Пра гэта, карэспандэнту БелаПАН, паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 29 чэрвеня на сустрэчы з намеснікам міністра камерцыі Кітая Гао Хучэнам у Мінску.

Кіраўнік урада адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусь паступілі значныя кітайскія інвестыцыі. Ён паведаміў, што бакі абмеркавалі шэраг буйных сумесных праектаў, “рэалізацыя якіх дазволіць беларускай прадукцыі выйсці на знешнія рынкі, перш за ўсё на еўрапейскі”.

Асаблівую важнасць, паводле слоў Сідорскага, уяўляюць найбуйнейшыя інфраструктурныя праекты. “Мы будзем прасіць кітайскіх калег актыўна ўключыцца з беларускім бокам у гэтую працу”, — сказаў ён. 

Закранаючы развіццё транспартнай інфраструктуры ў Мінску, прэм’ер адзначыў, што гэты праект прадугледжвае будаўніцтва і рэканструкцыю транспартных развязак, што будзе садзейнічаць павышэнню бяспекі аўтадарог сталіцы.

Сідорскі нагадаў аб прынятым урадам рашэнні аб рэканструкцыі Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”. У межах гэтага праекта плануецца будаўніцтва міжнароднага тэрмінала. “Ідуць перамовы з кітайскім бокам і перадача дакументаў па рэканструкцыі”, — паведаміў прэм’ер-міністр. 

Паводле слоў кіраўніка ўрада, для паскарэння рэалізацыі праектаў з удзелам кітайскіх інвестыцый Беларусь зацікаўлена весці перамовы з некалькімі патэнцыяльнымі інвестарамі. Ён звярнуўся да Гао Хучэна з просьбай падабраць зацікаўленых партнёраў з кітайскага боку. 

“Трэба пашырыць кола патэнцыяльных партнёраў з кітайскага боку, гатовых рэалізаваць праекты. Каб было некалькі кампаній, з якімі мы маглі б весці перамовы і выбіраць найлепшыя прапановы”, — лічыць Сідорскі. Пакуль у перамоўным працэсе ўдзельнічае абмежаваная колькасць патэнцыяльных інвестараў.

Прыярытэтнымі для Беларусі з’яўляюцца і праекты ў энергетычнай сферы. Нагадаўшы, што з дапамогай кітайскіх інвестыцый ажыццяўляецца рэканструкцыя ЦЭЦ-2 і ЦЭЦ-5 у Мінску, Сідорскі заявіў, што беларускі бок зацікаўлены ў рэалізацыі энергетычных праектаў з удзелам кітайскіх інвестараў па ўсёй краіне.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, Беларусь мае намер прапанаваць Кітаю рэалізаваць на працягу найбліжэйшых чатырох гадоў прыблізна 30 праектаў у энергетычнай сферы.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН.
Поделиться: