Як паведамляе прэс-служба руху, устаноўчы з’езд арганізацыі прайшоў у Мінску 10 ліпеня. 10 жніўня лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч, яго намеснік Анастасія Машчава і член цэнтральнай рады аб’яднання Уладзімір Сяргееў падалі дакументы ў Мінюст, паведамляе БелаПАН. 

Як падкрэсліў Фінькевіч, такім чынам прадстаўнікі руху дэманструюць сваё “жаданне і добрую волю дзейнічаць у межах прававога поля”. “Больш за тое, сам працэс падрыхтоўкі дакументаў садзейнічае ўнутранай дысцыпліне і ўпарадкаванню дзейнасці”, — дадаў ён.

Трэба адзначыць, што ў Беларусі існуюць два рухі з назвай “Маладая Беларусь”. Акрамя згаданай арганізацыі на чале з Фінькевічам дзейнічае зарэгістраваны ў Літве рух “Маладая Беларусь” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Каспяровіча. Яго ўстаноўчы з’езд прайшоў у Мінску ў канцы лістапада 2009 года, аднак пасля адмовы Мінюста Беларусі зарэгістраваць рух ён быў афіцыйна зарэгістраваны ў Літве як міжнароднае маладзёжнае аб’яднанне.

Артур Фінькевіч і яго аднадумцы не прызналі з’езд гэтай структуры, аб’явіўшы, што “ніякага дачынення да “Маладой Беларусі” гэтыя людзі не маюць”. Як сцвярджаў Фінькевіч, ва ўстаноўчым сходзе не ўдзельнічалі ні ён сам, ні каардынатары руху, а Каспяровіч, паводле яго слоў, быў выключаны са складу аргкамітэта па стварэнні руху ў красавіку 2009 года.

Поделиться ссылкой: