«Альбом, пра які мы марылі яшчэ ў студэнцкія часы, нарэшце гатовы. Намаганьняў і часу, якія былі ўкладзеныя ў яго стварэньне, камусьці магло б хапіць і на два з паловай альбомы, — распавядае пра працу адзін зь лідэраў гурта Зьміцер Язьвінскі. —  Усе гукі, гармоніі і мэлёдыі, якія нараджаюцца ў нашых галовах, складана было рэалізаваць раней — спатрэбілася шмат часу, каб тэхнічна дарасьці да гатоўнасьці запісаць альбом. Аднак і не адкладаем прэзэнтацыю на восень — няхай песьні слухаюцца ўжо ўлетку».

У лірыцы гурта пераважаюць тэмы прыроды, гарадоў, геаграфіі і чалавечых пачуцьцяў, але й прысутнічае дастаткова месца весялосьці і адрыву. Песьні пішуцца Зьмітром Язьвінскім і Дзянісам Філіпенкам, якія стварылі гурт, калі навучаліся ў пэдунівэрсытэце на факультэце прыродазнаўства.

Пачынаў гурт з акустыкі, а ў 2007 годзе пачаў выступаць з электрычнай праграмай, пакінуўшы акустыку ў фармаце unplugged. Год таму Rahis прэзэнтаваў сваю першую студыйную працу — максі-сынгл «Празь Сеціва», песьні зь якога таксама ўвайшлі ў першы альбом.

«Альбом атрымаўся слаёны, у яго трапілі як старыя песьні, якія мы пісалі, калі былі студэнтамі, у эру пэйджэраў, так і новыя. Большасьць песень — як гуркі ў слоіку марынаваліся і чакалі, пакуль іх пададуць да стала. Увесь гэты час пісаліся і новыя песьні. Частку зь іх мы запісалі ў „Сшытак“, іншыя чакаюць другога і трэцяга альбому. Так што ў беларускім музычным андэграўндзе мы надоўга:)», — запэўніваюць музыкі Rahis.

Публікацыя «Сшытку з тэкстамі ў малюнках» на дысках і канцэртная прэзэнтацыя заплянаваныя на восень. А інтэрнэт-прэзэнтацыя пачалася ўжо зараз — усе трэкі з альбому дасяжныя для вольнага спампоўваньня з сайту гурта па адрасе rahis.generation.by.