапаноўваў героям перадач яго купіць, каб той не выйшаў у эфір. Можа, хацелі, каб і мы так зрабілі.

«НН»: А як Вам рэакцыя на фільм апазіцыі і грамадства?

АЗ: Апазіцыя пляскае ў далоні. Гэта і зразумела. Грамадства ж абсалютна абыякавае.

«НН»: Можа, фільм атрымаў сенсацыйнае адценне таму, што на дзяржаўных тэлеканалах адсутнічае любая крытыка кіраўніка дзяржавы?

АЗ: А крытыкі там мы так і не пачулі. Там не ставіцца пад сумнеў эканамічная мадэль развіцця краіны ці сацыяльная палітыка. Гэтага няма. Фільм цалкам складаецца з надуманай інфармацыі, якая дастаткова даўно цыркулюе ў Беларусі ў выглядзе чутак і плётак. Мы пабачылі асабісты наезд па асабістых матывах.

«НН»: Не так даўно на сваім блогу Вы раскрытыкавалі беларускую дыпламатыю і разведку за тое, што яна прахлопала інфармацыйную атаку. Чаму Ваша рэакцыя была такой рэзкай?

АЗ: Таму, што няма яснай карціны свету. Інфармацыя павінна быць нефільтраванай. Калі нехта фільтруе інфармацыю, баючыся, скажам, сапсаваць настрой Аляксандру Лукашэнку, то гэта злачынцы, якіх, не пабаюся сказаць, трэба мачыць.

«НН»: На Ваш погляд, Расія можа падтрымаць на выбарах іншага чалавека, а не Лукашэнку?

АЗ: У Расіі няма магчымасцяў уплываць на нашу сітуацыю. Лёс краіны будзем вырашаць толькі мы з вамі.

«НН»: А калі выбары будуць прызнаныя Крамлём нелегітымнымі?

АЗ: А каго гэта хвалюе?

Фота «Літоўскі кур’ер»

Поделиться: