Кіраўніцтва справаў прэзідэнта Беларусі — арганізацыя, якая жыве сама па сабе. Яе кіраўнікі, у народзе іх завуць «прэзідэнцкія заўхозы», трымаюць на нітках самыя прыбытковыя галіны эканомікі. І па тых самых нітках перакачваюць мільённыя прыбыткі падкантрольных арганізацый. Камусьці тое ўдавалася лепш, камусьці, як сумнавядомай Галіне Жураўковай, у якой выявілі растрату $3,6 мільёна, — горш.

Што ж уваходзіць у гіганцкую імперыю, падкантрольную асабіста кіраўніку дзяржавы? Па афіцыйных падліках, ажно 80 арганізацый маюць грувасткі давесак да назвы, які ўказвае на гаспадара, — «Кіраўніцтва справаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Сайт Кіраўніцтва справаў адзначае, што набор «птушанят»-небарак пад прэзідэнцкае крыло пачаўся ў сярэдзіне 90-х, калі шэраг прадпрыемстваў культурніцкага профілю былі стратнымі. Мэта была адна — захаваць прадпрыемствы для будучыні. Фабрыкі мастацкіх вырабаў, кераміка, сувеніры — сапраўды, падтрымка ім была неабходная. Але не адной керамікай жыло ўпраўленне справамі.

Гандаль ад імя дзяржавы — вось асноўная крыніца прыбытку.

Кампанія пад някідкай назвай «Беларусьгандаль» дае такі абарот грошай, што іншым і не снілася. Імпарт алкаголю, цыгарэт і лесу — шматмільярдны заклад паспяховасці аптовага прадпрыемства. І такія арганізацыі яшчэ і атрымліваюць зніжкі «для бедных»! Напрыклад, увоз «Беларусьгандлем» каменнага вугалю ў краіну ў гэтым паўгоддзі нават не будзе абкладацца падаткамі.

Адпачынак пасля доўгай, напружанай працы

Кіраўніцтва справаў прыбрала да рук санаторыі за межамі краіны, якія дасталіся ў спадчыну ад БССР. Туапсэ, Друскенікі, Ялта, Сочы, Юрмала…

Гаворка аб іх продажы не заводзілася нават у часы самай нястачы. Пра санаторыі і дамы адпачынку ўнутры Беларусі і казаць не варта. «Юнацтва», «Баравое», «Сосны» — раней сюды ездзілі лячыцца па дармовых пуцёўках прафсаюзнікі, цяпер — стомленыя ад турэцкіх і егіпецкіх пляжаў расіяне.

Турыстычны аператар «Цэнтр-Курорт» вызначае, ці выдзеліць ахвотным пуцёўкі ў пералічаныя вышэй санаторыі. Таксама арганізацыя валодае больш за дзесяццю аптэкамі ў сталіцы.

РУП «Беларускія латарэі» застаецца найбуйнейшым гульцом латарэйнага бізнэсу, прапануючы дваццаць гульняў. Галоўны брэнд «Ваша лато» працягвае змаганне з «Суперлато» Дзмітрыя Лукашэнкі, але ў кампаніі ёсць яшчэ іншыя гульні, і тыражныя, і імгненныя.

Нацыянальныя прэзідэнцкія паркі

У краіне налічваецца пяць нацыянальных паркаў — «Белавежская пушча», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Бярэзінскі» і «Браслаўскія азёры». Усе гэтыя ўнікальныя прыродныя аб’екты ў сярэдзіне 90-х трапілі пад кантроль КСП.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка любіць паўтараць, што паркі былі перададзеныя Кіраўніцтву справаў своечасова. Маўляў, толькі так удалося захаваць іх у першасным чыстым выглядзе.

Так ці не, але карупцыя у парках квітнее. З таго часу колькасць арыштаваных кіраўнікоў паркаў пастаянна расце. У адным толькі Браслаўскім нацпарку трое прызначаных дырэктароў па чарзе ішлі пад суд. Усіх іх — прызначаных асабіста прэзідэнтам — абвінавачвалі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. План па вырубцы ў Белавежскай пушчы, адстрэл зуброў — усё гэта таксама факты апошніх гадоў.

«Прэзідэнт-гатэль». У гасцях у прэзідэнта

На цяперашні момант КСП валодае трыма сталічнымі гатэлямі. Самы прэстыжны — чатырохзоркавы «Мінск», які стаіць на самой плошчы Незалежнасці. «Планета» і «Юбілейная» маюць «усяго» тры зоркі, дый знаходзяцца далей ад цэнтра. Кампенсаваць недахоп зорнасці мусіць «Прэзідэнт-гатэль», які ўзводзіцца ўдарнымі тэмпамі ў суседнім квартале з рэзідэнцыяй кіраўніка дзяржавы.

З іншага боку ад яго размяшчаецца «лечкамісія» — элітная бальніца на чале з Ірынай Абельскай.

…Будаўнічыя трэсты, эксперыментальныя калгасы, гандлёвыя цэнтры — вось няпоўны спіс таго, што засталося па-за нашай увагай. А ёсць жа яшчэ і Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці, які вырашае, ці мае права патраціць якія-кольвечы грашовыя пераводы з-за мяжы…

А якія прыбыткі прыносяць офісныя будынкі па ўсім Мінску, якія Кіраўніцтва справаў у свой час забрала сабе амаль у поўным складзе. Есці не просяць, а арэнду прыносяць.

Для параўнання, пад кантролем упраўлення справамі прэзідэнта Украіны налічваецца 50 арганізацый. У агромністай Расіі — 105 арганізацый, але дзясятак з іх — гэта дзіцячыя садкі.

Сапраўдныя гандлёвыя абароты беларускай бізнэс-імперыі ніколі не абнародваліся. Па сведчаннях былога заўхоза Івана Ціцянкова, нават у яго часы, у канцы 90-х, прыбыткі ішлі на мільярды даляраў.

* * *

Прэзідэнцкія «заўхозы»
Іван Ціцянкоў 1994–1999 — уцёк у Расію
Уладзімір Ганчарэнка 1999–2001 — былы міністр сувязі
Галіна Жураўкова 2001–2004, была асуджаная судом, але памілаваная прэзідэнтам
Генадзь Лаўранкоў 2004–2005
Аляксандр Кулічкоў 2005–2008 — былы міністр гандлю
Мікалай Дамашкевіч 2008–2009 — былы кіраўнік Міншчыны
Мікалай Корбут з 2009 года.

Поделиться ссылкой: