Яшчэ месяц таму выразным лідэрам прэзыдэнцкай гонкі быў сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі. Аднак ужо цяпер, паводле некаторых сацыялягічных дасьледаваньняў, выйграць можа лідэр апазыцыйнай партыі Права і справядлівасьць Яраслаў Качыньскі.

Аўтарытэтная газэта „Rzeczpospolita”падае сёньня вынікі аднаго з такіх апытаньняў, паводле якога Качынські ў другім туры атрымае 49% галасоў, а Камароўскі – 47. Іншы штодзёньнік “Dziennik Gazeta Prawna” наадварот амаль 54% галасоў дае Камароўскаму, а ягонаму канкурэнту – 42.

“Сёньня відавочна мой канкурэнт падрыхтаваўся, быў у лепшай форме і таму дэбаты былі цікавейшыя, “- прызнаў Браніслаў Камароўскі у сераду, пасьля апошніх тэлевізійных дэбатаў, якія, паводле адмыслоўцаў дадалі галасоў Качынськаму, бо менавіта лідэр Права і справядлівасьці быў лепей падрыхтаваны да двубою.

Апошнімі днямі кандыдаты імкнуліся сустрэцца з як мага большай колькасьцю выбарцаў, лётаючы арэндаванымі самалётамі з адной часткі краіны ў другую.

Яраслаў Качынські, вядомы сваімі цьвёрдымі антыкамуністычнымі перакананьнямі, нават пахваліў Эдварда Герэка, старшыню ЦК партыі часоў ПНР, якога яшчэ завуць “польскі Брэжнеў”.

“Я быў актыўным праціўнікам Герка, не толькі на словах, але і на справе. Аднак я цаніў яго не толькі за тое, што ён адносна лагодна ставіўся да апазыцыі, не садзіў нас масава ў турмы, але перадусім за тое, што Герэк хацеў моцнай Польшчы”.

Між тым асноўнымі тэмамі прэзыдэнцкай кампаніі сталі служба аховы здароўя, рэформа пэнсійнай сыстэмы, замежная палітыка ды польская вайсковая місія ў Аўганістане.

Паводле адмыслоўцаў, хто б з кандыдатаў не перамог у нядзелю, гэтая перамога будзе мінімальнаю.

Поделиться: