«Што датычыць Мытнага саюза, то вельмі шкада, што прэзідэнт саюзнай дзяржавы не ведае, што адбываецца ў Мытным саюзе. Павінен вам сказаць, што мы ні на ёту не зрабілі кроку назад, ні на міліметр не адстаём у Мытным саюзе ні ад Расеі, ні ад Казахстана. Мы на сённяшні дзень ратыфікавалі ўсе дамовы і пагадненні, якія датычаць Мытнага саюза. Але яны гэтага не ведаюць. Гарантыю вам даю, што не ведаюць. У адваротным разе не было б гэтай балбатні ў тэлевізары. 
Мытны кодэкс мы ратыфікавалі. Мы сёння ў той жа сістэме каардынат, што і яны», — цытуе Лукашэнку ягонае агенцтва БЕЛТА.

Адносна крытыкі з боку прэзідэнта Мядзведзева на свой адрас Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Відаць, загаварыўся чалавек, трэба супакоіцца і паглядзець на той свет, які вакол яго, і свет, у якім мы жывём».

«Не хвалюйцеся, іх справа гаварыць: ім бліноў хочацца, ім кілбасы хочацца, масла, мусіць. Цяпер надышла пара гаварыць пра нейкія лісты. Гэта ж не падкідныя лісты — гэта адкрытыя простыя лісты. І я маю права як старшыня вышэйшай дзяржрады саюзнай дзяржавы, пра якую так марылі расейцы і беларусы, казаць тое, што я лічу патрэбным. Мы не забараняем Мядзведзеву таксама казаць тое, што ён лічыць патрэбным. Ён і кажа, толькі гэта трэба рабіць прафесійна, з веданнем справы».

У сваю чаргу, прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў 3 ліпеня назваў лісты Лукашэнкі расейскім бізнэсоўцам і камуністам «спамам».

Мядзведзеў таксама чарговы раз заявіў, што для Расеі Мытны саюз — гэта «абсалютны прыярытэт, звярніце на гэта асаблівую ўвагу».

30 чэрвеня расійскія інфармагенцтвы распаўсюдзілі інфармацыю, што палата прадстаўнікоў ратыфікавала Мытны кодэкс сакрэтна, у таямніцы ад беларускай грамадскасці.

5 ліпеня ў Астане маюць прайсці пасяджэнні Міждзяржаўнае рады ЕўрАзЭС і вышэйшага органа Мытнага саюза на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Мытны кодэкс адпавядае інтарэсам Расеі і Казахстана, але нявыгадны Беларусі. Аляксандр Лукашэнка спрабаваў пратэставаць, патрабуючы скасавання прынамсі мытаў на пастаўкі нафты ў Беларусь. У адказ Расея з надуманых прычын перакрыла пастаўкі газу. Імаверна, гэтага хапіла, каб Лукашэнку «пераканаць».

Нацыянальна-дэмакратычная апазіцыя выступіла супраць уваходжання Беларусі ў Мытны саюз, які стане перашкодай на шляху еўрапейскай інтэграцыі і прышпіліць Беларусь да Расеі.

Поделиться: