Палата прадстаўнікоў раней ратыфікавала 21 дакумэнт па Мытным саюзе. Аднак гэта яшчэ ня поўны пакет усіх дакумэнтаў.

8 чэрвеня ж віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў паведаміў, што Беларусь будзе весьці дадатковыя перамовы з Расеяй і Казахстанам на прадмет падпісаньня дакумэнтаў Мытнага саюзу.

Фармальна Мытны саюз пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2010 году. Аднак казаць пра паўнавартасны саюз і адзіную мытную тэрыторыю трох краін можна будзе толькі пасьля таго, як пачне дзейнічаць агульны Мытны кодэкс.

Меркавалася, што ён запрацуе з 1 ліпеня. Аднак Беларусь, незадаволеная экспартным мытам на расейскую нафту, пакуль разьлічвае на дадатковыя перамовы. На гэта прэм’еры Казахстану і Расеі заявілі, што Мытны кодэкс пачне дзейнічаць з 1 ліпеня. А Беларусь можа далучыцца да яго пасьля.

1 чэрвеня падчас сустрэчы зь першым намесьнікам кіраўніка ўраду Расеі Ігарам Шувалавым Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая пайсьці на саступкі па двух-трох праблемных пытаньнях.