Раніца. 9.00. Дзверы будынка адміністрацыі Цэнтральнага раёна шырока адчынены. Побач з будынкам машына “хуткай дапамогі”, на выпадак таго, што не дай Бог каму-небудзь стане дрэнна…

Прысутных сустракаюць ветлівыя супрацоўнікі адміністрацыі. Мужчыны ўсе як адзін — у белых кашулях. Міліцыянеры, якія працуюць у адміністрацыі, таксама пры парадзе — усе ў белым. Відавочна, прыезд Макея для іх — не звычайны рабочы дзень.

“Вы на прыём да Уладзіміра Макея?”, — ветліва пытаецца ў мяне “ахоўнік”, які стаіць ля дзвярэй.

Называю сябе. Тлумачу, што я журналіст і проста хацеў бы паназіраць, як будзе ажыццяўляцца прыём грамадзян. У адказ мне ветліва даюць зразумець, што побач з Уладзімірам Уладзіміравічам мяне ніхто не пасадзіць: “Прыём ён будзе весці ў асобным кабінеце, а запісваюцца да яго людзі ля актавай залы, яна ў нас на трэцім паверсе”, — чую ў адказ.

Уздымаюся на трэці паверх адміністрацыі. Ля актавай залы за сталамі сядзяць чатыры супрацоўніцы. Да кожнай з іх чарга: “Ваш нумар 82! Але Уладзімір Макей вас наўрад ці паспее прыняць, бо будзе знаходзіцца тут з 10.00 да гадзіны дня (хаця Макей прымаў людзей да 14.20), трэба было з самага ранку чаргу на прыём займаць”, — расчароўвае сівую жанчыну супрацоўніца адміністрацыі.

Але тая не здаецца: “Як з самага ранку? Я ўчора тэлефанавала ў прыёмную вашай адміністрацыі, мне сакратарка сказала, што трэба прыходзіць бліжэй да 10 раніцы”.

У якасці апраўдання настойлівай наведвальніцы тлумачаць, што сакратарка не магла ведаць пра тое, які ажыятаж можа выклікаць візіт Уладзіміра Макея, але ўжо нічым дапамагчы не могуць: “Людзі вунь з пяці ранку стаялі, каб атрымаць “першыя нумары”, а ваш нумар 82! Чакайце сваёй чаргі. Вас абавязкова выклічуць, бо пасля ад’езда Макея тут будзе працаваць камісія, складзеная з ягоных памочнікаў”, — адразае супрацоўніца адміністрацыі.

Найбольш радыкальна настроеныя наведвальнікі, разумеючы, што на прыём да Макея патрапіць не ўдасца, абяцалі чакаць яго на вуліцы, з тым, каб уласнаручна перадаць яму канверты з заявамі на яго імя. Людзей цешыла тое, што Уладзімір Уладзіміравіч прыехаў на сустрэчу без аховы…

…Актавая зала раённай адміністрацыі з самага ранку запоўнена недзе на трэць. Тут таксама ўсё для людзей. Чыстыя аркушы паперы, для таго каб прыйшоўшыя змаглі коратка апісаць праблему, з якой прыйшлі, мінеральная вада для тых, каго ў ліпеньскую спёку замучала смага: “Душна тут, трэба вентылятар прынесці, каб людзям было чым дыхаць”, — уголас праяўляе клопат дужы мужчына ў чорным пінжаку. Вентылятар цягам бліжэйшай гадзіны так і не прынеслі, але не гэта самае важнае…

Уладзімір Макей пад’ехаў каля 10 гадзін раніцы. Такім чынам, Уладзімір Уладзіміравіч праявіў сябе, як пунктуальны чалавек.

“Заставить чиновников повернуться лицом к простому человеку. Такую задачу поставил глава государства…”, — нагаворвала ў гэты час на камеру журналіст з Беларускага тэлебачання.

А што, чыноўнікі павернуты да людзей нейкім іншым месцам? Ці яны працуюць неэфектыўна? Адказы на гэтыя пытанні няхай чытачы паспрабуюць знайсці самі. Але тое, што “нешта не ладна ў Дацкім каралеўстве”, відавочна.

Бо займаць чаргу на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта з самага ранку, з тым, каб расказаць яму, што будаўнікі няякасна зрабілі капітальны рамонт… Здавалася б, гэтае пытанне павінна вырашацца на ўзроўні ну максімум раённага ЖРЭА…

“Яшчэ ў 2004 годзе ў нашым доме па вуліцы Гастэлы быў капітальны рамонт. Будаўнікі знялі кроўлю, нашу хату заліло дажджамі. Мэбля, кнігі, шпалеры — усё прамокла і прагніло. Сцены адсырэлі… Здавалася б, арганізацыя, якая праводзіла ў нас капітальны рамонт, павінна сплаціць нам кампенсацыю. Але ніводны суд не прыняў рашэнне на нашу карысць. Паўсюль кругавая парука. Справа цягнецца ўжо 6 гадоў”, — з такой праблемай да Макея прыйшла жанчына, якая ні пры якіх умовах не пагаджалася назваць сваё імя. “Я баюся за сябе, за тое, што адстойваю ўласныя правы…”

А вось у Ніны Мігачовай — свая бяда. “Мае беды распачаліся ў маі мінулага года”, — гаворыць яна. — Я інвалід-дыябетык, была затрымана ў машыне ўласнага сына супрацоўнікамі міліцыі. З крыкамі “хабар!” супрацоўнікі праваахоўных органаў мяне, сталую жанчыну, павалілі на зямлю і потым разам з сынам адвезлі ў міліцыю. Пратрымалі там без ежы і пітва 8 гадзін, ніякіх пратаколаў на мяне не складалі, я ў тым пастарунку ледзь не памерла… Сына, які працаваў у падатковай інспекцыі, абвінавацілі ў атрыманні хабару і ўжо больш як год утрымліваюць у СІЗА. Я б вельмі хацела спытаць ва Уладзіміра Макея, чаму ў краіне творыцца такое беззаконне? Чаму інваліда, на якога нават не склалі пратакол затрымання, пратрымалі ў пастарунку цягам васьмі гадзін? За што? Хто за гэта адкажа? Хто хоць прабачэння папросіць, не гаворачы ўжо аб выплаце нейкай кампенсацыі?” — абураецца жанчына.

…За першую гадзіну працы ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Уладзімір Макей прыняў прыкладна пяць-сем чалавек. Расказваюць, што ён трымаўся ветліва, уважліва слухаў, нешта запісваў… Ва ўсіх патрапіўшых да яго на прыём, які вёўся да 13 гадзін, Уладзімір Уладзіміравіч браў заявы з апісаннем праблемы. Абяцаў разабрацца.

Дай Бог, каб так і было. Хаця б напярэдадні выбараў…

Поделиться ссылкой: