Увогуле, усё гэта можна назваць адным словам – застой. А вось выходзіць з яго Сямён Шапіра плануе, робячы стаўку на еўрапейскія інвестыцыі і другое дыханне. Сваё і гродзенцаў. Пра гэта стала вядома на прэс-канферэнцыі ў мінулую сераду.

Пра зямлю і людзей

Задача дадаць у эканоміцы вобласці на 50% цалкам выканальная, мяркуе Сямён Шапіра.

— Гродзеншчына заўсёды займала найлепшыя месцы ў рэспубліцы па тэмпах росту вытворчасці, хоць цяпер трохі здала пазіцыі. Гэты рэгіён вылучаецца высокай культурай людзей. У Мінску бытуе меркаванне пра гродзенцаў: гэта ветлівыя, працавітыя людзі. Хоць у сельгаспрадпрыемствах вялікая палярнасць па ўзроўні развіцця. Быў нядаўна ў вёсцы Ганчары, зайшоў на ферму і ўразіўся: стан фермы крытычны, жывёлы стаяць без вады. Няма элементарнай працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Але добра, што ёсць людзі, на якіх можна разлічваць.

Пра еўрапейскія інвестыцыі

— Першыя 20 дзён прапрацаваў — бачу, што мяне асцерагаюцца. Ёсць нейкая ўнутраная напруга. Але мой прынцып — паважлівае стаўленне. Паціху сельская гаспадарка будзе развівацца. У мяне цяпер адкрылася другое дыханне, як у маладосці. Шмат езджу па вобласці, працую па начах.

У паўтара-два разы павялічыць аб’ёмы вытворчасці — гэта рэальна. А вось надоі малака ў 15 літраў — гэта сорамна. Гарадзенская вобласць павінна даваць па 25, у Еўропе атрымліваюць і па 40 літраў. Патэнцыял сёння велізарны, ёсць праекты будаўніцтва буйной птушкафабрыкі, лагістычных цэнтраў, буйнога дрэваапрацоўчага прадпрыемства ў Смаргонскім раёне. Нядаўна прыязджаў Уладзімір Дражын, прывёз некалькі літоўскіх інвестараў. Амбасадары таксама атрымалі нашы прапановы. Аляксандр Паўлоўскі, амбасадар у Францыі, Аляксандр Міхневіч, амбасадар у Вялікабрытаніі, шукаюць у Еўропе інвестараў. Калі ў нас будуць будавацца прадпрыемствы, людзі атрымаюць добры заробак.

Праўда, я яшчэ з компасам езджу па вобласці. Але бачу, як гарадзенцы перажываюць за гістарычныя каштоўнасці. Размаўляў з міністрам культуры Паўлам Латушкам, хачу зрабіць шмат у гэтым кірунку, трэба думаць аб аднаўленні замкаў у Крэве, Наваградку.

Пра каманду і «паходы з шашкай»

— З адным чалавекам можна быць спачатку ворагам, а потым — найлепшым сябрам. Пераконваўся ў гэтым не раз. Тут я ні да каго не маю прэтэнзій. Саўчанка — нармальны, ураўнаважаны чалавек, хацеў зрабіць горад лепшым. Ён выбіраў годных людзей. Каманда ёсць, яна здольная эфектыўна працаваць. У нас нармальныя, інтэлігентныя людзі. Нікога не збіраюся за сабой цягнуць.

Ніякіх «паходаў з шашкай» не будзе. Хтосьці стаміўся і сыходзіць, нехта прыходзіць. Гэта натуральны працэс. Пракопік сказаў: я стаміўся. Але за час яго працы, 10 гадоў, паказчыкі вытворчасці ў Іўеўскім раёне павялічыліся ўдвая. Я сказаў, што ён атрымае годную працу ў Гродне.

Пра тое, што даражэйшае

— Я працаваў і шэптам, і такім голасам, што шкло дрыжала. У Гродне чуюць вельмі добра, тут можна размаўляць шэптам. Дубко кіраваў спакойна, тэхналагічна. Вельмі паважліва ставіўся да людзей. Памятаю, Уладзімір Гаркун, калі сыходзіў на павышэнне, сказаў: «Я вам душы не рваў». Гэта праўда. Будзе вельмі добра, калі я, калі буду сыходзіць, скажу тое ж. Гэта сыходзіцца са стылем і прынцыпамі Дубко. Можна зрабіць шмат малака і мяса і атрымаць інфаркты і інсульты. Трэба думаць, што даражэйшае.

Як знайсці грошы для спорту?

— Займаўся ў маладосці штангай і футболам, для мяне спорт — гэта важна. Трэба знаходзіць крыніцы для яго фінансавання. Але не спорту высокіх дасягненняў, а масавых відаў. Я ўнёс прапанову для абмеркавання: увесці нешта накшталт мясцовага добраахвотнага падатку, адлічваць 4-5% ад прыбытку прадпрыемстваў на фінансаванне спорту. Здароўе — самае галоўнае багацце. Часам адзін спартовец робіць больш, чым увесь МЗС. Маю задумку: трэба стварыць якую-небудзь спартыўную каманду са сваімі намеснікамі.

Што і як будзем будаваць

— Грошы трэба шукаць і знаходзіць. Размаўляю з гараджанамі: кажуць, калі быў Саўчанка, будавалася больш. Мусіць, так і ёсць. Цяпер наступіў перыяд разліку, трэба аддаваць крэдыты і працэнты па іх, гэтыя выдаткі грузам кладуцца на бюджэт. Я спакойна да гэтага стаўлюся. Але будзем думаць, як працягнуць будаўніцтва. Папрасіў 50 мільярдаў крэдыту на завяршэнне рэканструкцыі Дома дзіцяці, дзіцячай абласной бальніцы, кардыялагічнага цэнтра. Будаўнікі ў стане здаць іх у гэтым годзе. Такіх незавершаных аб’ектаў у вобласці &md
ash; на 260 мільярдаў.

Пра нашыя багацці

— Мае дзеці пастаянна сядзяць у інтэрнэце і расказваюць, як гродзенцы перажываюць за гістарычныя каштоўнасці, якія знаходзяцца на гэтай зямлі. Гэта кажа пра ўзровень развіцця людзей. Увесь час укладаць грошы ў мяса і малако таксама нельга. Мы плануем папрасіць Прэзідэнта прыняць спецыяльнае рашэнне аб захаванні помнікаў Гарадзеншчыны.

Пра Аўгустоўскі канал

— Трэба даць магчымасць любому бізнэсоўцу з любой часткі свету, не толькі з Беларусі, працаваць на Аўгустоўскім канале. Трэба будаваць гатэлі, рэстараны, усю інфраструктуру. Канал у будучыні можа стаць кузняй валюты для краіны. Дарэчы, Нацбанк плануе фінансаваць рэканструкцыю палаца ў Свяцку, закласці там сад. Але гэта пакуль планы.

Думкі ўслых

• Праблемы бюджэту мусяць цікавіць аблвыканкам, а не простых людзей.

• У мяне ў жыцці выразна вызначана: з сябрамі разам не працую, тым больш са сваякамі.

• Будзе вельмі добра, калі, сыходзячы, скажу: «Я вам душы не рваў».

• У Гродне можна размаўляць шэптам — цябе пачуюць.

• Калі еду па вобласці — міма бабулек не праеду.

Даведка

Сямён Барысавіч Шапіра нарадзіўся 17 чэрвеня 1961 г. у вёсцы Рэчань Любанскага раёну Мінскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Доктар эканамічных навук, прафесар. Працаваў галоўным эканамістам саўгаса «Камсамолец» (Дзяржынскі раён), старшынёй СКП «Маяк» (Дзяржынскі раён), дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута эканомікі і інфармацыі аграпрамысловага комплексу, гендырэктарам ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». У 1999—2002 быў начальнікам Галоўнага ўпраўлення эканомікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, у 2002—2004 — дырэктарам Дэпартамента эканомікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. На пасадзе міністра сельскай гаспадаркі і харчавання прапрацаваў з красавіка 2008. 7 чэрвеня прызначаны чальцом Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.

Крыху пра асабістае

Сямён Шапіра ў маладосці хацеў стаць журналістам. Нават хадзіў у спецыяльны гурток. Але пасля публікацыі ў газеце «Чырвоная змена», якая выйшла не зусім у аўтарскім варыянце, перадумаў.

У моладзевым асяродку напярэдадні фестывалю нацыянальных культур з’явіліся чуткі, што новы кіраўнік вобласці запрашаў на свята польскіх рокераў — гурт «Лэдзі панк». Аказалася, што гэта няпраўда. Як высветлілася, Сямён Барысавіч аддае перавагу мелодыям савецкай эстрады — песням Клаўдзіі Шульжэнка, Валянціны Талкуновай, Ганны Герман.

Старшыня аблвыканкама пакуль пераехаў з Мінску ў Гродна адзін, сям’я засталася ў сталіцы. Але расказаў пра тое, што як толькі малодшая дачка даведалася аб прызначэнні бацькі ў Гродна, адразу пагадзілася на пераезд. Як толькі сын, які ў гэтым годзе скончыў школу, здасць усе экзамены, сям’я пераедзе.

Пытанне «Вячоркі»

У Гродзенскім рэгіёне была пабудаваная першая ў Беларусі ветка чыгункі. У 1862 годзе яна звязала Гродна з мястэчкам Парэчча, затым з літоўскімі Друскенікамі. Цяпер з Гродна ў Літву не з’ехаць. Чаму чыгунка ў нас у вобласці слаба развіваецца? На сённяшні дзень гэта адзіная вобласць, дзе няма ніводнага аддзялення Беларускай чыгункі. Раней цягнікі хадзілі ў Варшаву, Берлін, Санкт-Пецярбург. Цяпер гэтага няма. Што плануецца зрабіць у гэтым кірунку?

— Гэта няпростае пытанне, яно не вырашаецца толькі маім жаданнем. Пагутарыў з міністрамі, будзем выпрацоўваць планы. «Гуляе» пакуль і наш аэрапорт, там адзін самалёт лётае і пара кукурузнікаў. Расійцы прапануюць зрабіць на ім стаянку самалётаў, у Шарамецьева гэта вельмі дорага. Трэба рэанімаваць і чыгунку, і авіяцыю. Абяцаць — самае простае, але потым будзе сорамна, калі зрабіць нічога не атрымаецца.

Напрыканцы…

Новы губернатар быў адкрыты для розных пытанняў, не абыходзіў вострых тэмаў, шчыра дзяліўся сваімі назіраннямі, дзякаваў журналістам і заклікаў да аб’ектыўнасці, некаторыя пытанні ўспрымаў з гумарам. Мякка паўшчуваў тых рэдактараў газет, якія ставяць яго партрэты на першыя палосы… нагадаўшы ім пра тое, што яшчэ і зрабіць нічога не паспеў, за што можна было б усхваляць.

Поделиться ссылкой: