Аб ёй даў намёк галоўны прэзідэнцкі ўсхваліцель Аляксандр Зімоўскі. Па яго прызнанні, “МЗС праспаў момант, калі ЗША і Расія знюхаліся па беларускай праблематыцы”. І, зразумела, на думку Зімоўскага, страху ў гэтым няма.

Прызнанне пра страх наўрад ці шчырае. Яно, канечне, бясспрэчна, што аўтарытарныя рэжымы краін-ізгояў — Паўночная Карэя, Кітай, Куба, Іран — нікога не баяцца і гатовы ахвяраваць дабрабытам сваіх грамадзян, іх правамі, свабодай і нават жыццямі, калі аказваюцца ў “коле ворагаў”. Але наўрад ці з Беларуссю будуць цацкацца так, як з ядзернымі Кітаем ці Іранам, і наўрад ці беларусы задаволяцца паўміскай рысу на дзень, як паўночнакарэйцы. Самым пільным чынам МЗС сачыў, каб менавіта не “знюхаліся” Расія і Захад у поглядзе на беларускую праблему, і каб з удзелам Расіі не стварылася кааліцыя супраць апошняй еўрапейскай дыктатуры. Але нашы дыпламаты сапраўды праспалі, не заўважылі, як і калі яна стварылася. На апошнім пасяджэнні ПАСЕ, дзе слухалася беларускае пытанне, расіяне ўжо галасавалі за рэзалюцыю па Беларусі менавіта так, як і іх калегі з Германіі, Польшчы, Літвы… І ніхто ў Мінску не мог даць сур’ёзнага тлумачэння, што адбылося, — гэта выпадковасць ці сведчанне змены палітыкі.

А калі не разумелі, што адбываецца, то рабілі памылку за памылкай. Адчуўшы халадок з усходняга накірунку, Беларусь кінулася ў перамовы з Еўрасаюзам. Хацелі папалохаць Маскву, прадэманстраваць, што за сяброўскія адносіны трэба плаціць. А рэакцыя аказалася зусім не той, якую чакалі. Уладзімір Пуцін заявіў: “Мы вітаем такі крок, Беларусі даўно трэба было наладжваць адносіны з Еўропай”.

Кінуліся шукаць партнёраў на постсавецкай прасторы, Лукашэнка раптам палюбіў і “памаранчавую рэвалюцыю”, і Віктара Юшчанку, але Масква пры ціхім наглядзе Захаду зрабіла ўсё магчымае, каб Юшчанку на пасадзе прэзідэнта Украіны змяніў больш прарасійскі Віктар Януковіч…

Аляксандр Лукашэнка — адзіны з суседзяў — не паехаў на пахаванне прэзідэнта Польшчы, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам і нават жалобу ў нашай краіне не абвясціў у знак спачування. А каля прэзідэнта Расіі на пахавальнай імшы ў Кракаўскім касцёле сядзелі: па левую руку — прэзідэнт Украіны, па правую — прэзідэнт Літвы. Хаця яшчэ год-два таму пратакольныя службы зрабілі б усё магчымае і немагчымае, каб кіраўнікі гэтых дзяржаў нават вачыма не сустрэліся, не тое што побач не сядзелі. Ці гэта не сведчанне сур’ёзных змен у еўрапалітыцы, якія праспаў беларускі МЗС?

Беларусь будавала сваю знешнюю палітыку, зыходзячы з прынцыпаў варожасці і канфлікту. Лукашэнка кідаўся пад натаўскія танкі і сцвярджаў, што, абараняючы Расію ад Захаду, наш народ пойдзе нават у зямлянкі. Але хоць хто-небудзь з дарадцаў па знешнепалітычных пытаннях павінен быў падказаць беларускаму кіраўніку, што Расія і Захад не збіраюцца ваяваць, што сёння перад імі стаяць іншыя пагрозы, якія, наадварот, вымушаюць да саюзаў. І будаваць знешнюю палітыку, зыходзячы з прынцыпу варожасці Расіі і Захаду — вялікая памылка. Пагроза ісламскага тэрарызму, непрадказальны, агрэсіўны і ўсё яшчэ галодны, нягледзячы на эканамічныя дасягненні, Кітай — вось агульныя пагрозы. А нашы прадстаўнікі не вылазяць з арабскіх краін і заклікаюць іх да сябе; мы цягнем кітайскія грошы, расчыняем перад імі ўсе дзверы, хвалімся новым “спонсарам”… Але дзе галава? Чым мы хвалімся, калі і для Расіі, і для Еўропы, і для ЗША кітайская экспансія гэта пагроза?

Як хутка мянялася палітыка паміж краінамі, якія з-за гістарычных і сучасных крыўдаў, здавалася, ужо не зблізяцца ніколі, лёгка можна прадэманстраваць на прыкладзе Літвы. Не сакрэт, што антырускія настроі ў гэтай краіне былі вельмі моцнымі. Паміж кіраўнікамі дзяржаў пасля развалу СССР увогуле не было сустрэч. Але…

У сярэдзіне студзеня гэтага года ў мястэчку Тракай адбылася так званая “Снежная сустрэча” — закрыты нефармальны форум еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў і экспертаў па пытаннях нацыянальнай бяспекі. Нават прозвішчы экспертаў прэс-служба не мела права выдаць СМІ. Але некаторыя эксперты не сталі сакрэціцца. Так, амерыканец Брус Джэксан, якога называюць чалавекам, які прывёў НАТО на ўсход, ва ультыматыўнай форме параіў усходнееўрапейскім краінам не канфліктаваць, а сябраваць з Расіяй. “Раней мы глядзелі на Расію вачыма прыбалтыйцаў, палякаў, чэхаў. Я думаю, гэты перыяд завершаны. Прэзідэнт Абама і яго знешнепалітычная каманда лічаць, што разумеюць Расію досыць добра, што ім не патрэбны казанні ні з Тбілісі, ні з Вільнюса. Без сумневу, Расія і ЕС патрэбны адно аднаму, таму, я думаю, што ўсходнія дзяржавы ЕС адчуюць ціск у пытаннях паводзін з Расіяй з мэтай пазбегнуць крызісу. Францыя, Германія, старшыня Еўракамісіі Барозу прынялі асэнсаванае рашэнне, каб не знаходзіцца ў канфрантацыі з Расіяй і будуць шукаць шляхі для нармалізацыі супрацоўніцтва. Я думаю, што Літве і іншым краінам, што знаходзяцца паблізу Расіі, трэба стаць часткай гэтай палітыкі”.

Карацей, Літве параілі хуценька шукаць шляхі для збліжэння з Масквой. І вось ужо на восень рыхтуецца візіт у Маскву прэзідэнта Літвы Далі Грыбаускайтэ. Эксперты чакаюць, што ён будзе знаменаваць сабой карэнны пералом у адносінах. Па крайняй меры, галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях знешняй палітыкі Дарус Сямашка нядаўна ў інтэрв’ю журналу IQ раскрытыкаваў ранейшую жорсткую палітыку Літвы ў адносінах да Расіі і прызнаў, што Даля Грыбаускайтэ зробіць усё магчымае, каб змяніць сітуацыю.

Ну дык што, можа, наш МЗС зноў параіць Аляксандру Лукашэнку з’ездзіць у Вільнюс па дапамогу Грыбаускайтэ у супрацьстаянні Маскве?..

Заходнія эксперты сёння адкрыта гавораць, што “беларускае пытанне” будзе вырашаць не Еўропа, а Расія. І хутчэй за ўсё не падчас прэзідэнцкіх выбараў, якія хуткім часам маюць адбыцца ў Беларусі, а нейкім іншым чынам. Проста таму, што выбараў як такіх у нашай краіне няма, няма ніякай гарантыі, што нехта будзе сумленна лічыць галасы. Кіраўнік Цэнтра еўрапейскай стратэгіі ў Польшчы Адам Бальцэр, напрыклад, выказаў меркаванне, што дапамога ЕС у змене Аляксандра Лукашэнкі можа быць толькі наступная: “Масква папярэджвае Германію, што пасля расійскага ціску Лукашэнка пабяжыць па дапамогу ў ЕС. Аднак Расія прапаноўвае замяніць яго на больш прымальнага для ЕС кандыдата. Далей Расія прапаноўвае Лукашэнку пакіраваць яшчэ адзін тэрмін, забяспечвае нейкія гарантыі і адпраўляе на заслужаны адпачынак. Перад сыходам Лукашэнку прыйдзецца прыняць і назваць сваім пераемнікам таго, на каго ўкажа Расія”.

Можна, канечне, пакрыўдзіцца на тое, што ўсе гэтыя планы будуюцца без уліку сапраўднага выбару беларускага народа, але палітолагі і паліттэхнолагі — людзі прагматычныя: яны сыходзяць з таго факту, што на працягу 16 гадоў беларускія выбаршчыкі і тыя, хто называе сябе апазіцыяй, не былі здольныя сказаць сваё слова. І ўсё ж з улікам таго, што антылукашэнкаўская кааліцыя па перыметры нашай краіны адбылася, што і Расія, і Еўропа зараз пачынаюць у адносінах да Аляксандра Лукашэнкі аперацыю “Пераемнік”, мы адназначна павінны разумець: гісторыя дае нашаму народу чарговы шанс на цывілізаванае кіраўніцтва і на дэмакратычны выбар. І толькі ад нас залежыць, ці здолеем мы ім скарыстацца. Па дапамогу Аляксандру Лукашэнку больш няма куды бегчы. Масква яго больш не будзе ратаваць, як ратавала ад імпічменту ў 1996 годзе.

Поделиться: