Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка 2 жніўня падпісаў указ № 400 «Аб накіраванні ваеннаслужачых Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі ў Ліванскай Рэспубліцы». Група беларускіх міратворцаў будзе знаходзіцца ў складзе Часовых сіл Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Ліване, паведамляе БелаПАН.

Беларускія ваеннаслужачыя возьмуць удзел у місіі ААН у якасці афіцэраў штаба місіі, урачоў шпіталя, а таксама спецыялістаў па ваенна-грамадзянскім узаемадзеянні. Функцыянальныя абавязацельствы беларускіх прадстаўнікоў будуць звязаны з інфармацыйным забеспячэннем дзейнасці місіі, аказаннем медыцынскай дапамогі міратворцам, ажыццяўленнем узаемадзеяння Часовых сіл з цывільным насельніцтвам і грамадскімі арганізацыямі.

Рашэнне аб накіраванні беларускіх спецыялістаў «прынята на падставе абавязацельстваў Беларусі, якія вынікаюць з далучэння рэспублікі ў 2001 годзе да сістэмы Рэзервовых пагадненняў ААН, якія рэгулююць удзел дзяржаў — членаў арганізацыі ў міратворчай дзейнасці, а таксама ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2003 года № 254-З «Аб парадку накіравання ваеннаслужачых, асоб кіруючага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, цывільнага персаналу за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі».

Падрыхтоўка беларускіх міратворцаў «праводзілася ў строгай адпаведнасці з прынцыпамі добраахвотнага ўдзелу, прававой і сацыяльнай абароненасці міратворцаў, усебаковага матэрыяльнага і тэхнічнага забеспячэння».

Выкананне гэтага ўказа «пацвердзіць прыхільнасць Рэспублікі Беларусь справе ўмацавання міжнароднага міру пад эгідай ААН і ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права, а таксама дасць магчымасць узмацніць пазіцыі краіны на міжнароднай арэне, стварыць новыя механізмы для рэалізацыі яе знешнепалітычных інтарэсаў», гаворыцца ў паведамленні.