Нагадаем, заяўкі на ўдзел у кастынгу тэлеканал пачаў прымаць у сярэдзіне ліпеня. Як расказала дырэктар дырэкцыі спецпраектаў тэлеканала ОНТ Анжаліна Мікульская, на адрас ОНТ паступіла прыкладна 4,5 тыс. анкет. Было адабрана прыкладна 500 чалавек, якіх запрасілі для ўдзелу ў першым выпрабаванні — кіламетровым кросе, паведамляе БелаПАН.

Прэтэндэнты на ўдзел у шоу стартавалі групамі па 25 чалавек. Сямёра ў кожнай групе, якія прыйшлі да фінішу першымі, будуць запрошаныя на сумоўе, па выніках якой вызначацца ўдзельнікі “Зачысткі”.

Як паведаміла Мікульская, у міжнародным шоу “Зачыстка” Беларусь прадставіць каманда з 18 чалавек. У яе ўвойдуць тройкі тэлевядучых, музычных выканаўцаў і спартсменаў, а таксама трое мужчын і трое жанчын, якія прайшлі кастынг. Акрамя гэтага, тры чалавекі ўвойдуць у каманду “Сюрпрыз”, склад якой будзе аб’яўлены толькі на здымках. Паводле яе слоў, пры фарміраванні апошняй тройкі тэлеканалу неабходна праявіць крэатыўнасць і арыгінальнасць. Таксама ў складзе беларускай каманды прадугледжваюцца два запасныя ўдзельнікі.

Паводле слоў Мікульскай, у пачатку верасня беларуская каманда паедзе ў Аргенціну, дзе для шоу за 40 кіламетраў ад Буэнас-Айрэса пабудаваны спецыяльны конкурсны гарадок. Удзельнікам праекта неабходна будзе пераадольваць розныя выпрабаванні: скакаць з вялікай вышыні, праходзіць праз агонь, поўзаць па гразі, круціцца ў цэнтрыфузе, апускацца пад ваду.

Падчас праекта беларуская каманда пазмагаецца з камандай Украіны і зборнай Чэхіі і Славакіі. На працягу трох тыдняў каманды будуць змагацца за першынство і адстойваць гонар краіны. Гледачы ОНТ убачаць праект у пачатку наступнага года. Нагадаем, летась у праекце ўдзельнічала Расія. У расійскім варыянце шоу атрымала назву “Жорсткія гульні”.

Поделиться ссылкой: