16 чэрвеня «Газпром» накіраваў лісты генеральнаму дырэктару ААТ «Белтрансгаз» Уладзіміру Маёраву і першаму намесніку прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміру Сямашку, у якіх папярэдзіў пра магчымае абмежаванне паставак у адпаведнасці з кантрактам, паведамляе РІА Новости са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка расійскага газавага холдынгу Сяргея Купрыянава.

Кіраўніцтва «Газпрома» адзначае, што ў 2010 годзе «Белтрансгаз» сістэматычна парушае ўмовы кантракта ад 31 снежня 2006 года, і прапануе прыняць вычарпальныя меры па пагашэнні запазычанасці да 21 чэрвеня. У адваротным выпадку «Газпром» будзе вымушаны скарыстаць сваё права ўвесці абмежаванні на пастаўку газу ў адпаведнасці з пунктам 6.4 кантракта, сказаў Купрыянаў.

Ён падкрэсліў, што ў кантракце няма спасылак на дынаміку ўнутраных цэн на газ у РФ. «У дзейным кантракце няма ніякіх спасылак на тэмпы і дынаміку змены ўнутраных цэн на газ у Расіі, і калі беларускія калегі маюць намер ініцыяваць перамовы па гэтым пытанні, яны могуць гэта зрабіць у рамках адпаведных міжурадавых інстытутаў, але дзейны кантракт пры гэтым павінны выконваць у поўным аб’ёме», — заявіў прадстаўнік «Газпрома».

15 чэрвеня на сустрэчы ў Горках з кіраўніком ААТ «Газпром» Аляксеем Мілерам прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў,
што Мінску даецца пяць дзён, каб вызначыцца з выплатай доўгу за расійскі газ.

«У адпаведнасці з умовамі кантракта ў нас ёсць усе падставы скараціць аб’ём пастаўкі газу ў Беларусь прапарцыянальна запазычанасці перад «Газпромам», — заявіў Мілер на сустрэчы з Мядзведзевым.

«З улікам таго, што мы з Беларуссю ўзаемадзейнічаем у партнёрскім ключы, дадзім пяцідзённы тэрмін для нашых калег для таго, каб яны вызначыліся, як паводзіць сябе далей. Вы выйдзеце на кіраўнікоў адпаведных беларускіх структур, якія гэтым пытаннем займаюцца, і прапануеце ім у самыя кароткія тэрміны пагасіць запазычанасць», — даручыў Мядзведзеў Мілеру.

«Калі гэтага зроблена не будзе, тады давядзецца прымяняць іншыя меры», — сказаў прэзідэнт.

Мядзведзеў адзначыў, што пытанне ліквідацыі запазычанасці беларускага боку перад «Газпромам» ён абмяркоўваў на нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Расійскі прэзідэнт адзначыў, што запазычанасць перад «Газпромам» па разліках за газ сёлета складае прыкладна 200 млн. долараў.

Паводле слоў Аляксея Мілера, Беларусь у аднабаковым парадку працягвае плаціць за газ па цане 2009 года. «Газпром» накіраваў у Мінск два афіцыйныя лісты. «Мы не атрымалі адказ па сутнасці, калі будзе пагашана запазычанасць», — сказаў Мілер.

Я размаўляў з Аляксандрам Рыгоравічам, ён сказаў, што гэта [сітуацыя з запазычанасцю] вызначаецца цяжкім фінансавым становішчам,

але, калі шчыра, зараз усім цяжка, і ў «Газпрома» шмат праблем. Таму, на жаль, гэта недастатковае тлумачэнне», — заявіў Мядзведзеў.

Як лічыць кіраўнік «Газпрома», у Беларусі ёсць сродкі для выплаты доўгу. Мілер паведаміў, што аб’ём набытых акцый «Белтрансгаза» на 2,5 млрд. долараў быў накіраваны «на кампенсацыю павышэння цаны на газ».

«Газпром» сёлета поўнасцю аплаціў 50-працэнтную долю «Белтрансгаза», і сёлета быў аплачаны апошні транш у памеры 12,5% на суму 625 млн. долараў», — сказаў Мілер.

11 чэрвеня ў Маскве Лукашэнка правёў сустрэчы з Мядзведзевым і старшынёй урада Расіі Уладзімірам Пуціным. Пра вынікі перамоў нічога не паведамлялася.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»