26 траўня Шынкевіча адправілі ў адстаўку з пасады адказнага прадстаўніка Беларускай праваслаўнай царквы ў справах сувязяў са СМІ.

Раней, 25 траўня, Аляксей Шынкевіч заявіў, што Філарэт можа сысьці ў адстаўку: «Паводле Статуту РПЦ любы архірэй, які дасягнуў 75-гадовага ўзросту, абавязаны падаць на імя Патрыярха прашэньне аб сыходзе з пасады на спачын. Патрыярх, з улікам думкі Сьвятога Сыноду, мае права гэтае прашэньне прыняць альбо адхіліць. У бліжэйшыя дні гэтае пытаньне будзе вырашацца на пасяджэньні Сыноду», — патлумачыў тады Шынкевіч.

Шынкевіч падае сваю вэрсію, чаму яго пазбавілі пасады: «Мне зрабілі апэрацыю на сэрца, і я прасіў Мітрапаліта, каб мяне вызвалілі ад такой няпростай пасады. А па-другое, бываюць розныя сытуацыі ў жыцьці. Гэта пасада нялёгкая, тым больш для сьвятара. Яна дабрачынная: я працаваў выключна для карысьці царквы, а ня дзеля заробку».

«Пасаду, ад якой архімандрыт Аляксій вызвалены, выключае ўсялякую эксцэнтрычнасьць і прадугледжвае строгую дысцыпліну: зьнешнюю — то бок у стасунках з вышэйшым кіраўніцтвам і з навакольнымі людзьмі, і ўнутраную — накіраваную на самога сябе, на сваё сумленьне і асабістую адказнасьць перад Богам (…) Айцец Аляксій зь цягам часу пачаў успрымаць гэтую адказнасьць як нейкі карт-блянш, як поўную свабоду ў выказваньні сваіх асабістых меркаваньняў з вышыні свайго службовага становішча (…) Мы сталі атрымліваць скаргі ад пішучай браціі і ад дзеячаў тэлебачаньня на тое, што наш адказны вельмі свавольны, зважае на асобы і працуе толькі з тымі, каго абірае на ўласны погляд», — заявіў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт ў інтэрвію Інтэрфаксу.

Аляксей Шынкевіч кажа, што ня чуў пра такія выказваньні Філарэта. Шынкевіч адмовіўся пракамэнтаваць іх.

Ён дадаў: «Я ўсе гэтыя дзесяць год нёс паслушэнства вельмі адказна, і да мяне з боку мітрапаліта ніколі не было ніякіх прэтэнзій і крытычных заўваг».



Архімандрыт Аляксій (Аляксей Шынкевіч) нарадзіўся ў 1956 годзе ў Беларусі. У 1985 годзе скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. З 1992 па 1998 год — галоўны рэдактар газэты Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы «Царкоўнае слова». З 1998 году — прадстаўнік Маскоўскага патрыярха ў горадзе Таронта (Канада). З 2002 году працуе ў Беларускім Экзархаце. У 2005 годзе айцец Аляксій узнагароджаны прэміяй «За духоўнае адраджэньне». Чытае ў багаслоўскіх навучальных установах курс «Асновы праваслаўнай этыкі». Да чэрвеня 2010 году быў адказным прадстаўніком Беларускай праваслаўнай царквы ў справах сувязяў са СМІ.