“Вы не думайце, што мы туды рваліся. Калі ад складу Усходняга партнёрства адняць Беларусь, што атрымаецца? ГУАМ, насамрэч так. І вось Захаду ужо ніяк не хацелася, каб гэта быў ГУАМ, які яны будуць падтрымліваць, выбудоўваць адносіны і г.д. І ўсе — першым Юшчанка, другім Саакашвілі і прэзідэнт Арменіі — сказалі: без Беларусі ну якое Усходняе партнёрства? Гэта значыць мы туды не прасіліся, нам прапанавалі, ну чаму мы будзем упірацца ці адмаўляцца?” — сказаў Лукашэнка.

“Мы не бачылі там толькі складніка эканамічнага, — прадоўжыў ён. — Але мы катэгарычна былі супраць таго, каб нам яшчэ ва Усходнім партнёрстве, дзе справай трэба займацца, падкідвалі пытанні дэмакратыі, яшчэ якіясьці, ну, тыя смярдзючыя пытанні, якія заўсёды нам падкідваюць. Ужо дайшлі да таго, што мяняйце перадвыбарнае заканадаўства, заўтра выбары прэзідэнта. Якое гэта мае дачыненне да Усходняга партнёрства?”

“Нам і так Еўрасаюз гэтыя патрабаванні з амерыканцамі увесь час прад`яўляе. Зараз ужо, пэўна, Расія падключыцца да гэтага, хоць у самой там праблем вышэй за дах і г.д. Таму нам гэта не патрэбна, і я заўсёды ім кажу: вось такая палітыка не патрэбна. Мы яе ўжо бачым з боку Еўрапейскага саюза. Калі вы думаеце з намі супрацоўнічаць і наладжваць адносіны ў межах Усходняга партнёрства у тым ліку — вы нам скажыце. Калі вам нязручна з намі супрацоўнічаць — дыктатура, тут яшчэ чагосьці — вы нам таксама скажыце. Мы не рвёмся туды, як і не рваліся ў гэтае Усходняе партнёрства”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Еўракамісара Штэфана Фюле, які знаходзіўся ў Мінску 8—9 ліпеня, Лукашэнка назваў “абсалютна прагматычным” і, на яго думку, “прыстойным чалавекам”.

“Мы абмяркоўвалі шэраг пытанняў. Дзякуй богу, мы не закранулі ні пытанні палітыкі гэтай, ні дэмакратызацыі і г.д. Мы закраналі пытанні працы Усходняга партнёрства. І я лішні раз падкрэсліў, што, нягледзячы на нашы стасункі з Расіяй, мы не будзем выбудоўваць тут палітыку супраць Расіі. Ні ў якім выпадку! Усё гэта часова, усё гэта схлыне. Расія больш за нас баіцца згубіць Беларусь, чым мы — Расію. З кім яна застанецца тады ўвогуле? Таму мы ўсё гэта цудоўна разумеем. Ёсць жаданне нахіліць, адстроіць. Не атрымаецца”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, галоўнымі пытаннямі на сустрэчы з Фюле былі візавы рэжым (“чым нашы грамадзяне завінаваціліся перад вамі?”) і зона свабоднага гандлю (“чаму вы блакуеце нашы тавары, мы ж вашы не блакуем”).

“Вось у такім рэчышчы ішла сумленная, шчырая размова. Ён мяне зразумеў”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Поделиться: