“Калі я сыходзіў у 2006 годзе, сытуацыя складвалася такім чынам, што ўжо не было ніякага кроку наперад. Гэта не па мне. Таму я адышоў ад гэтых спраў. Не адчуваю ніякага дыскамфорту. Хаця мае некаторыя сябры казалі, што пакутавалі, калі выпадалі з гэтай так званай элітнай абоймы. Колькі людзей пасьпіваліся ў выніку…” 

Генадзь Быкаў тры гады працуе рабочым у фірме і лічыць, што займаецца сваёй справай.

Быкаў: “Прапанова РЭП – заняцца арганізацыйнай працай. Гэта сур’ёзная праца ў кожным прафсаюзе. Але, па-першае, прафсаюзы даўно ў Беларусі не развіваюцца. Ёсць адзінкі арганізацый, якіх зарэгістравалі. Практычна не рэгіструюцца пярвічныя арганізацыі. Да 2000 году ў Свабодным прафсаюзе было каля 200 пярвічных арганізацый. Пік прыпаў на 1995 год пасьля забастоўкі на метрапалітэне. Штогод колькасьць падвойвалася. Было 10 000 чалавек. У 1998-99 пачалі патрабаваць юрыдычны адрас і г.д. А потым кантрактная сыстэма кардынальна зьмяніла сітуацыю. Але свет дагэтуль не знайшоў больш простага сродку абароны працоўнага чалавека: альбо ты сам, альбо прафсаюзная арганізацыя.

Карэспандэнтка: “Чым выклікана прапанова вярнуць Вас у прафсаюз?”

Быкаў: “Прафсаюз РЭП уваходзіў у Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Спатрэбіўся мой 15-гадовы досьвед. Я быў сярод стваральнікаў, працаваў, пакуль Аляксандр Рыгоравіч не пачаў нас вынішчаць.

На сёньняшні дзень самы трывалы Салігорскі прафсаюз гарнякоў. Іх моцна бамбілі. Але яны трымаюцца”.

Карэспандэнтка: “Якія пэрспэктывы чакаюць прафсаюзы?”

Быкаў: “Мы бачым чаго дабіваецца Расея. Хоча маёмасьці – нафтаперапрацоўка, трубы… Усе смачныя кавалкі. Хоць і прыйдуць дэмакраты, да якіх я сам належу, але ж я ведаю нашых людзей. Таксама пачнецца праблема з уласнасцю. Пачнецца прыватызацыя. Хто стане ўласнікам, за якія грошы? Што ад гэтага атрымаюць беларусы? Шмат яны атрымалі за ваўчары, за якія ім Аляксандр Рыгоравіч паказаў дулю? Сказаў: “Ідзіце і бярыце жалезабетонны завод, які ўжо развалены. А тое, што каштоўнае, калі ласка, за грошы”. Пры тым, што людзі там адпрацавалі ўсё жыццё. У Польшчы “Салідарнасць” патрабавала, каб рабочым, якія ўклалі сваю працу, таксама быў хлеб, але з маслам. У Беларусі такой арганізацыі няма. Хацелася б, каб на большасці беларускіх прадпрыемстваў былі б групы людзей, з якімі б працавалі, і, якія б, калі зьменіцца сітуацыя хутка змаглі б пераўтварыцца ў паўнавартасныя пярвічныя арганізацыі”.

Карэспандэнтка: “Дык прымеце прапанову?”

Быкаў: “Калі я ўбачу, што будзе магчымасьць працаваць у гэтым накірунку, то пайду. А сядзельцам я ніколі ня буду. Лепш буду займацца ўнукамі”.

Карэспандэнтка: “Прафсаюз РЭП ёсьць. А як з прадпрыемствамі ў гэтай галіне?”

Быкаў: “Ну, калі так будзе адбывацца й надалей, то праз 5 гадоў будуць стаяць карпусы з выбітым шклом. Даваліся субсідыі, але ўсе грошы зьелі заробкі. Па іншаму й быць не магло, бо канкурыраваць нам з Японіяй, ці Тайванем не выпадала. Калі б у 90-х гадах прыйшлі інвэстары, то ў нас бы на той жа “Электроніцы” працавала б не 5 000 чалавек, а 3 000. Але гэта быў бы сучасны завод. А цяпер усё ў заняпадзе”.

Карэспандэнтка: “Прафсаюзы сёньня ня могуць абараніць працоўнага чалавека. Якое выйсьці?

Быкаў: “Яму могуць дапамагчы матэрыяльна крыху, але дабіцца ў сістэме, дзе няма незалежнага суду вельмі складана. Але сітуацыя пачынае мяняцца. Я сам рабочы і бачу гэта. Быў перыяд, калі людзі атрымлівалі незаробленыя грошы. Людзі зараблялі максімум 300 рублёў, а атрымлівалі па 700. Гэта ўсіх тады задавальняла – адміністрацыю і рабочых. Паўстала пытаньне, што жыць трэба па сродках. Гэта зразумелі й рабочыя і каманда Аляксандра Рыгоравіча. Асабліва, калі ўлічыць стасункі з Расіяй. Ім кажуць: “Альбо пойдзеце ў халопы і будзеце як бы намесьнікамі ў Беларусі, і ўсё будзе належыць нам, альбо бутэрброд будзе не з ікрой, а з лівэрнай каўбасой. Але гэты перыяд трэба пражыць. Якое рашэньне прыме Лукашэнка, мне цяжка сказаць, бо ён знаходзіцца ў складанай сытуацыі. Правільны ход гэта, каб краіна засталася незалежнай. Лепш нам разбірацца з ім унутры краіны, чым з ім і з намі будзе разьбірацца рускі барын”.

Поделиться ссылкой: