Асноўнае яго працоўнае месца знаходзіцца ў цэнтры сталіцы. Адрас «Маркса, 38» паспеў стаць намінальным назоўнікам. Былы шасціпавярховы будынак ЦК КПБ у народзе называецца «Чырвоным домам». Зрэшты, і ўнутраная тапаніміка звязаная з колерамі. У Белай зале прымаюцца замежныя дэлегацыі, Блакітная і Зялёная выкарыстоўваюцца для сустрэч сам-насам. Месцам працы Лукашэнкі будынак на Маркса быў яшчэ з пачатку 1990-х — у ім праходзілі паседжанні Вярхоўнага Савета, дэпутатам якога быў прагрэсіўны дырэктар саўгаса «Гарадзец». Ужо за прэзідэнцкімі часамі ля «прэзідэнцыі» зладзіў перформанс мастак Алесь Пушкін — вывярнуў ля будынка тачку гною.

У цэнтры Мінска знаходзіцца яшчэ адна «стаўка» кіраўніка выканаўчай улады. Яе адрас — Вайсковы завулак, 4. Тут прэзідэнт жыў да свайго перасялення ў Дразды і нават быў прапісаны. Цяпер у будынку праходзяць паседжанні Садружнасці незалежных дзяржаў.

Яшчэ адзін маёнтак кіраўніка дзяржавы, назва якога стала ўжо назыўной, — «Дразды». Ён знаходзіцца на выездзе з Мінска ў бок Маладзечна. Сваю вядомасць пасёлак атрымаў у 1998 годзе, калі з яго, спаслаўшыся на рамонт каналізацыі, гвалтам павыганялі паслоў замежных краін, што мелі там рэзідэнцыі. Лукашэнка жыве тут пастаянна.

У суседніх катэджах — самыя ўплывовыя чыноўнікі — прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, старшыня Нацбанка Пётр Прапаковіч, віцэ-прэм’еры і міністры…

Заўсёды пад рукой.

«Дальняй дачай» Лукашэнкі лічыцца «Азёрны». Гэтая рэзідэнцыя знаходзіцца ў Астрашыцкім гарадку — непадалёк ад Мінска ў бок Лагойска. За саветамі тут была загарадная рэзідэнцыя маршала Цімашэнкі. На выпадак небяспекі на яе тэрыторыі знаходзіцца бункер, які мусіў вытрымаць нават ядзерны ўдар. Лукашэнка падвысіў абароназдольнасць «Азёрнага», загадаўшы абнесці рэзідэнцыю і сасоннік вакол яе трохметровым плотам з калючым дротам наверсе. За плотам — ахоўныя вышкі з пражэктарамі, а ўздоўж яго ўзараная паласа. Побач з рэзідэнцыяй знаходзяцца лецішчы творчай эліты краіны — артыстаў, мастакоў і музыкантаў.

Летась у Астрашыцкім гарадку аўральна сканчалася рэканструкцыя школы. Казалі, што менавіта ў яе будзе хадзіць малодшы сын Лукашэнкі Мікалай, але «першы раз у першы клас» перанеслі на верасень-2010.

Рэзідэнцыя ў «Віскулях» не ў пашане ў кіраўніка дзяржавы. Ці то дрэнныя асацыяцыі з развалам СССР, ці то аддаленнасці ад Мінска… Аляксандр Лукашэнка рэдка ўпрыгожвае паляўнічы дамок савецкай партнаменклатуры сваёй прысутнасцю.

Дзве рэзідэнцыі з назвамі «Заслаўе-1» і «Заслаўе-2» знаходзяцца непадалёк ад Мінскага мора. Яны размешчаныя блізкага адна ад адной у сасновым бары. Тут ставіў свой намёт лівійскі лідэр Кадафі падчас візіту ў нашу краіну.

На былое лецішча Пятра Машэрава на тэрыторыі Бярэзінскага гідралагічнага запаведніка цяперашні кіраўнік дзяржавы прыязджае рэдка. Невялікі ўчастак «Бярэзінскае» ўключае ў сябе трохпавярховы дом і штучны пляж. У часы незалежнасці вакол рэзідэнцыі быў пабудаваны плот, а таксама з’явіўся кантрольна-прапускны пункт.

Рэзідэнцыя «Плаўна» ў тым самым запаведніку — аб’ект пабудаваны ў часы кіравання Лукашэнкі. Магчыма, тут адпачываў пасля прыезду ў нашу краіну зрынуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў.

Палеская рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы знаходзіцца ў Петрыкаўскім раёне каля аграгарадка «Ляскавічы».

Дзякуючы прэстыжнаму суседству, вуліцы населенага пункта замошчаныя тратуарнай пліткай, а дамы абабітыя сайдынгам.

Тут здымаўся фільм «На спіне ў чорнага ката», з унучкай Лукашэнкі Вікторыяй у адной з галоўных роляў.

Поделиться: