Пытанне ім сфармулявалі так: “Ці згодны вы стаць пад сцягі Аляксандра Мілінкевіча?”.

Андрэй САННІКАЎ, намеснік міністра замежных спраў Беларусі ў 1995—1996 гадах, магчымы кандыдат на пасаду прэзідэнта:

— Я не буду каменціраваць выказванне Аляксандра Мілінкевіча…

Валерый ФРАЛОЎ, генерал, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі:

— Ніколі ў жыцці не стану пад сцягі Аляксандра Мілінкевіча… Не хацелася б нікога загадзя крыўдзіць, але ў будучай прэзідэнцкай кампаніі, на маю думку, у Мілінкевіча будзе ясна акрэсленая роля. Дай Бог памыліцца, але мне падаецца, што Мілінкевіч выступіць спарынг-партнёрам для дзеючага кіраўніка дзяржавы…

Рыгор КОСТУСЕЎ, намеснік старшыні Партыі БНФ:

— Такой заявы ад Аляксандра Мілінкевіча я асабіста не чуў. Але калі журналісты пішуць… Хачу адзначыць, што рух “За свабоду” і Партыя БНФ — саюзнікі. Казаць пра тое, што Партыя БНФ стане пад сцягі руху, які ўзначальвае Аляксандр Мілінкевіч, няправільна. Так, у нас агульныя мэты — незалежнасць Беларусі, абарона яе суверэнітэту. Аднак партыя — гэта партыя, а рух — гэта рух. Тым не менш нашы структуры будуць супрацоўнічаць і далей…

Мікола СТАТКЕВІЧ, каардынатар незарэгістраванай “Еўрапейскай кааліцыі”:

— Беларусь — еўрапейская краіна, і яна павінна рухацца ў бок Еўрасаюза. Я, як каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі”, гаварыў пра гэта з 2003 года. Добра, што з цягам часу ў гэтай ідэі ўсё больш прыхільнікаў. Што тычыцца заявы Мілінкевіча, то адной толькі заявы, безумоўна, мала: яна павінна быць падмацавана рашучымі дзеяннямі, у тым ліку і падчас будучай прэзідэнцкай кампаніі. Калі заява Аляксандра Уладзіміравіча так і застанецца без канкрэтыкі, то гэта адно, а вось калі Мілінкевіч прадэманструе рэальныя здольнасці для аб’яднання праеўрапейскіх сіл, калі Мілінкевіч стане рэальным лідэрам, а не чалавекам, які толькі дэкларуе намеры і робіць заявы, то, думаю, можна будзе стаць пад яго сцягі ўсім нам…

Віталь РЫМАШЭЎСКІ, прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду ад ствараемай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя“:

— Безумоўна, не. З іншымі дэмакратычнымі партыямі і сіламі мы можам размаўляць аб партнёрстве, а не аб лідэрстве сярод усіх дэмакратычных сіл. Што тычыцца Аляксандра Мілінкевіча, то ён не можа стаць лідэрам дэмакратычных сіл Беларусі. У яго няма апаведных якасцяў. Таму пад сцягі Аляксандра Уладзіміравіча станавіцца не збіраемся…

Яраслаў РАМАНЧУК: «Мілінкевіч зрабіў усё  магчымае, каб разбурыць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы»

На жаль, “Народная Воля” не змагла датэлефанавацца да намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука, які вылучаны партыяй у якасці прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта. Аднак у інтэрв’ю сайту “Беларускі партызан” Раманчук адзначыў:

“Перш чым рабіць такія заявы, трэба паглядзець, што Аляксандр Мілінкевіч зрабіў за мінулы час. У 2006 годзе ён расчараваў дэмакратычную грамадскасць, зараз ён не змог дамагчыся свайго вылучэння нават у межах “Беларускага незалежніцкага блоку”. Вакол — падман, подкупы, разбурэнне. Мілінкевіч ужо заявіў, што надыходзячыя выбары — гэта не выбары, а пераходны этап. Больш чэсна было б не ўдзельнічаць у гэтай кампаніі ўвогуле, калі ты не верыш у перамогу. Мілінкевіч зрабіў усё магчымае, каб разбурыць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, і зараз ён сваімі рукамі разбурае адзінства дэмакратычных сіл, што выглядае яўна не па-еўрапейску.

Поделиться: