Былы вайсковец з Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка пераведзены з Менскага сьледчага ізалятара ў калёнію пад Івацэвічамі для адбыцьця пакараньня. Сваякі чакалі, што Ўладзімера Асіпенку вызваляць датэрмінова паводле амністыі, але амністыі вязьню давядзецца чакаць ў калёніі. Распавяла дачка вязьня Людміла Асіпенка. 
ніякіх камэнтароў даваць ня буду, бо баюся пашкодзіць яму …

“У нас дрэнныя навіны. Тату адправілі ў калёнію, 5-га чэрвеня, ў суботу. Пра гэта мы даведаліся толькі ўчора. Таму ніякіх камэнтароў даваць ня буду, бо баюся пашкодзіць яму. Мы па-ранейшаму чакаем амністыі.”

Калёнія № 22, ў якую патрапіў Уладзімер Асіпенка, знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне каля пасёлку Воўчыі норы. Лістоў адтуль Асіпенка яшчэ не дасылаў, пэўны час ён знаходзіцца ў карантыне.

А вось Мікалай Аўтуховіч, пра якога былі зьвесткі, што яго накіруюць менавіта ў гэтую калёнію, Воўчыі норы, дагэтуль знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары. Гэта пацьвердзіў адвакат Павал Сапелка, які бачыўся з вязьнем на гэтым тыдні. Чаму Аўтуховіча не пераводзяць у калёнію?

Праваабаронца Алег Воўчак зьвязвае гэта са станам здароўя Мікалая Аўтуховіча, якому патрэбнае пратэзаваньне зубоў, што магчыма зрабіць толькі ў Менску. Аднак і да лячэньня Аўтуховіча справа чамусьці не даходзіць.

Алег Воўчак
“Для яго зараз самае галоўнае на юрыдычныя ўсе гэтыя пытаньні, а захаваць зубы. І ў яго уражаньне, што ягоныя скаргі з калёніі не даходзяць у дэпартамэнт выкананьня пакараньня, дзе мусяць прымаць рашэньне пра ягонае лячэньне. Ідуць фармальныя адказы, што быццам такое не прадугледжвалася, і што дорага. Таму мы тут вырашылі зьбіраць грошы і перасылаць яму на лячэньне ў ізалятар, бо тэрмінова трэба нешта рабіць, у яго стан усё горшы. Як ён перадаў, дайшло да таго, што трэба устаўляць імплантанты. Бо усё, што ў яго заставалася, ужо не прыдатнае”.

Мікалая Аўтуховіча трымаюць за кратамі ў сьледчым ізалятары з лютага мінулага году. Год таму ён трымаў галодоўку пратэсту, якая цягнулася болей за 2 месяцы. У выніку той галадоўкі вязень згубіў болей за 20 кіляграм.

Як кажа Алег Воўчак, Мікалай Аўтуховіч настойвае на тэрміновым лячэньні ў Менску і папярэджвае, што зноў пачне галадоўку, калі ягоныя патрабаваньне не выканаюць. Сваю настойлівасьць Аўтуховіч тлумачыць тым, што калі яго перавядуць ў калёнію, для лячэньня яго зноў прыйдзецца перавозіць у Менск, што запатрабуе дадатковага часу.

Сваякі прадпрымальніка, актывіста АГП Андрэя Бандарэнкі, які адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі скардзяцца на тое, што не атрымалі з Менскага гарадзкога суду патрэбных дакумэнтаў, на падставе якіх магчыма скласьці канчатковую скаргу на прысуд.

“Справу з гарадзкога суду яшчэ не перадалі. А ў яго быццам бы там усё ў норме”, — кажа сястра вязьня Ірына Бандарэнка.

Поделиться ссылкой: