«Мы даразмясцілі аблігацыі на 400 мільёнаў долараў», — паведаміў дзяржаўнаму агенцтву БелТА першы намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын. Ён нагадаў, што першыя аблігацыі размяшчаліся са стаўкай купона 8,75%. Даходнасць даразмешчаных аблігацый да пагашэння складзе на 0,5% меней — 8,25%. Гэта значыць, што попыт на першаснае размяшчэнне быў высокі, што і дазволіла знізіць працэнт.

Арганізатарамі выпуску еўрааблігацый Беларусі выступілі французскі BNP Paribas, нямецкі Deutsche Bank, брытанскі The Royal Bank of Scotland і «Сбербанк» з Расіі. «Беларусбанк» узяў удзел у якасці суарганізатара выпуску. Выпуск прыцягнуў увагу шырокага кола інвестараў з розных рэгіёнаў свету і быў перападпісаны ў два з паловай разу. Заяўкі на ўдзел у размяшчэнні былі атрыманы ад 145 інвестараў на агульную суму $1,5 млрд.

У часе дэбютнага размяшчэння еўрабондаў на 600 млн долараў тэрмінам на пяць гадоў міністр фінансаў Андрэй Харкавец казаў: «Купон 8,75% адпавядае ацэнцы ўсяго рынку. І важна разумець, што тут не мы дыктуем умовы, а інвестары», — падкрэсліў ён.

Незадоўга да гэтага стала вядома, што міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s (S&P) прысвоіла запланаванаму дэбютнаму выпуску беларускіх еўрааблігацый папярэдні доўгатэрміновы рэйтынг прыярытэтнага незабяспечанага доўгу «В+».

S&P таксама прысвоіла запланаванаму выпуску рэйтынг аднаўлення «4». Гэты ўзровень рэйтынгу азначае, што агенцтва ацэньвае верагоднасць аднаўлення эмітэнта ў выпадку дэфолту па аблігацыях у 30–50%.

«Значэнні рэйтынгаў Беларусі прысвоены ў сувязі з невысокай ацэнкай ліквіднасці, высокіх значэнняў дэфіцыту бягучага балансу Беларусі і пастаянных праблем ва ўзгадненні цэн энерганосьбітаў, што імпартуюцца з Расіі», — гаварылася ў каментары S&P.

Права выпусціць у 2010–2011 гадах аблігацыі на суму да 2 млрд. долараў з тэрмінам карыстання не менш як пяць гадоў і размяшчэннем за межамі Беларусі ўраду даў указ прэзідэнта ад 13 мая 2010 года.

Еўрабонды (еўрааблігацыі) — гэта від доўгатэрміновых каштоўных папер. Асноўныя іх купцы — інстытуцыйныя інвестары: страхавыя і пенсійныя фонды, інвестыцыйныя кампаніі.

Вяртаць пазыку Беларусі прыйдзецца ў 2015 годзе. Працэнты па аблігацыях будуць выплачвацца на паўгадавой аснове 3 лютага і 3 жніўня кожнага года.

Выпуск аблігацый дазволіць ураду не браць крэдытаў ад МВФ ці Расіі. Іх можна атрымаць пад значна ніжэйшы працэнт, аднак МВФ звязваў выдачу крэдытаў з выкананнем эканамічных, а Масква — палітыка-эканамічных патрабаванняў. У выбарчы год для адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі тое падавалася непрымальным.

Даходнасць беларускіх аблігацый на 6% вышэйшая за даходнасць аблігацый Нямеччыны, якія лічацца пунктам адліку. Даходнасць 5-гадовых дзяржаўных аблігацый Германіі на сёння складае прыкладна 2,2%. Для параўнання таксама, аблігацыі Грэцыі, што балансавала на мяжы банкруцтва, на сёння ідуць пад 11%, хоць яшчэ ў маі-чэрвені размяшчаліся пад 8%, а да гэтага года — пад 3,5%.

Атрыманне грошай, фактычна, пазыкаў, шляхам выпуску аблігацый — гэта камфортны для ўрада, але не самы выгадны спосаб. Сродкі ад МВФ, хоць і выдзяляюцца звычайна пад не зусім прыемныя для ўрада ўмовы накшталт макраэканамічных рэформаў, выдаюцца пад нашмат ніжэйшы працэнт. Іх можна атрымаць пад 2—3%, тады як беларускія аблігацыі сёння ідуць больш чым пад 8%.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»