Беларускія казакі — арганізацыя, сфармаваная на ўзор расейскага казацтва. © photo.bymedia.net

«Імперыя» Юрыя Баранчыка

Апошнім часам у інтэрнэце з’явілася некалькі сайтаў, якія асвятляюць беларускія навіны, але не хаваюць сваёй прарасійскай пазіцыі. Найперш тут варта адзначыць інфармацыйна-аналітычны партал «Імперыя» (imperiya.by).

Адным пачынальнікаў гэтага праекту з’яўляецца Юрый Баранчык. Ён раней працаваў у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, але потым сышоў адтуль. Баранчык займае пазіцыю непрымання дзейснай улады. Пры гэтым ягоныя кантакты з апазіцыяй досыць абмежаваныя.

Нейкі час Баранчык уваходзіў у склад «Беларуска-расійскай інтэграцыйнай рады». Яна была створаная былым кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі Леанідам Сініцыным і экс-дэпутатам палаты прадстаўніком Уладзімірам Парфяновічам. Сініцын і Парфяновіч звярнулі на сябе ўвагу тым, што прапаноўвалі Беларусі ўвайсці ў склад Расіі.

Два гады запар мітынгі на 2 красавіка (так званы дзень яднання народаў Беларусі і Расіі) на плошчы Бангалор ладзілі калегі Парфяновіча па парламенцкай групе «Рэспубліка» Валер Фралоў і Сяргей Скрабец. Мітынгі тыя вылучаліся надзвычайнай малалікасцю. На першы прыйшлі ўвогуле тры чалавекі — Фралоў, Скрабец і брат Скрабца.

Валеры Фралоў сёлета і патлумачыў сваё рашэнне балатавацца тым, што не бачыць прарасійскіх палітыкаў у Беларусі. Ён спадзяецца заняць гэтую нішу.

Калякін за адзіную валюту

Не сціхаюць размовы пра фінансавання Расіяй кампаніяй «Гавары праўду». Але гэта ў большай ступені ўсё ж яшчэ здагадкі, а не медыцынскі факт. Сам Уладзімір Някляеў кажа, што грошы на паштоўкі і аргпрацу далі беларусы, вымушаныя з’ехаць у Расію.

Раней пра сувязі з Масквой гаварылі ў дачыненні экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Казуліна. Пасля выхаду з турмы Казулін наведваў Дзяржаўную Думу Расіі па запрашэнні старшыні думскага камітэта ў справах СНД і суайчыннікаў Аляксандра Астроўскага.

Характэрна, што Казулін быў адным з герояў нядаўняга рэпартажу па НТВ «Хросны бацька». Былы палітвязень быў першым і апошнім, каму ў эфіры далі слова.

Лідэр БСДП Анатоль Ляўковіч летась «папаліўся» на лістах да кіраўніцтва пракрамлёўскай партыі «Справядлівая Расія». Там Ляўковіч пазіцыянаваў сябе яшчэ большым прыхільнікам інтэграцыі за самога Лукашэнку.

Старшыня посткамуністаў Сяргей Калякін нарабіў шораху сваімі заявамі пра неабходнасць увядзення ў Беларусі адзінай валюты з Расіяй. За патрабавання прызнання незалежнасці Абхазіі і Асеціі партыя Калякіна ледзь не была выключаная з АДС.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў таксама намякаў, што не быў бы супраць падтрымкі з боку Масквы. Пры гэтым ён увесь час падкрэслівае, што пытанне правоў чалавека і інтэграцыя ў ЕС застаюцца прыярытэтнымі.

Казакі на абароне «рускай сутнасці і праваслаўя»

За беларуска-расійскую інтэграцыю выступае сайт «Кальцо патрыятычных рэсурсаў Беларусі» (allbel.org), які рэдагуе актыўны блогер Стас Алаў. Сайт у асноўным спецыялізуецца на кампрамаце — яўна кагэбісцкага паходжання — на адрас апазіцыі. І хоць Някляеў называецца на сайце «нестандартнай апазіцыяй», але да яго таксама крытычнае стаўленне.

Тым не менш, у медыйным канфлікце з Расіяй пасля «Хроснага бацькі» старонка Стаса Алава падтрымала менавіта Лукашэнку. І хоць аўтар прапагандуе ідэі западнарусізму, але застаецца верны дзейснай уладзе. Што ўказвае на ўнутрыбеларускія карані Алава.

Яшчэ адным апірышчам расіян могуць стаць казакі. «Мужныя, смелыя, горача адданыя сваёй Радзіме казакі былі сацыяльным пластам беларускага народа, верна служачы яму, баронячы нашу рускую сутнасць і праваслаўную культуру ад каталіцкага ўплыву», — пішацца на сайце беларускіх казакоў.

Зрэшты, ніякай еднасці ў беларускім казацкім руху ў Беларусі не існуе. Ён раздроблены на некалькі варагуючых паміж сабой груповак.

Можа і КДБ

Папулярным ёсць меркаванне, што ў выпадку неабходнасці Крэмль можа знайсці падтрымку ў нетрах КДБ. Маўляў, чэкісты па сённяшні дзень да канца не адданыя Лукашэнку. З іншага боку, погляд досыць спрэчны. Апошнія кадравыя перастаноўкі засведчылі тое, што прафесійных чэкістаў на кіроўных пасадах у КДБ засталося не так і шмат, хто прыходзіць з памежнікаў, хто з іншых сілавых структур.

За час распаду СССР вырасла новае пакаленне спецслужбістаў, якія ўжо нават не вучыліся ў Расіі. А вырасталі як прафесіяналы непасрэдна ў Беларусі.

«Союз русского народа» і фанаты

Існуе колькі маргінальных прарасійскіх арганізацый. Напрыклад, мінская група «Союза русского народа», заснаваная ў 2007 годзе. Напісана, што група ўяўляе сабой грамадскі рух, які аб’ядноўвае ў сабе ўсе законныя метады праяўлення грамадзянскай самасвядомасці, што замацоўвае праваслаўны светапогляд».

Засталіся якія-ніякія аскепкі Славянскага сабора «Белая Русь» (з яго выйшлі ідэолагі лукашэнкаўцаў Юрый Азаронак і Усевалад Янчэўскі) і фашыстоўскай РНЕ.

Існуе «Мінскі манархічны форум», дзе гуртуюцца прыхільнікі расійскага вялікадзяржаўя. Адной з найбольш папулярнай там тэмаў з’яўляецца «здрада Лукашэнкі».

Ідэі «праваслаўя — самадзяржаўя — народнасці» папулярныя і сярод часткі футбольных фанатаў. Напрыклад, з групіроўкі «Lads82». На матчах мінскага «Дынама» яны вывешваюць расійскую «імперку».

Поделиться ссылкой: